Макс Гофман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Макс Гофман
Max Hoffmann
25 студзеня 18698 ліпеня 1927
Генэрал Макс Гофман
Месца нараджэньня Гомбэрг, Насаў
Месца сьмерці Бад-Райхэнгаль, Баварыя, Ваймарская рэспубліка
Званьне генэрал-маёр
Бітвы/войны Першая сусьветная вайна
Узнагароды
Ордэн «Pour le Mérite»
Ордэн «Pour le Mérite»
Ордэн Жалезны крыж 1-й клясы
Ордэн Жалезны крыж 1-й клясы
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гофман (неадназначнасьць).

Карл Адольф Максіміліян Гофман (па-нямецку: Carl Adolf Maximilian Hoffmann; 25 студзеня 1869, Гомбэрг ан дэр Эфцэ, Насаў — 8 ліпеня 1927, Бад-Райхэнгаль, Ваймарская рэспубліка) — нямецкі генэрал і дыплямат, удзельнік Першай сусьветнай вайны.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын дарадцы акруговага вайсковага суду Юліюса Гофмана і Фрэдэрыкі Гофман.

Навучаўся ў гімназіі ў Нордгаўзэне (1879—1887). У 1887 паступіў у 4-ы Турынскі пяхотны полк у Таргаў, адначасна да 5 ліпеня 1888 року навучаўся ў вайсковай школе ў Найсэ, у якой атрымаў малодшы афіцэрскі чын і падзяку новакаранаванага кайзэра Вільгельма.

У 1895—1898 роках навучаўся ў Прускай вайсковай акадэміі, пасьля чаго паўгады знаходзіўся пры расейскім царскім двары ў якасьці вайсковага аташэ.

У 1899—1901 роках працаваў пад даводзтвам генэрала фон Шліфэна ў расейскім аддзеле нямецкага Генэральнага штаба. З гэтага часу лічыўся адмыслоўцам па расейскіх справах. У часе Расейска-японскай вайны знаходзіўся назіральнікам пры 1-й японскай арміі ў Маньчжурыі.

Маёр (1907), падпалкоўнік (красавік 1914).

На пачатак Першай сусьветнай вайны знаходзіўся на пасадзе начальніка апэратыўнага аддзелу штаба наноў сфармаванай 8-й нямецкай арміі ва Ўсходняй Прусіі. У гэтай якасьці кіраваў распрацоўкай пляну бітвы пры Гумбінэне, а пазьней плянаў бітваў пад Танэнбэргам і на Мазурскіх азёрах.

Займаў пасады генэрал-кватэрмайстра штаба 9-й арміі, генэрал-кватэрмайстра штаба Галоўнакамандуючага Ўсходнім фронтам. З 30 жніўня 1916 — палкоўнік, з кастрычніку 1917 року — генэрал-маёр. У 1917 прызначаны начальнікам штаба Галоўнакамандуючага Ўсходнім фронтам Леапольда Баварскага. У гэтай якасьці прадстаўляў нямецкае камандаваньне на перамовах у Берасьці. У канцы Першай сусьветнай вайны адыгрываў ключавую ролю ў акупацыі нямецкімі войскамі Беларусі і Ўкраіны. Гэтыя падзеі ён апісваў наступным чынам:


« Мне яшчэ не даводзілася бачыць такой недарэчнай вайны. Мы вялі яе практычна на цягніках і аўтамабілях. Саджаеш на цягнік купку пяхоты з кулямётамі і адной гарматай і едзеш да наступнай станцыі. Бярэш вакзал, арыштоўваеш бальшавікоў, саджаеш на цягнік яшчэ жаўнераў і едзеш далей. »

З 1920 року ў адстаўцы. Па вайне жыў у Бэрліне. Разам зь нямецкім прамыслоўцам Арнольдам Рэхбэргам распрацаваў так званы «плян Гофмана», які прадугледжваў уварваньне ў Савецкую Расею аб’яднаных войскаў Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Макс Гофмансховішча мультымэдыйных матэрыялаў