Маскаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Дзякуй табе, Божа, што я не маскаль»

Маскалі́ — адна з назваў расейцаў у беларускай мове[1][2][3]. Гістарычна ўжывалася датычна жыхароў Маскоўскай дзяржавы побач з назвамі масквіцін, масква, масквіч, масквічанін[4]. Часам пад расейскім уплывам разглядаецца як пагардлівая назва[5].

Гісторыя тэрміна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна ўжываўся ў дачыненьні да жыхароў Масквы, Масковіі, якая часта ў летапісах і гістарычных тэкстах згадваецца як Маскоўшчына, а таксама ў дачыненьні да васалаў Масквы.

Назва «маскаль» першапачаткова выкарыстоўвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы для азначэньня маскоўскага (суч. расейскага) служылага люду, вайскоўцаў і ўжывалася разам са словамі «маскаві́т», «маскалік», «маскоўскія людзі», «масковец» і г. д.

Слова «маскаль» часта сустракаецца ў летапісах, напрыклад: «егожъ был обжаловал москал о бой і зраненье сваё» (1582), ці вось гэткі: «Онъ давно зъ жонкою моею знявшісь, такій учынокъ не пооднокротъ чынілъ і цужоложылгъ, бо москалікъ хлопецъ его не зараз іхъ сходілъ» (1617)[6].

Вобраз маскаля захаваўся і ў вуснай народнай творчасьці. У батлейцы маскаль размаўляў на расейскай мове, паводзіў сабе нахабна, груба, часам бязьлітасна. Зьнешні яго выгляд меў праявы нечага «нячыстыга», чужога для тутэйшага насельніцтва. З часам вобраз маскаля стаў зьяўляцца і ва ўсіх праявах беларускага фальклёру: песьнях, загадках, прыказках ды анэкдотах. У песьнях адзначалася, што «маскаль ваяваў на нашу старонку, паланіў нашую дзяўчонку…» Тут быў накладзены новы вобраз на стары сюжэт, месца якога раней займаў татарын. З тых часоў слова «маскаль» пачынае прымаць у народа нэгатыўную афарбоўку.

Захавалася спадчына ўжываньня слова «маскаль» і ад рыцарскага саслоў’я Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, беларускі паэт Андрэй Рымша ў «Дзесяцігадовай аповесьці ваенных справаў князя Кшыштафа Радзівіла», выдадзенай ім у 1585 годзе ў Вільні па-польску, апавядае пра ваенныя падзеі 1580 году супраць Масковіі:

Рыцарства ўсё сышлося слаўнае залатое
Да князя Радзівіла ў Селішча Ямское
Дым ужо за агнішчам ўгору слупом нясецца
Кроў ужо маскавітаў струмянём ліецца
Тры пасткі па ўзьлесьсі ворагі прыхавалі
Скеміўшы тое ліцьвіны з коней пасьсядалі
Ворагаў у засадах, гэтых ды парубілі
Як сьвіней калолі, у балоце тапілі.
Але ж наперад паімчаў, гуф літоўскі лепшы
Трапіў у пастку да стральцоў, да стральцоў пярвейшых
Дружныя залпы стральцы, па ліцьвінах пусьцілі
Потым нашых вершнікаў на канях парубілі.
Палеглі слаўны рыцары, Зянкевіч ды Ціхінскі
Быў жа яшчэ забіты там, рыцар Ян Тымінскі
Ўсе яны служылі ў Ёрдановай роце
Доўг свой Айчыне аддалі рыцарскі ў годнай цноце
Многія князя рыцары праз ворага падманы
Зьведалі ран крывавых, цяжкія мелі раны.
Ды Радзівіла слугі, раны ператрывалі
За кроў забітых ліцьвінаў ворага пакаралі
Шмат хто у бітве з ворагаў там галавы пазбыўся
Ці пад ударам дзіды навек угаманіўся
Секлі баярскія ілбы, секлі і білі многа
Там жа вязалі у палон маскаля ліхога.
Гетман аплакаў палеглых, годна іх пахаваўшы
Славу героям навякі, гонар ім абяцаўшы
Рыцараў ды герояў, войска суправаджала,
Славаю іх апошні шлях годна аздабляла.
Гетман зноў загадаў трубіць, коней зноў асядлаці
Прагне ў сечы лютай зноў маскоўца спаткаці.
Тадэвуш Касьцюшка і касінеры (карціна «Бітва пад Рацлавіцамі» Яна Матэйкі)

