Лісоўчыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэмбрант «Лісоўчык». Магчыма, адна з найлепшых працаў галяндзкага мастака. Хоць асоба вершніка невядомая, мяркуецца, што гэта партрэт вялікага літоўскага канцлера Марцыяна Аляксандра Агінскага, створаны каля 1655 году. Ён ня меў ніякага дачыненьня да лісоўчыкаў, аднак вопратка і ўзбраеньне маглі быць адпаведныя тым, якія насілі сапраўдныя лісоўчыкі 30 гадамі раней.

Лісоўчыкі — назва нерэгулярных падразьдзяленьняў лёгкай кавалерыі Рэчы Паспалітай у 1608—1630-х гадах. Атрымалі назву ад свайго першапачатковага кіраўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага — таленавітага военачальніка, беларускага шляхціча зь Віленшчыны[1][2]. Прымалі ўдзел у вайне Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Трыццацігадовай вайне, у бітвах супраць туркаў-асманаў. Тагачасныя гістарычныя крыніцы характарызуюць іх надзвычай спрытнымі, ваяўнічымі і крыважэрнымі.

У адрозьненьне ад рэгулярных падразьдзяленьняў коньніцы, паслугі лісоўчыкаў не аплочваліся жалаваньнем са скарбу Рэчы Паспалітай. Таму лісоўчыкаў наймалі, даючы ім права здабыцьця ваенных трафеяў, якія былі іхняй адзінай аплатай за службу. Заслужылі страх і пагарду цывільнага насельніцтва, сумнеўна праславіўшыся колькасьцю ўчыненых імі гвалтаў (рабаваньні, згвалтаваньні, забойствы і іншыя). Аднак былі паважаныя супернікамі за высокае баявое майстэрства.

Лісоўчыкі ваявалі манэўрана, не цягалі за сабой абозу, не накоплівалі ўмацаваных табараў. Паводле ўзбраеньня яны адносіліся да казакоў ці татараў (мінімум засьцерагальных дасьпехаў, лук, стрэльба, шабля, сагайдак). Вербаваліся з дабраахвотнікаў — дробнай шляхты і мяшчан ВКЛ.

Ня грэбавалі нават рабаваньнем на землях уласнай дзяржавы. Таму польскі кароль Жыгімонт III стараўся трымаць іх як мага далей ад Рэчы Паспалітай. У рэшце рэшт лісоўчыкі былі распушчаныя ў 1635 годзе.

Баявыя дзеяньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канфэдэрацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Лісоўчыкі перад заезным дваром». Карціна Юзэфа Бранта

Сваё паходжаньне лісоўчыкі вядуць ад канфэдэрацыі, арганізаванай Аляксандрам Язэпам Лісоўскім увосень 1604 году ў Інфлянтах. Яна была адной зь першых жаўнерскіх канфэдэрацый у войску ВКЛ, арганізаваных літвінскай шляхтай у часе вайны са Швэцыяй 1601—1605 гадоў, калі Сойм ня здолеў заплаціць сваім жаўнерам, якія ваявалі ў Лівоніі. Канфэдэрацыі абіралі сабе ўласных камандоўцаў і нападалі на мястэчкі і вёскі, адбіраючы ў сялянаў запазычаную дзяржавай плату рабаваньнем, кантрыбуцыямі або накладаньнем новых падаткаў. Аляксандар Лісоўскі стаў адным зь першых камандзіраў (маршалкаў) такой канфэдэрацыі.

Бунт войскаў дапёк гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча, і соймавым судом за няяўку на Белакаменскую бітву 24 верасьня 1604 г., катаваньне і забойства слуг віцебскага ваяводзіча Я. Кішкі, бандытызм у Інфлянтах, Курляндыі і ВКЛ ротмістар Аляксандар Лісоўскі 3 сакавіка 1605 г. быў пазбаўлены шляхецтва ВКЛ і аб’яўлены па-за законам (завочна асуджаны на вечнае выгнаньне і сьмяротную кару ў выпадку вяртаньня на радзіму). Любы мог яго забіць без пакараньня. У гэты час атрад Лісоўскага займаўся бандытызмам ва Ўпіцкай аканоміі і, каб пазьбегнуць сьмерці, зьвярнуўся па апеку да будучага маршалка рокаша 1606—1608 гг. і асабістага ворага Я. К. Хадкевіча — Януша Радзівіла. Неўзабаве яны прынялі ўдзел у рокашы Зэбжыдоўскага — паўстаньні часткі польскае і літоўскае шляхты супраць абсалютысцкіх памкненьняў караля Жыгімонта III Вазы у атрадах Я. Радзівіла. Пасьля чаго ў 1606—1607 гг. рабавалі Клецак, Брагін, Магілёўскае староства.

У Масковіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Лісоўчыкі практыкуюцца ў страляніне з лука». Карціна Юзэфа Бранта, 1885 год

Таму пасьля разгрому паўстанцаў пад Гузавам Лісоўскі, які там камандаваў атрадам казакоў, як і шматлікія іншыя шляхцічы, звольненыя са службы пасьля вайны са Швэцыяй ці скампрамэтаваныя ўдзелам у рокашы, увосень 1607 г. з атрадам ў 200 валянтэраў-казакоў ВКЛ са Старадубу накіраваўся далей у Маскоўскую дзяржаву, дзе ў гэты час ішла грамадзянская вайна. Тут яму ўдалося рэкрутаваць у свой атрад блізу паўтысячы данскіх казакаў у раёне Арла. Паколькі Ілжэдзьмітрый II не валодаў сродкамі для аплаты паслугаў добраахвотнікаў, лісоўчыкі зладзілі так званую Маскоўскую канфэдэрацыю, заключыўшы ў жніўні 1608 году ўгоду з Ілжэдзьмітрыем II. Паводле дамовы, найміты абавязаліся служыць без выплатаў у якасьці дабраахвотнікаў, а пасьля зацьвярджэньня «царэвіча Дзьмітрыя» на стальцы апошні меў ім сплаціць 100 000 дукатаў ці дазволіць зьбіраць на сваю карысьць падаткі ў Северскай і Разанскай землях.

Аляксандар Лісоўскі стаў адным з кіраўнікоў Маскоўскай канфэдэрацыі. Ягоныя атрады прынялі актыўны ўдзел у барацьбе Ілжедзьмітрыя II за маскоўскі сталец. Так, у 1608 годзе лісоўчыкі разграмілі войскі Захара Ляпунова і Івана Хованскага пад Зарайскам, пасьля чаго захапілі Міхайлаў і Каломну. Неўзабаве Лісоўскі пацярпеў паразу ад войскаў маскоўскага князя Івана Куракіна, страціўшы большую частку здабычы, аднак няўдача толькі запаліла яго. З гэтага моманту ён больш ня гнаўся за колькасьцю, а зьвяртаў увагу на якасьць свайго атраду[2]. Ён рэарганізаваў сваё войска і аб’яднаў яго зь сіламі усьвяцкага старасты Яна Пётры Сапегі. Аб’яднаныя сілы Лісоўскага і Сапегі атрымалі паразу ля сьценаў Тройца-Сергіевае Лаўры, якую безвынікова абложвалі цягам шаснаццаці месяцаў, аднак неўзабаве перамаглі пад Кастрамой і Салігалічам у 1608—1609 гадох.

Увесну 1610 году фармаваньні Лісоўскага і атрад казацкага атамана Андрэя Прусавецкага зьдзейсьнілі глыбокі рэйд у тыл маскоўскае дзяржавы. Быў захоплены і разрабаваны Растоў, Калязін, Кашын. Далей яны накіраваліся пад Таропец і падступілі да астрогу, але былі адбітыя. Адсюль лісоўчыкі рушылі ў раён Вялікіх Лукаў, а затым у пскоўскія прыгарады. Пскову пагражалі ноўгарадцы і швэдзкія найміты, запрошаныя Шуйскім, і пскавічы вырашылі самі запытаць дапамогі лісоўчыкаў для абароны. Лісоўскі ня толькі ачысьціў Пскоўшчыну ад пагрозы, але і пераманіў на свой бок 500 ангельскіх і 300 ірляндзкіх наймітаў[2]. Захапіўшы Завалочча (тут яны былі з 1610 па 1613 г.), пачаў абараняць межы ВКЛ і рабіць далёкія рэйды супраць маскоўцаў і швэдаў па Пскоўшчыне, Смаленшчыне і Наўгародчыне. Верагодна, па хадатайніцтве Л. Сапегі за паслугі ў вайне супраць Масковіі 7 лістапада 1611 сойм вярнуў А. Я. Лісоўскаму шляхецтва.

