Куцьця

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Куцьця зь зерня пшаніцы з разынкамі

Куцьця́ або коліва (па-ўкраінску: кутя́) — традыцыйная рытуальная страва беларускай, жмудзінскай, польскай, расейскай і ўкраінскай кухняў; каша з тоўчаных крупаў зь мёдам.

Рытуальнае значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва ўсходніх славянаў і палякаў на Каляды ад Нараджэньня Хрыстова да Вадохрышча спраўляліся тры куцьці:

У час абрадавае вячэры куцьцю спажывалі апошняй.

Апроч каляднага пэрыяду, куцьцю гатуюць на гадавыя памінальныя дні (Дзяды, Радаўніца) і памінкі. Яе носяць для асьвячэньня ў царкву і на могілкі; ядуць самі і раздаюць суседзям і жабракам на ўспамін душы спачылага. Звычайна куцьцю ядуць на пачатку трапэзы (або ў канцы), пакідаюць на ноч на стале «для душаў памерлых».

Куцьцю таксама бласлаўляюць у царкве і падаюць на стол у пятніцу першага тыдня Вялікага посту ў памяць цуда вялікамучаніка Тэадора Тырона, які, зьявіўшыся ў гэты дзень у 362 року ў сьне канстантынопальскаму архіяпіскапу Яўдоксію, папярэдзіў пра апаскуджаньне ежы на рынках ідалаахвярнай крывёю.

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна куцьцю вараць з цэлых зёрнаў пшаніцы (радзей ячменю або іншых крупаў), паліваюць мёдам ці цукрам, часам з даданьнем разынак, арэхаў, малака, сочыва. Да куцьці можна падаваць асобнае поснае малако, якое гатуюць з маку, грэцкіх ці лясных арэхаў, або зь мігдалаў.

У Беларусі часьцей за ўсё куцьцю гатуюць не з пшаніцы, а зь ячнае крупы[1] ці рысу. Шырока распаўсюджана куцьця з дадаткам маку, але бязь мёду і арэхаў.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Белы (22 сьнежня 2007) Куцьця. Наша НіваПраверана 3 студзеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]