Лідс Юнайтэд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лідс Юнайтэд
Поўная назва па-ангельску: Leeds United Football Club
Заснаваны 1919
Горад Лідс, Ангельшчына
Стадыён Эланд Роўд
Умяшчальнасьць: 39 460
Прэзыдэнт Андрэа Радрыцані[d]
Кіраўнік невядома
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Футбольная ліга
 · 2022—2023 Прэм’ер-Ліга, 19 месца (паніжэньне)
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
leedsunited.com (анг.)

«Лідс Юна́йтэд» (па-ангельску: Leeds United) — ангельскі футбольны клюб з гораду Лідсу, Заходні Ёркшыр. Заснаваны ў 1919 годзе пасьля расфармаваньня клюбу «Лідс Сіці», ад якога клюб атрымаў у спадчыну стадыён Эланд Роўд. Трохразовы чэмпіён Ангельшчыны (1969, 1974, 1992), уладальнік Кубка Ангельшчыны (1972). Двухразовы ўладальнік Кубка УЭФА (1968, 1971). Большую частку гісторыі «Лідс Юнайтэд» правёў у найвышэйшым дывізіёне ангельскага футболу. Самым доўгім бесьперапынным выступам на першым узроўні быў пэрыяд паміж 1964 і 1982 гадамі, у той час як самы працяглы пэрыяд па-за яго межамі эліты працягваўся з 2004 па 2020 год. У 1975 годзе клюб дасягнуў фіналу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, дзе, аднак, трываў паразу ад мюнхэнскай «Баварыі». У 2001 годзе ангельцы дапалі да паўфіналу аналягу таго ж турніру, Лігі чэмпіёнаў[1]. «Лідс Юнайтэд» праводзіць хатнія матчы ў цалкам белых камплектах. Афіцыйным гімнам клюбу ёсьць арыгінальная песьня, выпушчаная ў 1972 годзе, званая «Маршам разам». Клюб мае суперніцтва з «Манчэстэр Юнайтэд» і «Чэлсі», а таксама зь мясцовымі дружынамі, як то «Гадэрсьфілд Таўн», «Брэдфард Сіці», «Шэфілд Юнайтэд» і «Шэфілд Ўэнздэй».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік «Лідс Юнайтэд», клюб «Лідс Сіці», быў створаны ў 1904 годзе і стаў чальцом лігі ў 1905 годзе. Аднак, лідскі клюб быў у 1919 годзе прымусова расфармаваны і быў вымушаны распрадаць усіх сваіх гульцоў паводле разьвязку кіраўніцтва Футбольнай лігай у адказ на заявы аб незаконных выплатах гульцам падчас Першай сусьветнай вайны. У тым жа годзе быў створаны «Лідс Юнайтэд», якога запрасілі ўзяць удзел у Лізе Мідлэнду, паводле вынікаў галасаваньня 31 кастрычніка.

Першая дружына клюбу перад стартам сэзону 1920—1921 гадоў.

31 траўня 1920 году «Лідс Юнайтэд» быў абраны ў Футбольную лігу. На працягу наступных гадоў яны замацавалі свае пазыцыі ў Другім дывізіёне, а ў 1924 годзе здабылі тытул і разам з гэтым падвышэньне ў Першы дывізіён. Аднак, на новым больш высокім узроўні майстэрства дружыне бракавала, вынікам чаго сталася паніжэньне ў клясе ў сэзоне 1926—1927 гадоў. Пасьля вылету дзейны трэнэр клюбу Артур Фэйрклаф сышоў у адстаўку, што адкрыла шлях Дыку Рэю да вяртаньня ў клюб. У наступныя гады да пачатку Другой сусьветнай вайны «Лідс Юнайтэд» двойчы страчваў месца ў дывізіёне, але наступнымі сэзонамі вяртаўся назад. Лідскі клюб заставаўся ў Другім дывізіёне да сэзону 1955—1956 гадоў, калі ў чарговы раз атрымаў падвышэньне ў Першы дывізіён, натхнёны таленавітым ўэлскім гульцом Джонам Чарлзам. Чарлз прагнуў посьпеху на самым высокім узроўні, але трэнэр Рэйч Картэр ня здолеў пераканаць гульца ў тым, што «Лідс Юнайтэд» можа задаволіць ягоныя амбіцыі. Чарлз быў прададзены «Ювэнтусу» за рэкордныя на той момант 65 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Страта Чарлза прывяла да таго, што клюб выбыў у Другі дывізіён у сэзоне 1959—1960 гадоў.