Пазьней, пасьля далучэньня да вайсковых дзеяў караля Жыгімонта III, частка канфэдэратаў пагражала вайной каралеўскім войскам, што захапілі тэрыторыі, якія яны мелі атрымаць ад маскоўскага цара як аплату за сваю службу. Іншая частка канфэдэратаў перайшла на службу да караля, у тым ліку і Аляксандар Лісоўскі. Лісоўчыкі паказалі сябе незаменнымі ў абароне Смаленску ў 1612 годзе, калі большая частка рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай узбунтавалася, далучыўшыся да так званай Рагацінскай канфэдэрацыі. Цягам трох наступных год лісоўчыкі адыгрывалі істотную ролю ў абароне межаў Рэчы Паспалітай ад маскоўскіх войскаў.

У 1615 годзе Лісоўскі са сваімі атрадамі ўварваўся ў Маскоўскую дзяржаву, аблажыў Бранск і разьбіў пад Карачавам атрады князя Юрыя Шахоўскага, якія прыйшлі на дапамогу абложаным. Увосень 1615 году Лісоўскі разьбіў авангард войска князя Дзьмітрыя Пажарскага пад Арловым гарадзішчам. Неўзабаве лісоўчыкі спалілі Бялёў і Ліхвін, захапілі Перамышль, затым, павярнуўшы на поўнач, разграмілі маскоўскае войска Шарамецева пад Ржэвам, пасьля рушылі да Карскага мора. Павярнуўшы да Кашыну, спалілі Таржок, разрабавалі Галіч, Угліч, Суздаль, ваколіцы Яраслаўля і Кастрамы, абагнуўшы Маскву з усходу і поўначы на 200 км, вянуліся на Севершчыну і ў ВКЛ, пазьбягаючы вялікіх бітваў з маскавітамі.

Захаваліся паўлегендарныя зьвесткі пра іхнія паходы далёка на поўнач, да берагоў Белага мора і нават да вусьця ракі Об у пошуках славутай Залатой бабы — паганскага стода, якому пакланяліся вугра-фінскія народы Поўначы[1].

Усутыч да восені 1616 году лісоўчыкі разьмяшчаліся на беларуска-маскоўскай мяжы. 11 кастрычніка 1616 году Аляксандар Язэп Лісоўскі сканаў ад нечаканай хваробы.

Наступным камандзірам лісоўчыкаў стаў Станіслаў Чаплінскі. У 1616 годзе лісоўчыкі захапілі Курск і разьбілі маскоўскія войскі пад Болхавам. У 1617 годзе яны засьцераглі Смаленск ад нападу маскавітаў: тыя адышлі ад Смаленску, як толькі даведаліся, што лісоўчыкі мешкаюць паблізу. Па сьмерці Чаплінскага ў Калузе новым камандзірам лісоўчыкаў быў абраны Валянтын Рагаўскі. Пад ягоным кіраўніцтвам лісоўчыкі далучыліся да войскаў каралевіча Уладзіслава IV ў паходзе на Маскву ў 1617 годзе.

У Трыццацігадовай вайне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкі на Рэйне

У 1619 годзе лісоўчыкі ў колькасьці 10 000 чалавек былі накіраваныя каралём Рэчы Паспалітай на службу рымскаму імпэратару Фэрдынанду II. Удзельнічалі ў вайне супраць пратэстантаў у межах маштабнага эўрапейскага канфлікту, які пазьней атрымаў назоў Трыццацігадовая вайна. Пад кіраўніцтвам Валянтына Рагаўскага яны нанесьлі шэраг адчувальных паразаў Георгу I Ракочу ў Сямігродзьдзі, пасьля чаго прыняліся за рабаваньні і забойствы, «не мінаючы нават дзяцей і сабакаў», як занатавана ў тагачаснай хроніцы. Прыблізна ў гэты час яны атрымалі мянушку «Вершнікі Апакаліпсысу».