Увесну 1794 году ліцьвіны (беларусы) і жамойты разам з палякамі падняліся на паўстаньне, якім кіраваў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касьцюшка. Ніжэй прыведзеныя радкі з ананімнага звароту[7], напісанага на беларускай мове:

«Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі

Песьня беларускіх жаўнераў

У 1863 годзе на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Жамойці разгарнулася чарговае агульнанароднае вызваленчае паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі. У Літве (Беларусі) кіраваў гэтым паўстаньнем Кастусь Каліноўскі. Пасьля краху паўстаньня Каліноўскі быў прысуджаны да сьмерці праз павешаньне. У сваёй перадсьмяротнай прамове Каліноўскі зьвяртаўся да народу:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!»

Пасьля захопу Рэчы Паспалітай Маскоўскай дзяржавай і пачатку палітыкі расеізацыі слова «маскаль» пачало ўсё больш пашырацца і мела адносіны ўжо да ўсіх расейцаў — пасаднікаў, настаўнікаў, сьвятароў. Адданы Расеі Язэп Сямашка пісаў расейскаму ўраду ў 1827 г.: «Моладзь у публічных школах (у Беларусі) адзываецца пра Расею з пагардаю — ня ведаючы расейцаў, яна ўважае іх за народ барбарскі, і слова маскаль засталося звычайным выяўленьнем пагарды».

Складанасьць беларуска-расейскіх адносінаў адлюстравалася ў беларускім фальклёры ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Расейцы ў фальклёры прысутнічалі пад назвамі «расейцы» ды «маскалі». «Расейцамі» называлі беглых старавераў, а «маскалямі» — пасаднікаў, памешчыкаў, вайскоўцаў, настаўнікаў і г. д. Аналіз фальклёрнага матэрыялу сьведчыць пра талерантныя адносіны ліцьвінаў да «расейцаў»-старавераў. А вось у адносінах да «маскалёў» прысутнічала выразная варожасьць: «Не за тое маскаля б’юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў»; «— Тату, тату! Лезе чорце ў хату! — Дарма! Абы не маскаль» і г. д.

Выкарыстоўваў слова «маскаль» і польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч.

У 1914 годзе Янка Купала напісаў свой верш «Сваякі», у якім ён кажа:[8]

«Раз абселі Беларуса
Маскалі ды Ляхі,
І давай яму сваяцтва
Тыкаці з-пад пахі:
— Ты мой ісціны браточак! —
Маскалёк бармоча;
— Ты мой хрэснік, мой сыночак!
Юда-Лях сакоча

За часамі Першай Сусьветнай вайны маскалямі называлі ўсіх расейцаў, незалежна ад іх нацыянальнасьці. З таго часу ў люду засталося шмат жартаў, у якіх высьмейвалася няўменьне маскаля весьці гаспадарку (капаць бульбу, жаць жыта, касіць сена і г. д.) і тое, як яны прыкрывалі сваё махлярства («Махнаты цуд у Хойніках»), злаўчайства («Прададзенае сала», «Рыбалка на жыўцы») і нахвальбу («Маскальскія пчолы»)[Крыніца?].

У вершы беларускага паэту XIX стагодзьдзя Паўлюка Багрыма ёсьць радкі — «Каб я каршуном радзіўся, я бы без паноў абыўся: у паншчыну б не пагналі, у рэкруты б не забралі і ў маскалі не аддалі.». У творы паняцьці «рэкрут» і «маскаль» разьмежаваныя і адпавядаюць тэрмінам «навабранец» і «салдат»[Крыніца?].

Назва «маскаль» у Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія прыказкі[9][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ад жыда адкупіся, ад д’ябла адмаліся, а ад маскаля палы ўрэж і ўцякай.
  • Ад чорта адхрысьцішся, а ад маскаля не адмолішся, ад маскаля палы ўразай ды хутчэй уцякай.
  • З дурням не вадзіся, з маскалём не мірыся.
  • Калі маскаль кажа суха, то паднімайся да вуха, бо ён брэша.
  • Маскавіты такія — на грош амуніцыяў ды на дзесяць амбіцыяў.
  • Маскаль ад працы памірае, ад гарэлкі акрыяе.
  • Маскаль у труне — сьвята на сяле.
  • Мы не маскалі, каб сьпяваць «Госпадзі, памілуй».
  • Не за тое маскаля б'юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў.
  • — Тату, тату! Лезе чорце ў хату! — Дарма! Абы не маскаль.
  • Цыган падмане, а маскаль заб’е.
  • Як ліцьвін шабляю блісьне, так маскаль у нагавіцы дрысьне.