Эра Рэві[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуя Дона Рэві перад хатнім стадыёнам клюбу.

У сакавіку 1961 году клюб прызначыў былога гульца Дона Рэві новым галоўным трэнэрам пасьля адстаўкі Джэка Тэйлара. Ягоная кіраваньне пачалося ў неспрыяльных абставінах, бо клюб меў пэўныя фінансавыя цяжкасьці[2]. У сэзоне 1961—1962 гадоў толькі перамога ў фінальнай гульні сэзону выратавала дружыну ад паніжэньня ў трэці дывізіён[3]. Беручыся за справы, Рэві ўкарэніў моладзевую палітыку і зьмяніў колеры формы замяніўшы кашулю на белую ў стылі мадрыдзкага «Рэалу»[4]. Сэзон 1963—1964 гадоў склаўся ўдала, у выніку «Лідс Юнайтэд» здабыў чарговае прасоўваньне ў Першы дывізіён.

Па вяртаньні ў эліту дружыну адразу заняла 2 месца, саступіўшы чэмпіёнскі тытул супернікам з «Манчэстэр Юнайтэд»[5]. Поруч з тым клюб дасягнуў фіналу Кубка Ангельшчыны, аднак, саступіў «Лівэрпулу» на Ўэмблі зь лікам 2:1 пасьля дадатковага часу[5]. У сэзоне 1965—1966 гадоў «Лідс Юнайтэд» зноўку заняў 2 месца[6] і дэбютаваў у эўрапейскіх кубках, дасягнуўшы паўфіналу Кубка кірмашоў, трываючы паразу паводле сукупнасьці гульняў ад гішпанскай «Сарагосы», не зважаючы на тое, што Рэві загадаў пажарнай камандзе затапіць поле перад паўторным матчы на Эланд Роўдзе[7]. У сэзоне 1966—1967 гадоў «Лідс Юнайтэд» заняў 4 месца ў лізе, а таксама выйшаў у паўфінал Кубка Ангельшчыны, саступіўшы тытул «Чэлсі» зь лікам 1:0. У Кубку кірмашоў ангельцы дасягнулі фіналу, але прагулялі югаслаўскаму «Дынама» зь лікам 2:0. Зважаючы на адноснія няўдачы, клюб вырашыў набыць нападніка Міка Джонза ў «Шэфілда Юнайтэда» за 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў[8]. Гэта прывяло да посьпеху, бо клюбу скарыўся Кубак Лігі, дзякуючы адзінаму голу Тэры Купэра ў фінале матчу супраць «Арсэналу». У чэмпіянаце, аднак, дружына зноўку фінішавала на 4 месцы, а ў паўфінале кубка краіны быў выбіты «Эвэртанам»[9][10]. Тым ня менш, клюб здабыў Кубак кірмашоў, выгуляўшы вугорскі «Фэрэнцвараш», зь лікам 1:0 на хатняй пляцоўцы і 0:0 у гасьцёх[11].

Дамогшыся посьпеху ў кубкавых спаборніцтвах, Рэві вырашыў засяродзіцца на лігі ў сэзоне 1968—1969 гадоў[12]. «Лідс Юнайтэд» забясьпечыў сабе тытул у красавіку 1969 году, згуляўшы на Энфілдзе ўнічыю зь «Лівэрпулам» зь лікам 0:0. Прыхільнікі лівэрпулцаў павіншавалі гасьцявы клюб з посьпехам[13]. Дружына ўсталявала шэраг рэкордаў, уключаючы максымальную колькасьць заробленых пунктаў (67), колькасьць перамог (27), найменшую колькасьць паразаў (2) і колькасьць здабытых пунктаў у хатніх матчах (39). Да таго ж, «Лідс Юнайтэд» узмацніў лінію нападу, перасягнуўшы трансфэрны рэкорд, падпісаўшы Алана Кларка з «Лэстэр Сіці» за 165 тысяч фунтаў[14]. Аднак, у чарговы сэзон клюб заняў 2 месца, прапусьціўшы наперад «Эвэртан». Фінал Кубка Ангельшчыны быў прагуляны «Чэлсі», а з Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў клюб быў выбіты ў паўфінале шатляндзкім «Сэлтыкам»[15]. Рэві адхіліў прапанову «Бірмінггэм Сіці», але клюб зноўку заняў 2 месца, гэтым разам прагуляўшы суперніцтва «Арсэналу». Наступным сэзонам «Лідс Юнайтэд» чарговы раз скончыў сэзон на 2 месца, аднак здолеў здабыць Кубак Ангельшчыны 1972 году, выгуляўшы «Арсэнал» у фінале зь лікам 1:0[16].