Далей лісоўчыкі падзяліліся: частка пад камандаваньнем Рагаўскага вырашыла вярнуцца ў Рэч Паспалітую (па дарозе разрабаваўшы паселішчы ў Славаччыне), астатнія пад камандаваньнем Яраша Клячкоўскага вырашылі застацца на імпэрскай службе.

Па гібелі Клячкоўскага пад Крэмсам 4 сакавіка 1620 году новым камандоўцам лісоўчыкаў стаў Станіслаў Русіноўскі. Пад ягоным камандаваньнем лісоўчыкі змагаліся ў бітве на Белай Гары 8 лістапада 1620 году, у якой захапілі 20 штандараў.

7 траўня 1621 году імпэратар, саступіўшы шматлікім скаргам насельніцтва на рабаваньні лісоўчыкаў, сплаціў тым жалаваньне і вызваліў ад службы. Некаторыя лісоўчыкі вярнуліся ў Рэч Паспалітую, астатнія паступілі на службу да баварскага курфюрста Максымільяна I. У 1622 годзе яны прынялі ўдзел у паходзе на Райн супраць курфюрста Пфальцу Фрыдрыха V. Іхнім камандоўцам быў князь Зыгмунт Караль Радзівіл.

У войнах з Асманскай імпэрыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкі прымалі ўдзел у войнах Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй, у прыватнасьці, у Цэцорскай і Хоцінскай бітвах, у часе якой палкоўнік Русіноўскі загінуў.

Удзельнічалі таксама ў войнах польска-літоўскіх магнатаў у Малдове.

У Прусіі і Францыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыгімонт III Ваза паўторна адаслаў лісоўчыкаў на службу імпэратару Фэрдынанду. Гэтым разам імі кіравалі Станіслаў Страйноўскі і Ідзі Каліноўскі. Прымалі ўдзел у бітвах пад Гляцам (Glatz), Габэльсвэрдам (Habelswerd) і Мансфэльдам (Mansfeld). Мясцовае нямецкае насельніцтва лічыла, што атакаванае татарскімі ордамі ці неэўрапейскімі барбарамі.

У вайне з Швэцыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вяртаньні на радзіму ізноў заняліся нападамі на цывільнае насельніцтва. Разрабавалі і спалілі места Радомска. Былі асуджаныя шляхтай і шматлікімі соймікамі і абвешчаныя ў вышук мясцовымі ўладамі і рушаньнем. Атрад Страйноўскага быў разьбіты ў 1624 годзе, сам ён быў пакараны праз два гады.

Падчас вайны са Швэцыяй у 1626—1629 гадох ваявалі на тэрыторыі Каралеўскай Прусіі. Кіраваў імі сьпярша Андрэй Каліноўскі, і іхнія сілы складаліся ўсяго з двух харугваў, праўда, надзвычайна вялікіх колькасна: харугвы Мікалая Мачарскага (400 коней) і Ўладыслава Сьляшынскага (300 коней). Ваенныя дзеяньні былі ня надта ўдалымі, лісоўчыкі нават адправілі ў адстаўку палкоўніка Каліноўскага і выбралі замест яго Мачарскага. Ваенныя дзеяньні паказалі, што войска Рэчы Паспалітай пачынае саступаць перадавым узорам заходнеэўрапейскай ваеннай думкі, і вайна завяршылася ў 1629 годзе замірэньнем на нявыгадных для Рэчы Паспалітай умовах.

У 1633—1634 гадох пад кіраўніцтвам ломжынскага старасты Паўла Нішчыцкага і Яна Грамадзкага лісоўчыкі ўзялі ўдзел у выправе Фэрдынанда Габсбурга ў вайне з Францыяй, дзе ваявалі ў Пікардыі. Апошнім палкоўнікам лісоўчыкаў стаў Мікалай Мачарскі.

Былі асуджаныя сэймавымі рэзалюцыямі і распушчаныя каля 1635 году.

Арганізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юліюш Косак Лісоўчык на белым кані (копія карціны Рэмбранта)

Лісоўчыкі ўяўляюць сабою асобную главу ў гісторыі вайсковае справы Рэчы Паспалітай XVII ст. Яны былі прыкладам польскіх кандацьераў, такіх сама адданых, як нямецкія ландскнэхты чы швайцарская пяхота. Ад гэтых найманых войскаў іх адрозьнівала спэцыфічная ўнутраная арганізацыя. Лісоўчыкі ўяўлялі сабой жаўнерскую грамаду, што паступала на найманую вайсковую службу цалкам, з умовай захаваньня правоў кіравацца ўласнымі звычаямі, падпарадкаваньня выключна ўласнаму, абранаму грамадой правадыру, з уласнымі вайсковымі пасадамі і судом.

