Лыскаўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Лыскаўскі замак
Лыскаўскі замак, заходні вал
Лыскаўскі замак, заходні вал
Краіна Беларусь
вёска Лыскаў
Каардынаты 52°51′31.55″ пн. ш. 24°38′20.36″ у. д. / 52.8587639° пн. ш. 24.6389889° у. д. / 52.8587639; 24.6389889Каардынаты: 52°51′31.55″ пн. ш. 24°38′20.36″ у. д. / 52.8587639° пн. ш. 24.6389889° у. д. / 52.8587639; 24.6389889
Тып будынка замак
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан рэшткі валоў
Лыскаўскі замак на мапе Беларусі
Лыскаўскі замак
Лыскаўскі замак
Лыскаўскі замак
Лыскаўскі замак на Вікісховішчы

Лы́скаўскі за́мак — помнік гісторыі і архітэктуры XV—XVII стагодзьдзяў ў Лыскаве. Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад колішняга мястэчка, ва ўрочышчы Гарадзішчы, на правым беразе ракі Мухі (Шчыбы). Захаваліся рэшткі былых умацаваньняў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVI ст. Лыскаў быў вялікакняскім сталовым уладаньнем і ўваходзіў у Ваўкавыскі павет Наваградзкага ваяводзтва. Мяркуюць, што замак у той час мог належаць каралеве і вялікай княгіні Боне Сфорцы[1].

Паводле некаторых меркаваньняў, менавіта ў замку стварылі выдатны помнік летапісаньня «Хроніку Быхаўца»[1].

Замак амаль цалкам зруйнавалі ў Вялікую Паўночную вайну 1700—1721 рокаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XIX ст. фальклярыст Міхал Федароўскі запісаў мясцовую легенду, паводле якой замкам валодала пані Бэня (Бона). Падчас вайны між войскамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы палац разбурылі, а Бэня, ледзьве ўратаваўшыся, пракляла тых, хто ваяваў, і месца, на якім стаяў палац, што прынёс ёй гора. З тае пары, паводле мясцовых жыхароў, уночы на палацавых валах было чуваць енкі і плач, а часам і агонь, які згасаў з набліжэньнем чалавека[1]. У 1706 року каля замку вяліся баявыя дзеяньні, пра што таксама захавалася мясцовае паданьне, запісанае М. Федароўскім. Па бойцы, калі мясцовыя жыхары хавалі забітых, двое зь іх заўважылі на трупе аднаго з жаўнераў дарагі пярсьцёнак і захацелі яго ўзяць. Ня здолеўшы зьняць пярсьцёнак з рукі, папросту адсеклі палец. Доўгі час па гэтым у вёску прыходзіў прывід бяспалага ваяра і трывожыў людзей, пакуль тыя не паклалі косткі ягонага пальца ў магілу[1].

Адным зь першых дасьледаваў замак у XIX стагодзьдзі вядомы расейскі археоляг Фёдар Пакроўскі(lt).

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1970-х роках замак дасьледаваў Міхась Ткачоў. Падчас раскопак выявілі культурны пласт таўшчынёй 40 см, у якім знайлі дробныя фрагмэнты паліванай кафлі, кераміка XV—XVII стагодзьдзяў, кавалкі баразьнянае цэглы з вапнай і глінянай абмазкай, іншыя прадметы. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі.

Паводле праграмы «Замкі Беларусі» ў 2012 року плянавалася ўпарадкаваньне замку, на гэтыя мэты выдзелілі 15 мільёнаў рублёў[2].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Турыстычны знак

Квадратнае ў пляне Замчышча мае памеры 68 на 68 мэтраў. Яго пэрымэтрам разьмяшчаюцца насыпныя валы. Заходні вал захаваўся параўнальна няблага да нашага часу, мае шырыню 10 м, на вяршыні — пляцоўка шырынёй каля 2 м. Пасярэдзіне яе разьмяшчаўся праезд у замак. Захаваўся таксама паўднёвы вал і фрагмэнты ўсходняга. На кутах замчышча стаялі вежыкруглікі» дыямэтрам 8 м (не захаваліся)[3].

Вакол замку праходзіў роў, за якім быў наступны вал вышынёй 1—1,5 м і шырынёй да 4 м (захаваліся з заходняга і паўднёвага бакоў). На адлегласьці 90 мэтраў ад замчышча разьмяшчаўся трэці, дугападобны вал і роў, што атачалі замак з поўначы, захаду і поўдня. Унутры валу месьціўся праезд, ля якога захавалася вежавае ўзвышэньне. На ўсходзе ўмацаваньне замыкалася забалочанымі берагамі ракі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Валы былога каралеўскага замка Радзіма майго духу Праверана 6 лютага 2012 г.
  2. ^ Юрий Рубашевский, Антонина Хокимова, Николай Синкевич, Елена Жук. Где не ступала нога туриста? // Вечерний Брест. — 18 ліпеня 2012.
  3. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 385.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  113В000622