Дом Чыжа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ля Траецкага»)
«Дом Чыжа», несупастаўляльны паводле маштабаў з гістарычным Траецкім прадмесьцем

«Дом Чыжа»[1] (афіцыйная назва — «Ля Траецкага», рас. «У Троицкого») — шматпавярховы жылы дом ў Менску, збудаваны ў 2009—2013 гадох. Знаходзіцца на Старажоўскай вуліцы[2], побач з Траецкім прадмесьцем. Аўтар праекту — Алег Ладкін, ураджэнец Алтайскага краю Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1971 годзе. Неафіцыйная назва дома ўтварылася ад прозьвішча ўладальніка кампаніі-забудоўніка «Трайпл» — Юрыя Чыжа, якога называюць «кашальком Аляксандра Лукашэнкі»[3].

Зазначаецца, што пры пабудове «Дому Чыжа» адбылося зьнішчэньне аўтэнтычных падмуркаў дому, дзе нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч і, увогуле, грубае парушэньне закону Беларусі аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны[1]. Сам гмах сваімі памерамі і разьмяшчэньнем зьнішчыў панараму і пэрспэктыву гістарычнага цэнтру Менску[1]. Беларускія гісторыкі і архітэктары паказваюць на тое, што ў будучыні трэба ставіць пытаньне аб зносе комплексу[4].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Дом Чыжа»

Аўтар праекту Ладкін характарызуе комплекс «Ля Траецкага» як элітнае жытло. Ён сьцьвярджае, што будынак ёсьць працягам 12-павярховага шматсэкцыйнага жылога дому, г. зв. «Панарамы», з частковым павышэньнем забудовы, з улікам убудаваных аб’ектаў да 25 паверхаў, з тэрасным спадам пры набліжэньні да Траецкага прадмесьця да 7 паверхаў, з утварэньнем на перападах шматлікіх пэнтгаўсаў, раскрытых у бок Сьвіслачы[2].

У комплексе налічваецца 235 кватэр з мэтражом ад 57 да 332 кв. м. Гараж-стаянка комплексу разьлічаная на 316 месцаў[2].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Траецкае прадмесьце і жылы комплекс «Ля Траецкага» на заднім пляне

Зьяўленьне шматпавярховага будынка ў беспасярэдняй блізкасьці да Траецкага прадмесьця і гістарычнага цэнтру Менску ў цэлым выклікала абурэньне грамадзкасьці і архітэктурнай супольнасьці, якія крытыкуюць яго за неадпаведнае разьмяшчэньне, вялізныя памеры і няўдалы каляровы разьвязак[5].

Загадчык катэдры Архітэктуры жылых і грамадзкіх будынкаў Сяргей Сергачоў назваў пабудову гэтага гмаху памылкай і трагедыяй беларускай архітэктуры, вынікам усёдазволенасьці ва ўрбаністычным плянаваньні. Ён выказаў занепакоенасьць тым, што «Дом Чыжа» зьнішчыў значнасьць Траецкага прадмесьця і Опэрнага тэатру[4]. Памылкай урбаністычнага плянаваньня называе гэты будынак і заслужаны архітэктар Беларусі Юры Градаў[6]. Заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін таксама раскрытыкаваў «Дом Чыжа». Ён назваў гэты гмах безгустоўнай гаргарай, якая разбурае ансамбль цэнтра сталіцы[7].

Галоўны архітэктар «Менскпраекту» Міхаіл Гаўхфельд лічыць, што будынак разам з забудовай праспэкту Пераможцаў насупраць «Менск-Арэны» стаў папярок зялёнага дыямэтру Менску і такім чынам перакрывае патокі паноўных вятроў і сьвежага паветра, якія ідуць ад Заслаўя да цэнтру места, што спрыяе зьяўленьню смогу і забруджваньню паветра[8].

Паводле старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, пры будаваньні ЖК «Ля Траецкага» адбылося найгрубейшае парушэньне некалькіх артыкулаў Закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны — гэта зьнішчэньне гістарычна-плянавальнай структуры кварталу і ляндшафту, адсутнасьць вывучэньня культурнага пласту, якое прадугледжваецца законам[4].

15 студзеня 2013 году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі для прадстаўнікоў беларускіх і замежных мас-мэдыя прызнаўся ў тым, што яму таксама ня вельмі падабаецца комплекс «Ля Траецкага»[9].

