Лучоская нізіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лучоская нізіна — нізіна на паўночным усходзе Беларусі, у Віцебскім, Лёзьненскім, Дубровенскім, Аршанскім і Сеньненскім раёнах Віцебскай вобласьці. Працягласьць з поўначы на поўдзень 50 км, з захаду на ўсход 50—60 км. Вышыня над узроўнем мора 155—175 м.

Паверхня нізіны палогая, месцамі плоская, падзеленая далінамі рэчак, латочынамі сьцёку і катлавінамі. Адносныя вышыні да 3 м. Раўніннасьць рэльефу парушаюць азёрныя катлавіны, марэнныя ўзгоркі, камы, озы, выдмы.

Рачная сетка належыць пераважна да басэйну Дзьвіны. Асноўная рака — Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на поўдні працякае Аршыца (прыток ракі Дняпро). Даліна Лучосы і яе скразныя дзялянкі выкарыстоўваліся як валокі на водным шляху ад Дзьвіны да Дняпра (З варагаў у грэкі). Азёры: Арэхаўскае, Серакаротня, Дзявінскае, Казённае, Зяленскае, Скрыдлева, Кічына, Ардышава і інш.

Пад лесам да 40% тэрыторыі. На поўначы і паўднёвым усходзе пераважаюць буйныя масівы драбналіставых лясоў (барадаўчатабярозавых, шэраалешнікавых і асінавых). Хваёвыя лясы захаваліся ўздоўж Лучосы і Чарніцы, яловыя сустракаюцца невялікімі масівамі. На паўночным захадзе і ў цэнтры нізіны распаўсюджаныя пазаабалонавыя мурожныя лугі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лучесская низменность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.