Латвэнэрга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Латвэнэрга»
Тып акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 22 сьнежня 1939 (84 гады таму)
Заснавальнікі Карліс Улманіс
Уласьнікі Ministry of Economics[d]
Краіна
Разьмяшчэньне Рыга (Латвія)
Ключавыя фігуры Арыс Жыгурс, Андрыс Азалінш
Галіна энэргетыка
Прадукцыя цяпло, электраэнэргія
Абарачэньне 932 млн эўра (2016 г.)
Апэрацыйны прыбытак 161 млн эўра (2016 г.)
Чысты прыбытак 131 млн эўра (2016 г.)[2]
Лік супрацоўнікаў 4131 (2017 г.)
Матчына кампанія Міністэрства эканомікі Латвіі
Даччыныя кампаніі ТАА «Ліепайская энэргія» (51%), «Электрум Летувы», «Электрум Эстоніі»
Аўдытар ТАА «Эрнст і Янг Балтыі» (Рыга)[3]

«Латвэнэрга»[4] (лат. Latvenergo) — дзяржаўнае энэргетычнае прадпрыемства Латвіі, заснаванае ў сьнежні 1939 году ў Рызе. Галаўное прадпрыемства месьціцца ў Рызе па вул. Пулквежа Брыежа, д. 12. За 2016 год прадпрыемства прадало 7580 гігават·гадзіна электраэнэргіі, зь якіх вырабіла 4707 гігават·гадзіна (62%), і 2675 гігават·гадзіна цеплаэнэргіі. Пакупнікамі выступілі 855 тысячаў гаспадарак, якія складалі 30% рынка ў краінах Балтыі. Пагатоў усталяваная электрычная магутнасьць «Латвэнэрга» складала 3564 мэгават, цеплавая — 1842 мэгават. На прадпрыемства прыпала 90% вытворчасьці электраэнэргіі ў Латвіі, якой забясьпечылі звыш паловы патрэбаў краіны.

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2017 год «Латвэнэрга» улучала:

  • 3 гідраэлектрастанцыі на Дзьвіне, якія ў 2015 годзе вырабілі 1805 гігават·гадзіна электраэнэргіі (47% вытворчасьці прадпрыемства) — Плявінская (з 1965 г.; 1022 гігават·гадзіна пры магутнасьці 893,5 мэгават), Кегумская (з 1939 г.; 350 гігават·гадзіна пры магутнасьці 264 мэгават) і Рыская (з 1974 г.; 433 гігават·гадзіна пры магутнасьці 402 мэгават);
  • 2 цеплаэлектрастанцыі (ЦЭС) ў Рызе, якія ў 2015 годзе вырабілі вырабілі 2025 гігават·гадзіна электраэнэргіі (52% вытворчасьці прадпрыемства) і 2175 гігават·гадзіна цяпла — Рыская цеплаэлектрацэнтраль-1 (Рыская ЦЭЦ-1; з 1960 г., 2 газавыя турбіны, 1 паравая турбіна і 3 воданагравальныя катлы) мела 144 мэгават электрычнай магутнасьці і 493 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці ды вырабіла ў 2015 г. 464 гігават·гадзіна электраэнэргіі і 978 гігават·гадзіна цяпла, Рыская ЦЭЦ-2 (з 1973 г.; 2 газавыя турбіны і 5 воданагравальных катлоў) мела 832 мэгават электрычнай магутнасьці і 1124 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці ды вырабіла ў 2015 г. 1561 гігават·гадзіна электраэнэргіі і 1197 гігават·гадзіна цяпла[5];
  • ТАА «Ліепайская энэргія» (51% акцыяў) мела 223 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці, у тым ліку 40 мэгават·гадзіна ад спаленьня драўняных трэсак, і 6 мэгават электрычнай магутнасьці — у 2015 г. вырабіла 229 мэгават·гадзіна цяпла і 48 мэгават·гадзіна электраэнэргіі;
  • малыя станцыі — 2 электрастанцыі, Айнаская ветравая (1 мэгават) і Айвексцкая ГЭС (0,8 мэгават), якія ў 2015 г. далі 3 гігават·гадзіна электраэнэргіі (0,1%), і Кегумскі воданагравальны кацёл на драўняных трэсках (4 мэгават цяпла), які ў 2015 г. даў 4 гігават·гадзіна цяпла.