У сэзоне 1972—1973 гадоў «белыя» зноў наблізіліся да трэблу, але ў выніку занялі 3 месца ў лізе і прагулялі фінал Кубка Ангельшчыны 1973 году прадстаўніку Другога дывізіёну «Сандэрлэнду» зь лікам 1:0 насуперак усім чаканьням[17]. «Лідс Юнайтэд» таксама дасягнуў фіналу Кубка ўладальнікаў кубкаў, дзе трываў паразу ад італьянскага «Міляну» зь лікам 1:0 пасьля супярэчлівага судзейства Хрыстаса Міхаса, які пазьней быў дэскваліфікаваны УЭФА за шэраг парушэньняў у іншых матчах[18]. Улетку Рэві прапанавалі пасаду кіраўніка ў «Эвэртане», але ён вырашыў застацца і зноўку прывёў дружыну да чэмпіёнства ў сэзоне 1973—1974 гадоў, адарваўшыся ад «Лівэрпула», які скончыў лігу на 2 месца, на 5 пунктаў[19]. Па сканчэньні сэзону Рэві ўсё ж сышоў з клюбу, ачоліўшы зборную Ангельшчыны[20]. Паводле апытаньняў вядучых футбольных пісьменьнікаў, гісторыкаў і навукоўцаў часопісу Total Sport, «Лідс Юнайтэд» за часам Рэві быў прызнаны адной з 50 найвялікшых футбольных камандаў усіх часоў.

Наступныя гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сыходу выбітнага трэнэра пачаўся пэрыяд частай зьмены трэнэраў, некаторыя зь якіх пасьпелі папрацаваць толькі 44 дні[21]. У сэзоне 1974—1975 гадоў клюб дамогся выхаду у фінал Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, дзе саступіў «Баварыі», аднак, была веліч клюбу пачала гаснуць. Спачатку клюб займаў першыя 10 радкоў паводле вынікаў сэзону, але пасьля розыгрышу 1981—1982 гадоў дружына была вымушаная пакінуць элітны дывізіён. Не маючы грошаў на перабудову дружыны, новы галоўны трэнэр Эдзі Грэй сканцэнтраваўся на разьвіцьці моладзі, але ня здолеў вярнуць клюб у эліту[22]. Грэй быў звольнены празь няўдалыя выступы. У кастрычніку 1988 году «белыя» ледзь ня вылецелі нават з Другога дывізіёну, заняўшы 21 выніковы радок. Новы трэнэрам быў прызначаны Гаўард Ўілкінсан, які ў сакавіку дамогся пераходу ў клюб шатляндца Гордана Стрэчана, гульца «Манчэстэр Юнайтэд», за 300 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Стрэчан быў абраны капітанам і, у тым ліку дзякуючы яму, клюб паводле вынікаў сэзону 1989—1990 гадоў здолеў вярнуцца ў эліту[23]. Па вяртаньні «Лідс Юнайтэд» заняў 4 месца ў сэзоне 1990—1991 гадоў, а ў сэзоне 1991—1992 гадоў у трэці раз стаў чэмпіёнам Ангельшчыны. У наступны сэзон лідскі клюб стаў чальцом-заснавальнікам новай Прэм’ер-лігі, якая стала найвышэйшым дывізіёнам ангельскага футболу. У наступным клюб зьведаў спад і Ўілкінсан быў звольнены.

Спачатку з Джорджам Грэмам, а потым ягоным памочнікам Дэйвідам О’Ліры клюб паказваў даволі высокія вынікі, фінішуючы звычайны ў першая пяцёрцы і стала ўдзельнічаючы ў эўракубках. У сэзоне 1999—2000 гадоў «Лідс Юнайтэд» даўшоў да паўфіналу Кубка УЭФА, дзе сустрэўся з «Галатасараем». Гэтае супрацьстаяньне было змрочанае сьмерцю двух ангельскім заўзятараў, якія былі забітыя ў Стамбуле[24][25].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Sutcliffe, Richard Revie:revered and reviled. — Ilkley: Great Northern, 2010. — ISBN 978-1905080786

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]