Магеланавы Воблакі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Магеланавы воблакі

Магеланавы воблакі (Вялікае і Малое) — дзьве карлікавыя галяктыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху; самыя яркія ў Паўднёвым паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галяктыкі. Названыя па імі партугальскага мараплаўцы Фэрнана Магелана, каманда якога выявіла іх падчас першага кругасьветнага падарожжа ў 1519 годзе.

Магеланавы воблакі відаць на паўднёвым небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы, Вялікае Магеланава воблака — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане. Памеры Магеланавых воблакаў складаюць каля некалькіх дзясяткаў тысячаў сьветлавых гадоў. Адлегласьць ад Зямлі да Вялікага Магеланава воблака 150 тыс. сьв. гадоў, да Малога — 200 тыс. сьв. гадоў. Магеланавы воблакі сфармаваліся на некалькі мільярдаў гадоў пазьней за нашу Галяктыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэньня. У Вялікім Магеланавым воблаку ў лютым 1987 году ўспыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць паўпрост зь Зямлі.