Зь іншага боку аўтар праекту Алег Ладкін параўноўвае свой дом з Эйфэлевай вежай, якую спачатку таксама многія ўспрынялі неадназначна, і выказвае меркаваньне, што кантраст паміж старым і новым толькі падкрэсьліў гістарычную забудову[4]. Пры гэтым ён сьцьвярджае, што пры рэалізацыі ўсяго праекту (разам з рэканструкцыяй гасьцініцы «Беларусь») «Менск быў бы ня горшым за Ашгабад або Грозны» (рас. «Минск бы был не хуже Ашхабада или Грозного»)[5]. Таксама Ладкін лічыць, што крытыкі ЖК «Ля Траецкага» кіруюцца нацыянальным пытаньнем і належаць да «максымум 11% людзей, якія лічаць сябе нацыяй, а астатніх быдлам» (рас. «максимум 11% людей, которые считают себя нацией, а остальных быдлом»)[10]. Ладкін сьцьвярджае, што ў час праектаваньня дома «людзі прапольскага складу зь іншым поглядам на архітэктуру» (рас. «люди пропольского склада с другим взглядом на архитектуру») запрашалі яго на круглы стол, на які ён нібы пагаджаўся, а той не адбыўся[10]. Аўтара праекту падтрымаў тагачасны галоўны архітэктар Менску Аляксандар Пятроў, які аднак заўважыў, што эстэтыку будынка ён да канца зразумець ня можа[11].

21 студзеня 2013 году міністар культуры Барыс Сьвятлоў зацьвердзіў Праект зоны аховы гістарычна-культурнай каштоўнасьці — гістарычнага цэнтру Менску, які прызнаў, што жылы комплекс «Ля Траецкага» і яшчэ шэсьць аб’ектаў, у лік якіх трапіў і Палац Рэспублікі, зьяўляюцца дысгарманічнымі, парушаюць цэласнасьць гістарычных ансамбляў і замінаюць успрыманьню каштоўнасьцяў. Адзначаецца, што гэтыя збудаваньні зьмянілі маштаб забудовы і зьнішчылі выразнасьць сылюэту гістарычнага цэнтру места, які зьяўляецца геаграфічным і кампазыцыйным ядром Менску[12].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Абламейка С. «Дом Чыжа» як маніфэст, Радыё Свабода, 12 траўня 2016 г.
  2. ^ а б в Миллионеры ждут дом у Троицкого(недаступная спасылка), EX-PRESS.BY, 15.06.2012 Г.
  3. ^ ЕС обнародовал черный список из 12 человек и 29 компаний, TUT.BY, 25.03.2012 г.
  4. ^ а б в г Жилой дом «У Троицкого»: слава Эйфелевой башни или архитектурный провал (мнения экспертов), Onliner.by, 6.07.2012 г.
  5. ^ а б «Это откровенный архитектурный ляп»: Я живу в «доме Чижа», The Village, 17.07.2017 г.
  6. ^ Номинация «Народная нелюбовь». Выбираем худшее здание Минска за последние годы, Onliner.by, 18.12.2019 г.
  7. ^ Гезгала С. Галоўны архітэктар Мінска: Дзякуючы Дому Чыжа, Траецкае прадмесце ўключылася ў тканіну горада, Наша Ніва, 19 верасьня 2012 г.
  8. ^ Водно-зеленая артерия Минска в опасности, CityDog, 7.12.2012 г.
  9. ^ Лукашенко признался, что ему не нравится жилой дом «У Троицкого», Onliner.by, 15.01.2013 г.
  10. ^ а б Шаршуков С. "Минские кухни". Архитектор дома у Троицкого: Большинству здание нравится, но несколько человек влезли в интернет и пишут, TUT.BY, 22.11.2014 г.
  11. ^ Главный архитектор Минска: «Неприглядных районов в столице нет!»(недаступная спасылка), KP.BY, 8.09.2012 г.
  12. ^ Беницевич Н. Дворец Республики, дом «У Троицкого» и здание МВД признаны дисгармоничными, TUT.BY, 29.01.2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каардынаты: 53°54′37″ пн. ш. 27°33′22″ у. д. / 53.91035° пн. ш. 27.556031° у. д. / 53.91035; 27.556031