Беларускія жарты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе вялікая колькасьць беларускіх жартаў, дзе прама ці ўскосна згадваецца маскаль.[10]

Забарона крычалкі «Хто ня скача, той маскаль!»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 2018 г. крычалка «Хто ня скача, той маскаль!», якая атрымала пэўную папулярнасьць пад уплывам украінскіх футбольных фанатаў пасьля расейска-ўкраінскай вайны, рашэньнем суда Цэнтральнага раёну Менска была прызнаная экстрэмісцкай, яе нанясеньне на візуальныя інфармацыйныя носьбіты, а таксама прайграваньне гукам і выкрыкваньне былі прызнаныя праявамі экстрэмізму[11].

Назва «москаль» ва Ўкраіне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тарас Шаўчэнка. Малюнак да паэмы Тараса Шаўчэнкі «Катарына». На заднім пляне афіцэр-маскаль, які згвалціў дзяўчыну

Ва Ўкраіне слова «маскаль» таксама выкарыстоўваецца для азначэньня расейцаў, але ўжываецца разам зь іншай, уласнаўкраінскай назвай — каца́п (ад слова «как цап», у сэнсе «як казёл», маецца на ўвазе барадаты «як казёл»). Маскаль зафіксаваны і ва ўкраінскай народнай творчасьці ў якасьці героя разнастайных прыказак, прымавак, жартаў ды анэкдотаў.

Слова «маскаль» выкарыстоўваецца і ўкраінскімі пісьменьнікамі і паэтамі, такімі як Тарас Шаўчэнка, які ніколі ў сваёй творчасьці не называў расейцаў «рускімі» альбо «расіянамі», а толькі «маскоўцамі» альбо «маскалямі». У творах Тараса Шаўчэнка выраз — па-ўкраінску: «забрали в москалі» азначае «забралі служыць у войска» (на 25 гадоў).

У творах Нечуя-Лявіцкага ў маскалі таксама набіралі па ўкраінскіх сёлах як у войска на 5 гадоў. Вядома, мясцовае насельніцтва такіх не любіла. Але ў іх былі перавагі: яны і ўся іхняя сям’я былі вольнымі, не прыгоннымі. Праўда ў любы момант іх маглі зноў заклікаць у войска ў сувязі з паўстаньнямі або вайсковымі дзеяньнямі. Украінскіх дзяўчын, якія выйшлі замуж за «маскаля», у творах Нечуя-Лявіцкага звалі «маскоўкамі».

Разам з тым, вершы Шаўчэнкі па-ўкраінску: «Кохайтеся, чорнобриві, та не з москалями, бо москалі — чужі люде (варыянт: люди зліє), роблять лихо з вами.» (улюбляйцеся, чарнабровыя, але не ў маскалёў, яны чужыя людзі, робяць вам бяду)[12], хутчэй за ўсё, ставіцца да ўсіх расейцаў (хоць у дадзенай паэме расейцам, які спакусіў гераіню і які прынёс ёй бяду, быў менавіта салдат).

Таксама пра маскалёў верш Шаўчэнкі:

Дніпро — брат мій висихає, мене покидає,
І могили мої милі москаль розриває.
Що він розкопує, не своє шукає?

Выраз «москаля везть» (Гогаль) азначае «хлусіць»[Крыніца?].

У папулярнай культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Футболкі, прапанаваныя турыстам у 2008 ва Львове: «Маскаль, на Ўкраіну зубы ня шчэр!», «Уставай, Украіна, маскаль ужо гадзіну ня сьпіць!».
Надпісы пра «маскалёў» на футболках, прапанаваных турыстам у Заходняй Украіне (2008)

У цэнтральнай і заходняй Украіне, асабліва пасьля «аранжавай рэвалюцыі» 2004 г., даволі папулярныя футболкі, суколкі, постэры і сувэніры расейскафобскага характару, утрымоўвальныя слова «маскаль».

Прыклады надпісаў (у перакладзе на беларускую):

  • Дзякуй Табе, Божа, што я не маскальварыянт каляровай гамы ад аранжавага да жоўта-сіняга; малюнкі розныя. Зьявіўся ў канцы 1990-х гадоў.
  • Не мачыся ў пад'езьдзе, аж ты не маскаль (2004).
  • Маскальшчына не мінуе (2004).
  • Маскалі мацюком не лаюцца. Яны на ім размаўляюць (2006).
  • Мацюкі ператвараюць цябе ў маскаля (пачатак 2007).
  • Маскаль, на Ўкраіну зубы ня шчэр (Маякоўскі).
  • Уставай, Украіна, маскаль ужо гадзіну ня сьпіць (2000-я).
  • Маскалюга варэнікаў хоча?..жаночая футболка (2000-я).
  • Кахаеце, чарнабровых, але не маскалёў (2004, іншы варыянт 2007) — з рознымі малюнкамі, на адным зь якіх няшчасная шаўчэнкаўская Кацярына.
  • Гэты «перасічны» («радавы», «звычайны», «сярэднестатыстычны») жыхар не разумее маскальскі дыялект украінскай мовы (пасьля 2005).

Назва «moskal» у Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слова маскаль шырока ўжывалася польскімі сялянамі і выкарыстоўвалася ў традыцыйным сьвеце — маскалі выглядалі ў якасьці рабаўнікоў ды гвалтаўнікоў.

Шмат слова «маскаль» выкарыстоўваў і польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч.

Арыгінальны тэкст «Мазуркі Дамброўскага» ўключаў у сябе дзьве дадатковыя строфы (у афіцыйным тэксьце дзяржаўнага гімна Польшчы яны адсутнічаюць):

Niemiec, Moskal nie osiędzie, Не сяліцца [у краі нашым] ні немцу, ні маскалю,
Gdy jąwszy pałasza Калі, пад шатамі палашоў(?),
Hasłem wszystkich zgoda będzie Нашым заклікам стануць згода
I Ojczyzna nasza І Айчына наша

Геаграфічныя назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя значэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клоп-маскаль, Pyrrhocoris apterus

Маскалямі або маскалікамі ва Ўкраіне называюць клапоў Pyrrhocoris apterus, афарбоўка чорная, пярэднесьпінка і надкрылы з чырвоным малюнкам. Заднія крылы, як правіла, адсутнічаюць, але сустракаюцца і выключэньні. Жыве калёніямі на зямлі, у падстаў ствалоў дрэў, смокча расьлінныя сокі, рэдка ежай служаць дробныя казуркі. У калёніях мае месца канібалізм. У Расеі яны маюць назву клоп-салдацік або чырвонаклоп звычайны.[13][14]

Таксама маскалямі ва Ўкраіне часам завуць звычайных хатніх прусаў. Такая традыцыя характэрная для большасьці славянскіх народаў (у расейцаў — прусак, у чэхаў — šváb, у палякаў — francuz) [15].

Прозьвішчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 6. — Мн., 1990. С. 244.
  2. ^ Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
  3. ^ Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, 1989. С. 677.
  4. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 18. — Мн.: Беларуская навука, 1999. С. 166—167.
  5. ^ У Беларусі высьвятлялі, ці зьяўляюцца абразамі словы «бульбаш», «маскаль», «лабус» і «жыд»(недаступная спасылка) (рас.) Newgrodno.by, 26 верасьня 2018 г.
  6. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 18. Мн. «Беларуская навука» 1999. ISBN 985-08-0179-5
  7. ^ http://www.gants-region.info/publ/pesnja_belaruskikh_zhawneraw_1794_goda_jak_gistarychnaja_i_kulturnaja_kashtownasc/3-1-0-239 «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года» як гістарычная і культурная каштоўнасць
  8. ^ Сваякі
  9. ^ Товарищи и граждане!(недаступная спасылка)
  10. ^ О, брат, где же ты? Белорусы о родстве с русскими
  11. ^ В Беларуси запретили речовку «Хто не скача, той...» - Хартыя'97, 28 кастрычніка 2018 г.
  12. ^ Т. Г. Шаўчэнка, «Кацярына (паэма)»
  13. ^ Верхратський Іван. Початки до уложення номенклатури і термінології природописної, народної. — Т. 1. — Львів, 1864. — С. 7.
  14. ^ Словар української мови / Упорядкував з додатком власного матеріалу Борис Грінченко. — Т. 2. — К., 1908. — С. 447.
  15. ^ Мовний та культурний портрет реалій. Таргани

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускі фальклор. Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2006, ISBN 985-11-0366-7 (Т. 2)
  • Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 18. Мн. «Беларуская навука» 1999. ISBN 985-08-0179-5
  • А. Цьвікевіч. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ ст. і пачатку ХХ стг. Менск, 1929

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]