Малая гідраэлектрастанцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Малая гідраэлектрастанцыя, малая ГЭС, міні ГЭС, МГЭСгідраэлектрастанцыя, якая мае параўнальна невялікую вызначаную магутнасьць. Пэўнай агульнапрынятай ва ўсіх краінах вялічыні вызначанай магутнасьці для прылічэньня гідраэлектрастанцый да катэгорыі малых няма. Часьцей да малых гідраэлектрастанцый прылічваюць гідраэнэргетычныя ўстаноўкі, вызначаная магутнасьць якіх не перавышае 5 МВт (Аўстрыя, Нямеччына, Польшча, Гішпанія і інш.). У Латвіі і Швэцыі, малымі лічаць ГЭС вызначанай магутнасьцю да 2 МВт, у некаторых іншых краінах – да 10 МВт (Грэцыя, Ірляндыя, Партугалія). Час ад часу адбываюцца зьмены клясыфікацыі, у ЗША, дзе былі прынятыя меры стымуляваньня разьвіцьця малой гідраэнэргетыкі (праз спрашчэньне ліцэнзійнай працэдуры афармленьня праектаў будынкаў малых ГЭС), першапачаткова да іх прылічвалі ГЭС вызначанай магутнасьцю да 5 МВт, затым верхняя мяжа была павялічаная да 15 МВт, а ў 1980 іх максымальная вызначаная магутнасьць была абмежаваная 30 МВт. У СССР паводле БНіП 2.06.01-86 да малых прылічвалі ГЭС, вызначанай магутнасьцю да 30 МВт пры дыямэтры працоўнага кола турбіны да 3 м. У Беларусі малымі электрастанцыямі лічацца электрастанцыі з вызначанай магутнасьцю да 6 МВт, а канцэрн «Белэнэрга» мусіць разьлічвацца з малымі электрастанцыямі за пастаўленную электраэнэргію па падвоенных тарыфах.[1] Прыкладна так і ў Латвіі, дзяржава гарантуе закуп электраэнэргіі ад малых ГЭС па падвойным тарыфе на працягу 8 гадоў пасьля ўводу ў эксплюатацыю.[2] З малых ГЭС умоўна вылучаюць мікра ГЭС, вызначаная магутнасьць якіх не перавышае 0,1 МВт.

У Швэцыі дзейнічае 1,35 тыс. малых ГЭС (2006), якія выпрацоўваюць 10% неабходнай краіне электраэнэргіі, у Кітаі каля 83 тыс. малых ГЭС (2006). У Беларусі да стварэньня адзінай Беларускай энэргетычнай сыстэмы існавала 179[3] малых ГЭС, якія забясьпечвалі электраэнэргіяй сельскую гаспадарку, пасьля большасьць зь іх была закінутая, цяпер робяцца спробы ўзнавіць іх (гл. таксама: Гідраэнэргетыка Беларусі). У Расеі ААТ «ГідраАГК» лічыць за малыя гідраэлектрастанцыі вызначанай магутнасьцю меней за 25 МВт. Будаўніцтва падобных станцый вулучана кампаніяй ў асобную праграму, апэратарам якой зьяўляецца даччыная арганізацыя прадпрыемства — фонд «Новая энэргія».[4] Паводле праграмы, да 2010 заплянавана ўвесьці ў эксплюатацыю малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасьцю 150 МВт, а да 2020 — ня менш чым 1000 МВт.[5]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пастанаўленьне СМ РБ ад 24.04.1997 №400 «Аб разьвіцьці малой і нетрадыцыйнай энэргетыкі».
  2. ^ «Закона аб энэргетыцы» ад 3.9.1998.
  3. ^ Работай, сила малых рек // РЭСПУБЛІКА №250 (4187) Серада, 17 студзеня 2007 г. (са слоў нам. старшыні Мінаблвыканкама Анатолія Мірчука)
  4. ^ Состоялся пуск Амсарской ГЭС // Журналистам: Новости 24 декабря 2007(недаступная спасылка) — Эл. вэрсія на афіцыйнай старонцы ААТ «ГідраАГК»
  5. ^ Цели и задачи Программы: План ввода мощностей — Эл. вэрсія на афіцыйнай старонцы фонда «Новая энэргія»