Масавае забойства беларусаў ва ўсходняй Польшчы ў 1946 годзе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Масавае забойства беларусаў ва ўсходняй Польшчы ў 1946 годзе
Месца атакі Падляшша
Цэль атакі Этнічная чыстка ў дачыненьні да праваслаўных беларусаў
Дата 28 студзеня — 2 лютага 1946 году
Колькасьць ахвяраў 79
Колькасьць тэрарыстаў каля 200
Тэрарысты Банда былых жаўнераў Арміі Краёвай
Арганізатары Рамуальд Райс

Ма́савае забо́йства белару́саў ва ўсхо́дняй По́льшчы ў 1946 го́дзе — акт генацыду ў дачыненьні да праваслаўных беларусаў, зьдзейсьнены бандай былых байцоў польскай Арміі Краёвай на чале з капітанам Рамуальдам Райсам на тэрыторыі Беластоцкага ваяводзтва ў студзені — лютым 1946 году. У часе рэйду бандаю Райса было спалена пяць вёсак і па этнічнай прыкмеце забіта 79 праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі[1].

Рамуальд Райс, кіраўнік польскай банды

Храналёгія падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Банда Райса складалася з прыкладна 200 чалавек — былых байцоў АК зь Віленшчыны і мясцовых палякаў[1]. Банда Райса ў 1944 годзе перайшла на Падляшша зь Віленшчыны[2]. Пасьля афіцыйнага роспуску Арміі Краёвай Райс уступіў у войска камуністычнай Польшчы, але потым дэзэртаваў і далучыўся да антыкамуністычнага падпольля[2].

28 студзеня 1946 году банда апынулася каля вёскі Лазіца. Там палякі спынілі абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы[1]. Райс адпусьціў фурманаў каталіцкага веравызнаньня, а праваслаўных прымусіў перавозіць ягоную банду[2]. 29 студзеня аддзел «Бурага» зьдзейсьніў пасьпяховы напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдатаў і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка, якому потым удалося ўцячы. 30 студзеня банда «Бурага», праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, вырашыла памяняць некаторых вазакоў. Солтысу вёскі было загадана падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, зь якіх потым назад вярнуліся толькі чацьвёра[1].

Спаленьне вёсак Заляшаны і Выганоўская Волька[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Заляшанах

29 студзеня банда «Бурага» прыбыла ў вёску Заляшаны[3]. Паводле Максімюка, у Заляшанах Рамуальд Райс загадаў сабраць усіх людзей на сход у хаце Дзьмітрыя Сахарчука. 16-гадовага Пятра Дземянюка, а таксама чырвонаармейца Аляксандра Зелінко вывелі на двор ды расстралялі. Дзьверы хаты заблякавалі і падпалілі будынак. У людзей атрымалася вызваліцца і выратавацца. Райс загадаў падпаліць усю вёску, і 16 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад агню[1].

Далей батальён Райса «Бурага» пераехаў у суседнюю Выганоўскую Вольку. За адмову аказаць дапамогу палякі падпалілі хлявы ды застрэлілі двух жыхароў: Яна Зінкевіча і Стэфана Бабулевіча.

Забойства фурманаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Старых Пухалах

30 студзеня аддзел апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы і вырашыў пазбавіцца фурманаў. Дадому былі адпушчаныя тыя зь іх, якія ўмелі жагнацца па-каталіцку і прачытаць малітву «Ойча наш» па-польску, астатнія былі забітыя[1]. Паводле сьведкаў, у тую ноч зь лесу было чуваць крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы[1]. Паводле журналіста Яна Максімюка, што дасьледваў гэтую тэму, фурманаў, імаверна, забілі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць[1].

Агулам у тую ноч было забіта 30[1][3] або 31[4] чалавек з 12 вёсак (Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лазіца, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька)[1].

Спаленьне вёсак Зані і Шпакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Занях і Шпаках

2 лютага банда Райса спаліла вёскі Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек)[1]. Бандыты расстрэльвалі тых, хто спрабаваў выратавацца з агню. Самому старому забітаму было 83 гады, самому малодшаму — 4 гады[5].