У лік даччыных прадпрыемстваў АТ «Латвэнэрга» ўваходзілі:

  • АТ «Разьмеркавальныя сеткі», АТ «Латвійскія электрычныя сеткі»;
  • ТАА «Электрум Латвіі», ТАА «Электрум Летувы» і АТ «Электрум Эстоніі»;
  • АТ «Грамадзкі гандляр энэргіяй»;
  • ТАА «Ліепайская энэргія» (51%)[6].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 сьнежня 1939 году прэзыдэнт Латвіі Карліс Улманіс (1936—1940) падпісаў пастанову аб заснаваньні дзяржаўнага электрычнага прадпрыемства «Кегумс» на аснове пушчанай у кастрычніку Кегумскай гідраэлектрастацыі (ГЭС) на Дзьвіне. У 1940 годзе Кегумская ГЭС вырабіла 77% электраэнэргіі ў Латвіі. Адначасна правялі электрычнасьць у больш як 6000 сялянскіх гаспадарак. У пачатку 1941 году ў Латвійскай ССР прадпрыемства пераўтварылі ў Кіраўніцтва энэргетычнымі прадпрыемствамі «Латэнэрга» пры Народным камісарыяце мясцовай прамысловасьці ЛССР. У 2-й палове 1941 г., падчас Нямецка-савецкай вайны, нямецкія акупацыйныя ўлады ўтварылі Ўсходнезямельнае таварыства пастаўкі энэргіі. Цягам 1943 году пабудавалі Броцэнскую падстанцыю і электралінію Елгава-Ліепая напругай 88 кілявольт. У 1946 г. аднавілі Рыскую электрастанцыю на Андрэеўскай высьпе.

У 1955 годзе запусьцілі Рыскую цеплаэлектрацэнтраль-1 (ЦЭЦ-1), 2-ю чаргу якой закончылі ў 1959 годзе з давядзеньнем электрычнай магутнасьці да 129 мэгават. У 1960 г. лініі электраперадачаў на 88 кілявольт перабудавалі на напругу ў 110 кілявольт. У 1961 годзе ў Рызе адчынілі Аб’яднанае дыспэтчарскае кіраўніцтва паўночна-заходняй энэргасыстэмай СССР. У 1963 г. да адзінай электрасетк Латвійскай ССР падлучылі ўсе цэнтры сельсаветаў, калгаспаў і саўгаспаў. У 1965 годзе запусьцілі першыя 5 гідраагрэгатаў Плявінскай ГЭС (Айзкраўкльскі край) на Дзьвіне, якая дасягнула задуманай магутнасьці ў 825 мэгават у 1966 годзе з 10 гідраагрэгатамі. У лістападзе 1974 г. запусьцілі 1-ы гідраагрэгат Рыскай ГЭС, магутнасьць якой у 1979 г. давялі да 402 мэгават[7].

У 1979 г. на поўную магутнасьць у 390 мэгават запусьцілі Рыскую ЦЭЦ-2. Адначасна запрацавала Кегумскуя ГЭС-2 магутнасьцю 192 мэгават. У 1989 г. стварылі вытворчае аб’яднаньне «Латвэнэрга». У 1992 годзе ў Рызе адчынілі ўзгадняльны дыспэтчарскі асяродак Аб’яднаньня энэргетычных сыстэмаў краінаў Балтыі. У 1993 г. «Латвэнэрга» прынялі ў Міжнародную раду вялікіх электрасетак (Парыж, Францыя). На той час «Латвэнэрга» налічвала 118 падстанцыяў высокай напругі і валодала электрасеткай даўжынёй звыш 94 000 км. У 1994 г. «Латвэнэрга» ўступіла ў Міжнародны зьвяз вытворцаў і разьмеркавальнікаў электраэнэргіі (МЗВРЭ; Парыж). У 1996 г. сярэднюю напругу электрасеткі ў Рызе пераключылі з 6 кілявольт на 10 кілявольт. У 2005 г. стварылі даччынае прадпрыемства «Сетка высокай напругі». У 2007 годзе ў Эстоніі, а ў 2008 годзе ў Летува адчынілі даччыныя ТАА «Латвэнэрга Гандаль».

У 2009 г. адчынілі 1-ы перабудаваны энэргаблёк Рыскай ЦЭЦ-2, магутнасьць якой вырасла да 662 мэгават электраэнэргіі і 1347 мэгават·гадзіна цяпла. У 2011 г. прадалі звыш 7 тэрават·гадзіна электраэнэргіі, зь якіх 57% вырабілі з узнаўляльных крыніцаў. У 2012 г. дзель на рынках краінаў Балтыі склала 32%.

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://search.gleif.org/#/search/fulltextFilterId=LEIREC_FULLTEXT&simpleFilters%5Bentity.addresses.country%5D=LVGlobal Legal Entity Identifier Foundation.
  2. ^ Паказьнікі выніковасьці (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
  3. ^ Справаздача АТ «Латвэнэрга» за 2016 год (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 18 красавіка 2017 г. Праверана 15 траўня 2017 г.
  4. ^ З 1 лютага Беларусь адмовілася ад расейскай электраэнэргіі // Радыё «Свабода», 2 лютага 2004 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
  5. ^ Рыскія цеплаэлектрастанцыі (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
  6. ^ Арганізацыйная будова кіраваньня канцэрнам «Латвэнэрга» (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
  7. ^ Мінуўшчына (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]