Найвышэйшым органам кіраваньня лісоўчыкаў было «генэральнае кола», альбо сход усіх удзельнікаў. Генэральнае кола абірала камандоўцу (палкоўніка, або часам гетмана), ягонага паручніка, ці намесьніка, абознага, судзьдзяў, ротмістраў, паручнікаў і сьцяганосцаў. Кола таксама прымала законы, якімі каралі парушальнікаў унутранага жыцьця канфэдэрацыі.

Падобна жаўнерам рэгулярнага войска, кожны лісоўчык (таварыш) меў 3—5 баявых памочнікаў і да 10 слугаў (джур). Таварышы і іхнія памагатыя аб’ядноўваліся ў «барскія» харугвы. Слугі былі аб’яднаныя ў асобныя харугвы, якія мелі ўласныя штандары. Ротмістар камандаваў двума падразьдзяленьнямі — гасподзкім і джураўскім. Палкоўнік камандаваў чатырма харугвамі — двума адборнымі гасподзкімі і двума джураўскімі. Уся сукупнасьць канфэдэратаў аб’ядноўвалася ў «полк», колькасьць якога складала ў розныя часы ад 2000 да 10 000 шабляў.

Таварышы былі збольшага прадстаўленыя дробнай шляхтай, аднак мелі і нямала выбітных прастачынаў. Паслугачамі былі рамесьнікі і сяляне, а здараліся злачынцы і бадзягі, у тым ліку цыганы. Галоўнай сілай лісоўчыкаў былі гасподзкія харугвы, у той час як дапаможныя джурскія падразьдзяленьні ахоўвалі тэрыторыю і ладзілі выведку. Яны ж галоўным чынам і зьдзяйсьнялі рабаваньні цывільнага насельніцтва. Ускосным доказам жахлівых паводзінаў да мясцовага насельніцтва служыць факт, што ажно да часоў напалеонаўскіх войнаў у Нямеччыне мацеры застрашалі сваіх дзяцей «польскімі казакамі».

Узбраеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкі не насілі ніякае абарончае амуніцыі, але мелі дужа добрае наступальнае ўзбраеньне. Яго складалі тры штукі вагняпальнай зброі, два пісталеты і мушкет (магчыма, бандалет або карабін), лук, шаблю, канчар або палаш пад сядлом, а таксама рагаціну (кароткае кап’ё). Насілі мяккую вопратку: жупаны, башмакі (скураныя боты), капелюшы тыпу каўпакоў і характэрную для іх споднюю бялізну.

Тактыка і стратэгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкі спэцыялізаваліся ў набегах на варожую тэрыторыю, таму пры перамяшчэньнях не ўжывалі ані павозак, ані абозаў: жывіліся тым, што здабывалі самі. Падчас маршу мелі толькі коняў, што дазваляла дасягнуць высокае мабільнасьці перамяшчэньня: у дзень маглі пераадольваць да 150 км. Каб захаваць у тайне свае перамяшчэньні, лісоўчыкі не спыняліся ні перад якімі спосабамі: так, забівалі кожнага сустрэтага на ўласным шляху чалавека. Забівалі ўласных таварышаў, якія праз хваробы або раны ня моглі пасьпець за тэмпам хады.

Для пераправаў лісоўчыкі абіралі толькі невядомыя мясьціны. Перапраўляліся заўжды плыўцом, трымаючыся за конскі хвост; толькі зьняты багаж перавозілі складзеным сьпешна плотам, або «паромам».

Добрыя коні і адсутнасьць абозаў давалі ім перавагу ў хуткасьці над перасьледнікамі, а тое, што яны міналі асноўныя шляхі камунікацыяў, масты і брады, рабіла немажлівым стварэньне засады на іх. Усе гэтыя захады дапамагалі лісоўчыкам стаць незаменнымі для выведкі, перасьледу і правядзеньня глыбокіх дывэрсыйных апэрацыяў.