Суд і сьледзтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рамуальд Райс быў схоплены камуністычнай польскай уладай у 1948 годзе. Яго судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1949 годзе[2]. Райс не прызнаў сваёй віны ў масакры беларусаў і перакладаў адказнасьць за забойствы на свайго намесьніка[1].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскі камуністычны рэжым выкарыстоўваў масакру 1946 г. у мэтах прапаганды. Аднак, гэтыя падзеі не было прынята абазначаць як акт генацыду або этнічныя чысткі.[1] У 1970 годзе ў вёсцы Зані была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць пра ахвяраў масакры.[5] Месцы пахаваньня некаторых ахвяраў удалося высьветліць толькі праз 50 гадоў пасьля трагедыі.[6] Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму быў створаны Камітэт сем’яў забітых фурманаў, было праведзенае перапахаваньне рэшткаў ахвяраў трагедыі на вайсковых могілках у Бельску-Падляскім і пастаўлены помнік.[1]

На гадавіны трагедыі адбываюцца афіцыйныя памятныя мерапрыемствы ў Заляшанах і Бельску-Падляскім[2][7]. У 2005 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці зрабіў афіцыйнае заключэньне, што расправа бандаю Райса над жыхарамі беларускіх вёсак у 1946 г. была злачынствам з прыкметамі генацыду[2][7]. Акруговы суд у Беластоку ў тым жа годзе заявіў, што дзеяньні банды Райса былі злачынствам генацыду[2].

Дзеячы беларускай меншасьці ў Польшчы ацэньваюць масакру 1946 г. як адну з найважнейшых падзеяў паваеннай гісторыі рэгіёну. Паводле Яна Максімюка, трагедыя «зьяўляецца той найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая застаецца ў сьвядомасьці ўсіх беларусаў Беласточчыны і ў ацэнцы якой яны абсалютна згодныя»[1]. Паводле ацэнкі гісторыка Алега Латышонка, рэйд Бурага «спрыяў таму, што беларусы большую надзею зьвязвалі з камуністычнай Польшчай, чымся з аднаўленьнем даваеннай»[2].

У той жа час, нацыяналістычныя сілы ў Польшчы імкнуцца да рэабілітацыі Рамуальда Райса і ягонай банды[2]. У 1995 годзе Вайсковы суд у Варшаве[2] скасаваў сьмяротны прысуд Рамуальду Райсу і рэабілітаваў яго[4]. Ягоным нашчадкам была выплачаная кампэнсацыя[2]. 2 лютага 2012 году, у дзень угодкаў забойства беларускіх фурманаў, польскі Сойм прыняў рашэньне пра адзначэньне 1 сакавіка «Дня выклятых жаўнераў»[4]. Кампэнсацыі сем’ям ахвяраў так і не былі выплачаныя[1].

Падзеям 1946 г. прысьвечаная мастацкая кніга «Акулярнік» вядомай беларуска-польскай пісьменьніцы Кацярыны Бонды.[8]

7 чэрвеня 2021 году польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда ў кампаніі мітрапаліта Польскай праваслаўнай царквы Савы ўсклаў вянок да помніку беларускім жыхарам Заляшанаў, забітых 29 студзеня 1946 году польскімі жаўнерамі пад загадам камандзіра Рамуальда Райса. Пры гэтым, прэзыдэнт Польшчы заявіў, што наведаў «месца, якое адзначанае пакутамі і сьмерцю беларусаў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, нявінных жанчын і дзяцей. Я маліўся там за тых, хто загінуў, усклаў вянок як прэзыдэнт Рэспублікі Польшча пад крыжам, які ўшаноўвае памяць ахвяраў. Гэта важна як частка пашаны і памяці. Гэта важна ў самым найважнейшым духоўным аспэкце»[9].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Jakaja ž to pravda na sviêti? — Ян Максімюк, Радыё Свабода, 05 лютага 2013
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к 1946: час, калі палалі беларускія вёскі на Беласточчыне — Ян Максімюк, Радыё Свабода, 28 студзеня 2016
  3. ^ а б Andrzej Zdanowicz. (12.03.2011) Romuald Rajs «Bury». Żołnierz wyklęty i morderca (пол.). Gazeta WspółczesnaПраверана 29 студзеня 2019 г.
  4. ^ а б в Дзень выклятых жаўнераў — Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, 2015 г.
  5. ^ а б «Попел і памяць» — успаміны сьведак масакры, запісаныя Янам Максімюком. Апублікавана 6 траўня 1990 г., Тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»
  6. ^ Польскія ўльтраправыя абвінавачваюць беларускую журналістку ў ачарненьні герояў — Польскае Радыё, 18.11.2015
  7. ^ а б «Я іх бачу» — рэпартаж Валянціны Лаеўскай — Радыё Рацыя, 2015 г.
  8. ^ Кніга пісьменніцы з Гайнаўкі стала бестсэлерам у Польшчы — Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, 2016
  9. ^ Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда маліўся ў Заляшанах за душы беларускіх ахвяраў падразьдзяленьня «Бурага» // Тэлеканал «Белсат», 7 чэрвеня 2021 г. Праверана 10 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Попел і памяць» — успаміны сьведак масакры, запісаныя Янам Максімюком. Апублікавана 06/05/1990, Тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»
  • «Я іх бачу» — рэпартаж Валянціны Лаеўскай, Радыё Рацыя, 2015 г.