Мазыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мазыр
лац. Mazyr
Мазыр
Герб Мазыру Сьцяг Мазыру
Першыя згадкі: 1155
Магдэбурскае права: 28 студзеня 1577
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Сьцяг Гомельскае вобласьці Гомельская
Раён: Мазырскі
Плошча: 36,74 км²
Вышыня: 170 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 111 733 чал.[1]
шчыльнасьць: 3041,18 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2351
Паштовыя індэксы: 247760, 247770—247777, 247779, 247780, 247782—247787
СААТА: 3235501000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°3′0″ пн. ш. 29°14′0″ у. д. / 52.05° пн. ш. 29.23333° у. д. / 52.05; 29.23333Каардынаты: 52°3′0″ пн. ш. 29°14′0″ у. д. / 52.05° пн. ш. 29.23333° у. д. / 52.05; 29.23333
Мазыр на мапе Беларусі
Мазыр
Мазыр
Мазыр
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мазы́р — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 36,74 км². Насельніцтва на 2018 год — 111 733 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 133 км на паўднёвы захад ад Гомля. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомелем, Бабруйскам і Оўручам (Украіна), у раёне Мазыра праходзіць нафтаправод «Дружба». Найбольшы ў Беларусі порт «Пхоў», чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч, аэрапорт.

Мазыр — магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Палесься, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. У прадмесьці Кімбараўцы захаваліся комплексы жаночага з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла й мужчынскага з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі цыстэрыянскіх кляштараў (барока, XVIII ст.). Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаліся царква Сьвятой Параскевы Пятніцы й Фарны касьцёл.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мазыр, з мапы 1643 г.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, найбольш імаверна, што тапонім Мазыр мае этнанімічнае паходжаньне і ўтварыўся ад імя народнасьці мазур.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Мазыру

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узьнікла ў VIII ст. ува ўрочышчы Кімбараўцы, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[3]. У XI—XII стагодзьдзях умацаваны горад перанесьлі на Замкавую гару[4].

Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі й біскупы якога называліся тураўскімі й мазырскімі. У 1240—1241 гадох места пацярпела ад татарскіх набегаў.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сярэдзіны XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак.

У 1471 годзе Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводзтва. У XVI ст. места стала цэнтрам гродавага староства, з правядзеньнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў — сталіцай павету. Па Люблінскай уніі (1569 год) і пераходу Кіеўскага ваяводзтва да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводзтва.

У пачатку XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду й Рынку. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 гадох усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[5]. На 1552 год у месьце існавалі цэрквы Сьвятога Спаса, Сьвятога Мікалая, Прачыстай Багародзіцы[5], на 1571 год — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 год — 293 мяшчанскія двары[5].

28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбурскае права й герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзёх, на шыльдзе — чырвоная літара S»[6]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

« Надаем тому месту нашему печать мескую, то есть Орел з Сэм в нем вырисованым... которую урад меский на судах и иншых справах и потребах меских печатовать и того гербу ужывать мают вечные часы »
Гістарычны герб Мазыру з прывілею XVII ст. (налева) і перароблены расейцамі (направа)

У 1609 годзе Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 годзе коштам ахвяраваньняў завяршылася аднаўленьне ўмацаваньняў і места было «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 годзе староста Б. Стравінскі заснаваў у Мазыры касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі й спустошылі места[7].

У 1-й палове XVIII ст. у Мазыры збудавалі базылянскі манастыр, каля места — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 году пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 гадох пры Фарным касьцёле існавала місія езуітаў[8]. У 1726 годзе адкрылася езуіцкая школа (у 1773 годзе яе пераўтварылі ў сьвецкую вучэльню[8]). У 1750 годзе казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ува ўрочышчы Кімбараўцы.

На 1724 год у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Сьвідоўская, Нагорная, Гончая й іншыя вуліцы. У месьце было два замкі — Верхні (Стары), які месьціўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся меская ратуша, пякарня й стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле мескага пляну 1769 году — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы й Рынак; у месьце было 211 двароў, 6 цэркваў й касьцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мазыр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У 1796 годзе царскія ўлады даравалі месту новы расейскі герб. На 1825 год тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы й 27 корчмаў. У 1834 годзе ў Мазыры адкрылася шляхецкая вучэльня, ператвораная ў 1859 годзе ў прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 год — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня й з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месьцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).

На 1878 год у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бэрнардынскага касьцёла), касьцёл і сынагога. У 1879 годзе тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 годзе — запалкавую фабрыку «Маланка». Пракладаньне Палескіх чыгунак у 1880-х гадох паспрыяла далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю Мазыру. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у месьце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня, прагімназія, 1-клясная прыходзкая й прыватная жаночая 2-клясная вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 год — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясьніцтва. У верасьні 1913 году тут адбылася I сельскагаспадарчая й прамысловая выстава. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў месьце было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных установаў, земская лякарня, мэтэастанцыя, друкарня й 2 кнігарні.

Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Мазыршчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны»[a][9].

