Марозіва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Марожанае»)
Марозіва
Марозіва ў крэманцы
Марозіва ў крэманцы
Іншыя назвызморазь, марожанае, мярзьлёнка[1]
Тыпдэсэрт
ПаходжаньнеСтаражытная Грэцыя
Дата зьяўленьняV стагодзьдзе да н. э.
Асноўны складніквада (лёд) або малако (вяршкі)
Распаўсюджаныя складнікіцукар (мёд), садавіна (сок)
Энэргетычная каштоўнасьць (у 100 г)270—375[2] ккал
Харчовая каштоўнасьць (у 100 г)
[[commons:Category:Вікісховішча|Марозіва]] ў Вікісховішчы

Маро́зіва (маро́жанае)[3] — замарожаны дэсэрт, які атрымліваюць шляхам замарожваньня масы з малочных прадуктаў (малака, вяршкоў, масла, а таксама смакавых і араматычных дадаткаў і цукру) або вады (лёду), звычайныя дадаткі — садавіна ці шакаляд, таксама існуюць незвычайныя дадаткі — мяса ці гародніна.

Альтэрнатыўны варыянт марожанага вырабляецца на аснове напояў: соевага, рысавага, аўсянага й т.п. Марожанае падаецца ў розных формах, часьцей за ўсё ў конусе або вафяльным кубачку, таксама часта робіцца марожанае на палачцы. Ёсьць вялікая колькасьць гатункаў і шмат дадаткаў, зь якіх найбольш папулярнымі зьяўляюцца: ўзьбітыя вяршкі, вафельныя трубкі, разынкі, здробненыя гарэхі й здробнены шакаляд. Марожанае зьяўляецца досыць калярыйным прадуктам, некаторыя віды марожанага ўтрымліваюць да 15% тлушчаў і да 20% вугляводаў.

Выраб марожанага на фабрыцы

Віды: пладова-ягаднае ці фруктовае (0% тлушчу), малочнае (да 4% тлушчу), сьметанковае (да 10%), плямбір (да 15%). Склад: вада 35—64%, цукар 12—16%, бялок і ляктоза 9—12%, малако складае прынамсі 10% тлустасьці. Таксама марозіва зьмяшчае да 20 амінакісьляў, 30 мінэральных соляў і вітаміны. У фруктовым марозіве найбольш вітаміна С. У малочным марозіве — кальцу[2].

Вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У харчовай прамысловасьці для хуткага замарожваньня марожанага часьцей выкарыстоўваецца вадкі азот. Гэта скарачае працэс замарожваньня і, такім чынам, зьніжае рызыку сальманэлы. Акрамя таго, выкарыстаньне вадкага азоту памяншае ўтварэньне крышталяў лёду, у выніку чаго марожанаму мажліва надаваць смакі, якія ня могуць быць атрыманыя шляхам павольнага замарожваньня, напрыклад — смак віскі.

Проціпаказаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марозіва шкодна ўжываць пры язвавай хваробе, запаленьні страўніка, хваробах дыхальных шляхоў, цукровым дыябэце і павышаным узроўні халестэрыну ў крыві[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За права называцца бацькамі марожанага могуць пазмагацца некалькі прэтэндэнтаў. У першую чаргу, кітайцы — менавіта яны першымі пачалі рабіць салодкі лёд, рэцэпт якога трымаўся ў строгай таямніцы. Кітайцы лічылі, што тэхналёгіі вытворчасьці шоўку й марожанага прынясуць ім сусьветную славу. З шоўкам так і атрымалася. А адносна марожанага яны пралічыліся. У кітайцаў гэты рэцэпт перанялі арабы, індусы, пэрсы. У IV стагодзьдзі да н. э. Аляксандар Македонскі, які дрэнна пераносіў сьпякоту, ўжываў фруктовыя сокі са сьнегам, які дастаўлялі з горных вяршыняў рабы. Любіў марожанае і рымскі імпэратар Нэрон (I стагодзьдзе н. э.). У Кіеўскай Русі, дзе таксама ніхто ня ведаў нічога пра кітайскае марожанае, папулярнасьцю карыстаўся рэцэпт халоднага дэсэрту: замарожанае малако дробна габлявалі й перамешвалі са сьвежымі ягадамі. Крыху пазьней пачалі замарожваць сыр, вяршкі і дадаваць сухія разынкі альбо абрыкосы.

У ХIII стагодзьдзі Марка Полё прывёз у Эўропу некалькі рэцэптаў невядомага датуль прадукту. Улетку 1660 году італьянец Франчэска Пракоп адкрыў у Парыжы продаж марожанага і стаў першым эўрапейскім марожаншчыкам. Неўзабаве марожанае пакарыла ўвесь сьвет. Першы апублікаваны рэцэпт марожанага зьявіўся ў 1718 годзе ў зборніку рэцэптаў місіс Мэры Ілз, які быў выпушчаны ў Лёндане.[4] З 1750 году ў Францыі сталі вырабляць гэты прадукт, які хутка стаў папулярным, цэлы год. У ЗША першае згадваньне аб адкрытым продажы марожанага сустракаецца ў траўні 1777 году. Вытворчасьць яго імкліва ўзрасла ў канцы XIX стагодзьдзя, калі зьявіліся дасканалыя халадзільныя машыны.

Марожанае — прадукт інтэрнацыянальны. Славяне прынесьлі ў рэцэптуру прадукту розныя напаўняльнікі, у Заходняй Эўропе вынайшлі мноства прамысловых спосабаў яго вытворчасьці, амэрыканцы прыдумалі аўтамат для вытворчасьці вафельных шкляначак і эскімо (марожанае на палачцы, глазураванае шакалядам). 1851 у Балтымары малочнік Джекаб Фуссэль заснаваў першую ў сьвеце фабрыку па вытворчасьці марожанага.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надпіс «марозіва» на Менскім чыгуначным вакзале (2021 г.)

У Беларусі вытворчасьць марозіва зьявілася ў 1900-я гады. На пачатку марозіва называлі на польскі лад лёды і на расейскі — марожанае. З 1920-х гадоў замацавалася ўласнабеларускае найменьне — марозіва, якое найчасьцей у сваім пісьменстве выкарыстоўваў Максім Гарэцкі[1].

Улетку 2012 году ў Беларусі найбольш набылі пладова-ягаднага марозіва, якое вырабляюць на аснове пюрэ, сокаў і сыропаў. У іншыя пору году часьцей набывалі плямбір[2]. У 2016 годзе ў Беларусі спажылі каля 2,5 кг марозіва на чалавека. На чэрвень 2017 году ў Беларусі налічвалася 24 вытворцы марозіва[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Юрась Бушлякоў. Марозіва // Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. — Менск: Радыё «Свабода», 2012. — С. 245-246. — 516 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-46-1
  2. ^ а б в г У Менску штодзень зьядаюць каля 60 т марозіва // Зьвязда : газэта. — 26 чэрвеня 2013. — № 116 (27481). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Юрась Пацюпа. Трасянка-беларускі слоўнік, м (марожанае — марозіва) // Праект «Электронная энцыкляпэдыя», 2009 г. Праверана 24 красавіка 2018 г.
  4. ^ «To Ice Cream» in Project Gutenberg’s Mrs. Mary Eales’s Receipts (1733), by Mary Eales.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. На сьвежых вяршках // Зьвязда. — 28 чэрвеня 2017. — № 121 (28485). — С. 4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марозівасховішча мультымэдыйных матэрыялаў