Крупнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бутэлька польскага крупніку

Кру́пнік — старадаўні алькагольны напой, накшталт лікёру, са сьпірту (ці акавіты), мёду і спэцыяў (цынамон, ваніль, гвазьдзікі, імбір і мускатны арэх). Вядомы ў Польшчы і ВКЛ з XVIII стагодзьдзя, быў у пэўным сэнсе канкурэнтам нямецкага пуншу. Традыцыйна крупнік падавалі гарачым у малых фарфоравых філіжанках, але ў менш фармальных умовах пілі і са шкляніц, або нават з драўляных ці цыновых лыжак. Існаваў рытуал «паленьня» крупніку — усе інгрэдыенты складваліся ў вялікую гліняную місу і падпальваліся; паступова палаючая сумесь набірала цёмнаянтарны колер і спэцыфічны карэнны водар; па знаку гаспадыні ўсе сабраныя адначасова дзьмулі на полымя, каб яго згасіць. Майстэрства прыгатаваньня крупніку лічылася ў XIX стагодзьдзі неабходнай вартасьцю гаспадыні шляхецкага дому, да некаторых майстрыняў госьці зьязджаліся адмыслова дзеля гэтай нагоды з акругі радыюсам 80 км. Асабліва славіліся крупнікі з Коўна. У ВКЛ таксама былі папулярнымі фруктовыя крупнікі, у якія дадаваліся малінавы або вішнёвы сокі, журавіны і г. д. У наш час крупнік вырабляецца прамыслова ў Польшчы і Літве.

Рэцэпт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 л сьпірту, 1 кг мёду, 1 л вады. Дадаткі: 1 галінка цынамону, 1 мускатны арэх, 6 гвазьдзікоў, 2 карані імбіру, 1 галінка ванілі, кавалак апэльсінавай скуркі. (Можна таксама ўжываць сушаныя кветкі ружы, руты, ягады ядлоўцу і г. д.) Дадаткі зварыць з паловай вады (без апэльсінавай скуркі, якую ўкінуць за хвіліну да канца варкі) ў высокім рондлі са шчыльным вечкам (найлепей у скараварцы), каля 10 хвілін. Мёд зварыць з рэштай вады і дадаць адвар са спэцыяў. Зьмяшаць са сьпіртам, трымаючы далёка ад агню. Далей не варыць, толькі даліць гарачай вады да агульнага аб’ёму 1 л. Пакінуць на некалькі дзён адстаяцца. Чым долей вытрымліваецца крупнік (рэкамэндуецца 3 — 6 месяцаў), тым больш празрыстым і прыемным на смак ён робіцца. Падаваць гарачым або халодным.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»