Ляхаўка (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Галоўная брама стадыёну «Дынама» — пачатак Ляхаўкі

Ляхаўка, Ляхаўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёвай частцы места. Падзялялася на Верхнюю Ляхаўку (трыкутнік паміж вуліцамі Ігуменскай, Вясёлай і Верхнеляхаўскай), Ніжнюю Ляхаўку (вялікі раён на ўсход і паўночны ўсход ад вуліцы Ніжнеляхаўскай, а таксама прырэчная частка вуліцы Вясёлай) і Ляхаўскую Слабодку (некалі гістарычная Ляхаўка, што месьцілася на правым беразе Сьвіслачы — раён колішняй Лодачнай вуліцы)[1].

На паўднёвы захад ад Ляхаўкі пачынаюцца Ўборкі, на поўнач — цэнтральнае Новае Места, на ўсход — Кашары, на поўдзень — Серабранскія Млыны[2][3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Верхняя Ляхаўка, 1930-я рр.

У Менскіх актах XVI ст. упамінаецца сяло Ляхава Лука, што месьцілася на паўднёвай ускраіне места і належала, як і маёнтак Трасьцянец, Менскаму Ўзьнясенскаму манастыру. Назва мае, відаць, этнічнае паходжаньне — калісьці тут жылі «ляхі» (палякі)[1]. Другая частка назвы — «Лука» — сьведчыла пра асаблівасьць ляндшафту, як раз у гэтым месцы Сьвіслач утварае стромкую S-вобразную зьвіліну, г.зн. падвойную «луку». На пляне 1797 року на месцы колішняга сяла зьявілася «Слабада Ляхаўка»[4].

Ніжняя Ляхаўка з боку Сьвіслачы. Дрожджавы завод, 1930-я рр.

Паводле сьведчаньняў падарожніка Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. гэтая мясцовасьць набыла вядомасьць празь Ляхаўскі гай і тамтэйшыя «маёўкі» (травеньскія гуляньні)[5]. Апроч таго, каля Ляхаўскай Слабады, на Сьвіслачы, знаходзіўся адзін з трох вадзяных млыноў места Менску[4].

У канцы XIX ст. у Ляхаўцы пачаў фармавацца прамысловы раён Менску, што тлумачылася зручным разьмяшчэньнем слабады на беразе ракі Сьвіслачы, паблізу чыгункі. Да канца XIX ст. тут склаўся цэлы комплекс прамысловых прадпрыемстваў[6].

На пачатак XX ст. Ляхаўка стала найбольшым прадмесьцем Менску. Значная частка мясцовасьці мела хаатычную драўляную забудову, дзе жылі фабрычныя і чыгуначныя работнікі і рамесьнікі. Многія зь іх мелі невялікія ўласныя сады і агароды. Прадмесьце часткова ўваходзіла ў першую, трэцюю і чацьвертую паліцэйскую частку і ўлучала чатыры Ніжнеляхаўскія вуліцы (цяпер гэта — Кастрычніцкая, Ульянаўская ад Беларускай да Чырвонаармейскай і часткова Індустрыяльная вуліцы), Верхнеляхаўскую (цяпер Беларуская), Ляхаўскую Слабодку (не існуе; былая Лодачная), канец Круглага завулка[7].

12 ліпеня 1934 року ў Ляхаўцы на месцы старых юдэйскіх могілак (закрытыя ў 1883 року) збудавалі стадыён «Дынама».

У 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вуліцаў Кастрычніцкай — Ульянаўскай — Беларускай — ракі Сьвіслачы назвы «Ляхаўскі»[8].

У наш час уздоўж гістарычнай Ніжнеляхаўскай вуліцы знаходзяцца будынкі дарэвалюцыйных заводаў, якія захавалі сваё аўтэнтычнае архітэктурнае аблічча[9] Пра існаваньне некалі найбольшага менскага прадмесьця цяпер сьведчыць Ляхаўскі сквэр.