Падчас бою лісоўчыкі біліся «лавай», то бок адкрытым баявым парадкам, захоўчаючы прамежкі міжсобку, дастатковыя, каб жаўнер мог вольна разгарнуць каня. Іхняя тактыка зводзілася да паражэньня суперніка агнём і стрэламі. Пры неабходнасьці ўмелі таксама біцца ў шчыльным страі.

Лісоўчыкі былі майстрамі ва ўменьні захапленьня ворагу зьнянацку. Нападалі перад сьвітаньнем, калі сон наймацнейшы (як у бітве пад Мангаймам, 1622). Рэдка калі давалі бітву без ужываньня «фартэля» – засады. Найчасьцей імітавалі ўцёкі, а калі ў выніку пагоні варожыя парадкі разстройваліся, вярталіся і раптоўна ўдаралі па ворагу (Бітва пад Гуменьнем 13 кастрычніка 1619 году). Перад пачаткам бітвы лісоўчыкі часта таемна абкружалі адзін ці абодва варожыя флянгі.

Лёгкая коньніца лісоўчыкаў умела нават захопліваць месты. Частка джураў рабіла напады на жывёлу, што пасьвілася каля муроў, або на перадмесьце. Калі абаронцы места выходзілі зь яго на абарону, іх ужо чакала рэшта лісоўчыкаў і ўрывалася праз адкрытую браму ў места. (Злабінск у Маравіі — 1620, Клодзка ў Сылезіі — 1622, Понт-а-Муссон над Мозэлем — 1635). Час ад часу перад сьвітаньнем лісоўчыкі перакідалі празь сьцяну спрытнага слугу з інструмэнтамі, які адчыняў браму (Лампсхцім — 1622).

Вайсковае мастацтва лісоўчыкаў было прыкладам ненавуковай і ненапісанай, але набытай дарагою цаною шматгадовае несупыннае традыцыі досьведу.

У мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Успаміны пра выправы лісоўчыкаў апісаў іхні капэлян Войцах Дэмбалецкі ў «Przewagach elearów polskich, co ich niegdy Lisowczykami zwano, które czynili w państwach Cesarskich przeciwko Heretykom, za czasów niezwyciężonych Monarchów Ferdynanda II Ceszrza, Zygmunta III Króla Polskiego, w leciech Pańskich r. 1619 do 1623, krótko naprędzce zgromadzone przez Wielebnego Wojciecha Dembołęckiego z Konojad Franciszkanina S. Th. bakałarza: z rozkazania Ojca Św. ich kronikarza (1619-1623)» (па-беларуску: «Перамогах польскіх элеараў, якіх некалі звалі лісоўчыкамі, якія чынілі ў імпэратарскіх дзяржавах супраціў герэтыкам, за часамі непераможных манархаў імпэратара Фэрдынанда II, караля польскага Жыгімонта III, у гадох Гасподніх 1619—1623, каротка naprędzce сабраных вялебным Войцехам Дэмбалецкім з Канаядаў францішканца S. Th. бакаляўра, іхняга летапісца, на загад Сьв. Ойчы (1619—1623)»).

Пасьля замежных паходаў 1619—1623 гадоў вобраз лісоўчыка на кані, з шабляй на баку і «рушніцаю» за плячыма, які ідзе ў бой без абозаў і намётаў, стаў незвычайна папулярны ў польскай літаратуры і жывапісе[2]. Гісторыя ўзьнікненьня і дзейнасьці лісоўчыкаў апісаная ў трохтомавым гістарычным рамане аўтарства Казімера Карказовіча пад назвай «Jeźdźcy Apokalipsy» (па-беларуску: «Вершнікі Апакаліпсысу»).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б 72. Хто такія «лісоўчыкі»? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Складаньне: Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Менск: 1999.
  2. ^ а б в г Ярослав Леонтьев (12 ноября 2007) Казак с картины Рембрандта (рас.) Живая история. «Политический журналъ». Праверана 7 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Wojskowy Instytut Historyczny, Zakład Historii Dawnego Wojska Polskiego «Zarys Dziejów Wojskowości Polskiej Do Roku 1864. Tom I, Do Roku 1648» / Redaktor Naukowy Janusz Sikorski. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1966.
  • Henryk Wisner «Lisowczycy». — Warszawa: Książka i Wiedza, 1976.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў