Мар’яна Бярнацкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мар’яна Бярнацкая
Мар’яна Чакала / Marianna Czokało
Род дзейнасьці сялянка, мучаніца, блаславёная
Дата нараджэньня 1888(1888)
Месца нараджэньня Ліпск, Польшча
Дата сьмерці 13 ліпеня 1943
Месца сьмерці Навумавічы, Гарадзенскі раён
Прычына сьмерці агнястрэльная рана[d]
Занятак філёзаф

Мар’яна Бярнацкая (з роду Чакала) — нарадзілася ў 1888 годзе, у Сапоцкінскім краі, у мястэчку Ліпск (цяпер — Польшча), ва ўніяцкай сям’і, дзе нават пасьля скасаваньня Уніі ў 1874-75 гг. вернікі моцна трымаліся каталіцкай веры. Дакладную дату і месяц яе нараджэньня ўстанавіць не ўдалося. Вядома, што ў 1905 годзе, пасьля выданьня царскага ўказу пра верацярпімасьць, у 17-гадовым узросьце, яна разам з сваімі бацькамі перайшла ў каталіцтва лацінскага абраду.

Мар’яна Бярнацкая была простай вясковай жанчынай, маці, якая нарадзіла шасьцярых дзяцей. Калі ў мястэчку 1 ліпеня 1943 году пачаліся масавыя арышты закладнікаў за забойства партызанамі нямецкага жаўнера, нацысты прыйшлі па яе сына Станіслава і нявестку Ганну (з роду Шыманчык). Каб уратаваць сваю цяжарную нявестку, якая праз пару тыдняў чакала нараджэньня дзіцяці, папрасіла арыштаваць яе самую. Яна аддала сябе на верную сьмерць, ахвяраваўшы сваё жыцьцё за нявестку і за жыцьцё яшчэ ненароджанага ўнука. Яшчэ амаль два тыдні яна правяла ў вязьніцы ў Горадні і, як адзначаюць тыя, хто выжыў, увесь час заставалася спакойнаю і шчыра малілася, была ўзорам веры і моцнага духу для іншых вязьняў (сярод якіх было і 6 ксяндзоў). Мар’яну Бярнацкую гестапаўцы расстралялі на фартах каля Навумавічаў 13 ліпеня 1943 году разам з 49 іншымі закладнікамі. Усяго ў Навумавічах расстраляна каля 5 тысячаў чалавек.

Жыхары Ліпска і ваколіцаў сьцьвярджаюць, што Мар’яна Бярнацкая была вельмі сумленным чалавекам як у сямейным жыцьці, так і ў царкоўным. Вылучалася сьціпласьцю, прастатой і спагадлівым сэрцам. Пра яе рэлігійнасьць сьведчыць той факт, што будучы ў вязьніцы ў Горадні, яна папрасіла, каб ёй перадалі ружанец для малітвы. Жыхары мястэчка Ліпск параўноўваюць яе гераічны ўчынак з мучаніцкай сьмерцю а. Максыміляна Кольбэ.

Блаславёная Мар’яна (Бярнацкая) стала ўзорам ахвярнае маці шчырага сэрца, адданага Богу, а яе мучаніцкая сьмерць дала пачатак новаму жыцьцю. За гэты подзьвіг веры Сьвяты Айцец Ян Павал II далучыў у 1999 годзе Мар’яну Бярнацкую да сьпісу блаславёных Каталіцкай Царквы сярод 108 новамучанікаў з часоў Другой сусьветнай вайны.

Літургічны ўспамін бласл. Мар’яны (Бярнацкай) — 13 ліпеня, у дзень яе сьмерці, а таксама 12 чэрвеня, у групе з 108 блаславёных мучанікаў Другой сусьветнай вайны. Гарадзенскія грэка-католікі штогод, на сьвята Ўсіх беларускіх сьвятых ладзяць у гонар Мар’яны Бярнацкай пілігрымку да форту №2, ля вёскі Навумавічы Гарадзенскага раёну, да месца, дзе была расстраляная Мар’яна Бярнацкая.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]