Ляхавіцкі строй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ляхавіцкі строй

Ляхавіцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзеньня Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Ляхавіцкага, Нясвіскага і Клецкага раёнаў.

Жаночае адзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вясельны ўбор маладой. Ляхавіцкі раён. 1905
Жанчыны ў сьвяточным убраньні. Вялікае Падлесьсе Ляхавіцкага раёна. 1920-я гг.

Аснову летняга жаночага касьцюму складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыканьня, якія кампанаваліся ў гарызантальныя шлякі, разьмешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнамэнце амаль адсутнічаў рамбічны і расьлінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсьцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначалася суладзьдзем сакавітых разнаколерных (у вясёлкавай гаме) гарызантальных шлякоў, якія чаргаваліся зь цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерам фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геамэтрычнымі ўзорамі ў чырвона-зялёным калярыце, завязваўся сьпераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на сьпіне.

Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай разнаколернай паперай, сабранай у веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожаньні — пацеркі, тасёмкі, стужкі, абразкі.

Мужчынскае адзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мужчынскае адзеньне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзеньне — сярмяга са складкамі на сьпіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. — С. Ляхавіцкі строй. С. 436.