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжняя Ляхаўка, да 1918 р.
  • Ніжне-Ляхаўская, 5, дом Моніча. Кватэра сябра Менскай арганізацыі РСДРП Н. Цімафеевай, якая вяла прапаганду сярод мескай вучнёўскай моладзі. Цяпер гэта раён вуліцы Ўльянаўскай паміж стадыёнам «Дынама» і 3-яй клінічнай лякарняй.
  • Ніжне-Ляхаўская, 8. Дрожджава-вінакурны завод братоў Ракаўшчыкаў, заснаваны ў 1892 року. Пры заводзе быў паравы млын. Вытворчы працэс ішоў у чатырох аддзяленьнях: заторным, перагонным, дражджавым і прамывачным. У пачатку стагодзьдзя прадпрыемства знаходзілася ў складзе рэгіянальнага манапалістычнага аб’яднаньня. У 1910 року праводзілася значная рэканструкцыя: на заводзе ўсталявалі дынама-машыну, паравую машыну (50 конскіх сілаў), лякамабіль (75 конскіх сілаў) і газагенэратар (25 конскіх сілаў). Паводле кошту сродкаў вытворчасьці завод займаў першае месца сярод усіх тагачасных менскіх прадпрыемстваў і быў адным зь лідэраў у сваім сэгмэнце на тэрыторыі Беларусі. Цяпер стары будынак займае Менскі дражджавы камбінат (Кастрычніцкая, 14).
Дражджавы завод, 1969 р. (?)
  • Ніжне-Ляхаўская, 13. Скарбовы вінны склад. Працаваў з 1898 року. Цяпер у тых памяшканьнях вінна-гарэлачны завод «Крышталь» (Кастрычніцкая, 15).
  • Ніжне-Ляхаўская, 17. Гарбарны завод Л. Суціна, адкрыты ў 1896 року. Праз два рокі тут усталявалі паравы кацёл. Пазьней вытворчасьць трапіла да М. Фрэнкеля, што ў 1904 року збанкрутаваў. Праз два рокі, калі стаў відавочным пэўны ўздым гарбарнай прамысловасьці, завод перайшоў у валоданьне І. Сальмана і ўзнавіў сваю дзейнасьць. У 1909 року праводзілася рэканструкцыя вытворчых працэсаў, зьявіўся паравы кацёл. Завод Сальмана сярод роднасных прадпрыемстваў стаў адным з найбольшых у месьце. На базе яго ў 1927 року ўтварыўся гарбарны завод «Бальшавік» (цяпер знаходзіцца ў вёсцы Гатава Менскага раёну).
Завод Элегія, 1930-я рр.
  • Ніжне-Ляхаўская, 23. Гарбарны завод Л. Мантвялінскага. Узьнік у 1875 року. У 1892—1894 роках не працаваў. Адкрыўся па тым, як суўладальнікам стаў Форын. Спэцыялізаваўся на выпуску сырамятных і падэшвенных скураў. Заводзкі будынак месьціўся ў раёне цяперашняга станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалыцыі (Кастрычніцкая, 16).
Гарбарны завод, 1941—44 рр.
  • Ніжне-Ляхаўская, 24. Гарбарны завод А. Імрота, збудаваны ў 1885 року. У 1891 року ў ім дзейнічаў паравы кацёл. Завод разьмяшчаўся ў драўлянай двухпавярхоўцы. У ніжніх памяшканьнях стаялі чаны для вымочваньня і дубленьня скураў — тут яны ачышчаліся ад мяздры і валасоў. На другім паверсе скуры сушыліся і вырабляліся. Дубленьне ажыцьцяўлялася шляхам, які гаспадары трымалі ў сакрэце. Скуры былі гатовымі ўдвая хутчэй, чым на іншых прадпрыемствах. Гэта абумоўлівала высокія прыбыткі. Пры гарбарнай вытворчасьці існаваў абуткова-нарыхтоўчы аддзел. Сырыя скуры завозілі сюды з Смаленскай, Калускай, Віцебскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай і Курскай губэрняў. У 1904 року ў зьвязку з падаражаньнем сыравіны, выкліканым павелічэньнем экспарту сырых скураў у Амэрыку, рочная вытворчасьць завода на трэць скарацілася. У 1913 року тут было два рухавікі магутнасьцю 30 конскіх сілаў кожны. На месцы таго прадпрыемства цяпер узвышаецца новы корпус станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (Кастрычніцкая, 16).
  • Ніжняя Ляхаўка. Гарбарны завод Б. М. Ланэ. Пачаў дзейнічаць у 1891 року. Спэцыялізаваўся на вытворчасьці лайкі з авечых і жарабячых скураў. Вырабы ішлі ў Маскву, Варшаву, Пецярбург, Вільню, Екацярынбург. Пры заводзе існаваў фарбавальны аддзел. У 1904 року гаспадар збанкрутаваў, і вытворчасьць спынілася. Дакладнае месцазнаходжаньне гарбарні застаецца нявызначаным.
  • Ніжне-Ляхаўская. Чыгуналіцейны завод «Элегія» таварыства Ш. Поляка, Л. Дорскага і Д. Семянюка. Запрацаваў у 1908 року пад назвай «Гігант», быў газавы рухавік. Разьмяшчаўся ў невялікім драўляным будынку і вырабляў дробныя жалезныя рэчы, праводзіў рамонт сельскагаспадарчых машынаў і водаправоднага абсталяваньня. У 1912 року па рэканструкцыі «Гігант» перайменавалі ў «Элегію». У ім пачало выконвацца ліцьцё частак машынаў, агароджаў, помнікаў і інш. Па кастрычніцкім перавароце ператварыўся ў завод імя К. Я. Варашылава. Цяпер гэта адзін з карпусоў Менскага станкабудаўнічага завода (Кастрычніцкая, 16)[10].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 227.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  4. ^ а б Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  5. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  6. ^ Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск: Полымя, 1991. С. 67.
  7. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  8. ^ Безымянным скверам и улицам Минска присвоены имена(недаступная спасылка) // «Минск-Новости», 25 жніўня 2009.
  9. ^ В. Е. Собаль. Лахаўка // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 552.
  10. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск: Полымя, 1991.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]