У лютым 1918 году Мазыр занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзейнічаў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай I зьезду КП(б) Беларусі Мазыр увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[11]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. У 1924 годзе Мазыр стаў цэнтрам раёну БССР (у 1926—1927 гадох места ў Слабадзкім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 гадох места было адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасьня 1938 году Мазыр атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1938—1954 гадох ён быў цэнтрам Палескай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1948 годзе аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музэй. У 1953 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 годзе — кабэльнага заводу. У 1958 годзе пачаўся рух на мосьце праз раку Прыпяць. У 1975 годзе адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У 1988 годзе пачаўся рэгулярны трамвайны рух.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVI стагодзьдзе: 1552 год — 1,5 тыс. чал.[5]; 1571 год — каля 2 тыс. чал.[12]; 1576 год — 2 тыс. чал.[5]
  • XVIII стагодзьдзе: 1724 год — 1,5 тыс. чал.[8]; 1795 год — каля 2 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1825 год — каля 3 тыс. чал.; 1850 год — каля 6,5 тыс. чал.; 1866 год — 5899 чал.[13]; 1878 год — 7834 чал. (3902 муж. і 3932 жан.), у тым ліку 5457 праваслаўных, 23 стараверы, 446 каталікоў, 10 эвангелістаў і 1898 юдэяў[14]; 1897 год — 8067 чал.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1907 год — 9976 чал.[15]; 1908 год — 10 395 чал.[16]; каля 1910 году — 12 251 чал. (6338 муж. і 5883 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 4118, раскольнікаў 68, каталікоў 619, пратэстантаў 22, юдэяў 7276, іншых 148; паводле стану: шляхты 248, духоўнага стану 45, ганаровых грамадзянаў і купцоў 315, мяшчанаў 9886, вайскоўцаў 732, сялянаў 885, іншых 140[17]; 1927 год — 14,3 тыс. чал.; 1939 год — 17,5 тыс. чал.; 1970 год — 48,0 тыс. чал.; 1973 год — 58 тыс. чал.[18]; 1991 год — 103 тыс. чал.; 1997 год — 108 тыс. чал.[3]; 1998 год — 109,2 тыс. чал.[19]; 1999 год — 111,8 тыс. чал.[20]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 111,5 тыс. чал.; 2006 год — 111,6 тыс. чал.; 2008 год — 112,0 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 112,2 тыс. чал.[21]; 2009 год — 108 792 чал.[22] (перапіс).; 2016 год — 112 003 чал.[23]; 2017 год — 111 801 чал.[24]; 2018 год — 111 733 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучэльні — геалёгіі, будаўнічая, мэдычная й музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных установаў.

Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя І. П. Шамякіна.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драматычны тэатар імя І. Мележа

Дзейнічаюць кінатэатар «Мір», Мазырскі драматычны тэатар імя Івана Мележа, Мазырская філярмонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ.

Жыхароў места абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсьць краязнаўчы музэй, музэй прыкладнай творчасьці, меская выстаўная заля.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кабэльнай сетцы Мазыру трансьлюецца мясцовы тэлеканал. Таксама места мае ўласныя друкаваныя выданьні — газэты «Жыцьцё Палесься» й «На свае вочы».

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя спартовыя аб’екты: басэйн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзэрву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Архітэктурна-плянавальную сыстэму Мазыру абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны й гістарычны цэнтар места — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, пэрпэндыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб места падымаюцца іншыя вуліцы.

Вуліцы й пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
17 верасьня вуліца Сьвідоўка вуліца[25]
Гогаля вуліца Кімбараўка вуліца
Горкага плошча Жытомірская вуліца (усходняя частка)
Міхайлаўская вуліца (заходняя частка)
Дзяржынскага вуліца Спаская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца Міхалкаўскі тракт Оўруцкі тракт
Калініна вуліца Калінік вуліца Оўруцкая вуліца
Камсамольская вуліца Замкавая вуліца
Кіеўская вуліца Кіеўская вуліца Карла Лібнэхта вуліца
Куйбышава вуліца Пятніцкая вуліца
Леніна плошча Езуіцкая вуліца Аляксандраўская вуліца
Ленінская вуліца Сьвідоўская вуліца Пакроўская вуліца
Пралетарская вуліца Папоўшчына вуліца
Пушкіна вуліца Могілкавая вуліца Мікалаеўская вуліца
Савецкая вуліца Слуцкая набярэжная (частка)
Кіеўская набярэжная (частка)
Саета вуліца Рымашоў Роў вуліца
Фрунзэ вуліца Ксяндзоўка вуліца
Цэнтральная плошча Рынак пляц Свабоды плошча

З урбананімічнай спадчыны Мазыру да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Кіеўская й Нагорная.

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мазыр — цэнтар нафтаперапрацоўчай прамысловасьці. Працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня й мэталаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці (вытворчасьць кухоннай солі).

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Мазыры, апроч аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кілямэтраў. Дзейнічае адзін маршрут[26].

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Празь места праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, ягоныя традыцыі й побыт», «Мазыр даўні й сучасны», «Сьвятыні Мазыршчыны»[27]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музэй культуры.

  • Гатэлі: гарадзкога савету «Дынама», «Элада», гатэльны комплекс «Прыпяць».

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ рас. «Мало известные нам племена, жившие по берегам Припяти и ее левых притоков составили в исторические времена большой народ, который теперь принято называть белорусами. Сами себе они дают другие названия: живующих в малолесных полевых местах называют палевиками или лицьвинами, а занимающих полесскую часть Беларуси — палешуками»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 239.
  3. ^ а б Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 36.
  4. ^ а б Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 37.
  5. ^ а б в г д ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 258.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ История, Мозырский районный исполнительный комитет
  8. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 259.
  9. ^ Сержпутовский А. Земледельческие орудия белорусского Полесья // Материалы по этнографии России. Т. 1. — СПб., 1910. С. 45.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 81.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 82.
  14. ^ Jelski A. Mozyrz // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 754.
  15. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  16. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 83.
  17. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  18. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 512.
  20. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 80.
  21. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасьць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек, «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  22. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  25. ^ Татаринов Ю. А. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гомельщина. — Минск, 2012.
  26. ^ Мозырь. Городской транспорт. Трамвай, Mozyr.tut.by
  27. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]