Мацьвей Смаршчок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мацьвей Смаршчок

Мацьвей (Мітрафан) Смаршчок (пс. Анатоль Бярозка, Анатоль Рэпкаў-Смаршчок; 19 лютага 1915, в. Падлесьсе, Ляхавіцкі раён — 20 чэрвеня 2008, Мантысэла, штат Мінэсота, ЗША) — доктар мэдыцыны, беларускі паэт, культурны і грамадзкі дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мітрафан (Мацьвей) Смаршчок нарадзіўся 19 лютага 1915 году ў вёсцы Падлесьсе, што пад Ляхавічамі. Бацькі былі звычайнымі сялянамі. Амаль уся вёска была заселеная Смаршчкамі, і таму, каб адрозьніць адну сям’ю ад другой, іх вясковае прозьвішча было Рэпкаў-Смаршчок.[1]

Бацька — Васіль — падчас Першай сусьветнай вайны ваяваў у царскім войску, адзін цягнуў гаспадарку, маці — Ганна — дапамагала яму ў хатніх справах. Бацька вельмі цікавіўся кнігамі, прывіваў любоў да навукі і сыну, бо меркаваў, што мае здольнасьці. Ад­правіў вучыцца сына ў польскую школу ў Падлесьсі. Пачатковую школу скончыў ужо ў Ляхавічах, за сем кілямэтраў ад Падлесься.

Потым паступіў вучыцца ў гімназію ў Баранавічах. Пасьпяхова скончыў Баранавіцкую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана і паехаў працягваць адукацыю ў Віленскі ўнівэрсытэт, хоць маці хацела, каб вывучыўся на сьвятара, што яго, аднак, ня вабіла.[1] Уступныя іспыты ва ўнівэрсытэт прайшоў выдатна, адказаўшы на ўсе пытаньні. З трох сотняў юнакоў-прэтэндэнтаў на вучобу залічылі траціну. У 1934—1939 гадох навучаўся на мэдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «вуха-горла-нос».

Ужо пад час студэнства актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. Разам зь сябрамі БСС Вацлавам Пануцэвічам, Адамам Дасюкевічам, і М. Канцэлярчыкам Мацьвей Смаршчок уваходзіў у склад рэдкалегіі «Студэнцкай трыбуны» — студэнцкага дадатку да галоўнага інфармацыйнага выданьня БХД газэты «Беларуская крыніца». Таксама Мацьвей Смаршчок уваходзіў у склад кіраўніцтва Таварыства прыяцеляў беларусаведы пры Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя.

Належаў да рэдкалегіі часопісаў «Калосьсе», «Шлях Моладзі». Выконваў абавязкі рэдактара. Супрацоўнічаў з гумарыстычным часопісам «З-за плоту». На трэцім курсе быў запрошаны ў асыстэнты на катэдру фізыялёгіі, дзе займаўся вівісэкцыяй (экспэрымэнтамі над жывёламі).

Пасьля аб’яднаньня Беларусі ў 1939—1941 гадах працаваў лекарам у чыгуначным шпіталі ў Берасьці і Пінску. Яшчэ ў Вільні, адразу па заняцьці Саветамі Заходняй Беларусі да яго прыйшлі супрацоўнікі НКУС. Разам зь ім у пакоі быў сябра Ўсевалад Кароль.

Па-першае, паказалі нам «Воззвание к жителям Вильно». Спыталі, ці можам перакласьці тэкст на польскую і беларускую мовы. Я пераклаў на беларускую, а Кароль — на польскую. Тэкст называўся «Да вшысткіх беларусінув, жыдув, палякув, ліцьвінув». Адзін з «опэраў», чытаючы тэкст, сказаў: «Все хорошо, но мы не употребляем слово „жыд“». І паправіў «жыдув» на «евреюв». Так польская мова ўзбагацілася новым словам…

Але на гэтым нашае спатканьне з супрацоўнікамі НКВД ня скончылася: «па-расейску: Нам нужна ваша помощь. Мы разыскиваем таких людей, как Луцкевич, Берёзка…» Тады Кароль, які добра валодаў расейскай мовай, адказвае: «па-расейску: Берёзка? Вы его не найдете — его убила бомба возле костела Петра и Павла». І яны выкрасьлілі мой псэўданім са сьмяротнага сьпісу.

Пачатак вайны сустрэў у Маскве, куды быў накіраваны дзеля атрыманьня далейшай адукацыі. У той час Мацьвей Смаршчок працаваў чыгуначным лекарам.[1] Атрымаў загад вярнуцца дамоў, у Пінск, але цягніком даехаў толькі да Воршы. Загадчык станцыі ў Воршы прымусіў яго заступіць на працу ў паліклініку, бо там працавала толькі жанчына-загадчыца, а ўсе лекары паўцякалі з пачаткам нямецкіх авіяналётаў. Разам з палякам, доктарам Рудзкім зь Беластоку, вырашыў ісьці дадому пехатою. Толькі выйшлі, як былі арыштаваныя і загнаныя адбудоўваць мост. На наступны дзень убіліся ў цягнік і даехалі да Баранавічаў. Там быў пасаджаны ў нямецкую турму дзеля выясьненьня ўсіх абставінаў. З прычыны таго, што добра валодаў нямецкай мовай, змог хутка вызваліцца і дабрацца дамоў.

За немцамі працаваў у Баранавічах. Загадваў шпітальным аддзелам, адначасова быў дырэктарам і выкладчыкам мэдычнае сярэдняе школы. У 1942 годзе ажаніўся з мэдсястрою Станіславай Кшывец, беларускай полькй. Жонка Станіслава малодшая за Мацьвея Смаршчка на год, нарадзілася ў Менску.

Пасьля 1944 году ў Нямеччыне. Разам зь сям’ёй Мацьвея Смаршчка ў 1944-ым выехаў у Нямеччыну і яго бацька, хоць Саветы да вайны запісалі яго сярэдняком і таму не чапалі. Калі ўцякалі на захад, спачатку сям’я Смаршчкоў спынілася ў Пазнані, дзе яго жонка мела сваякоў. Там Мацьвей Смаршчок трапіў у нямецкі працоўны лягер. Паводле словаў самога Мацьвея Смаршчка адбылося гэта ў Пазнані, калі ён пайшоў па харчовыя карткі. Гестапаўцы яго там адразу і арыштавалі. Усю яго сям’ю — бацьку, жонку ды малую дачку — пад канвоем накіравалі ў працоўны лягер у Нордхаўзэн.[1] Мацьвей Смаршчок разам з расейцам і двума французамі быў прызначаны на лекарскую працу.

Бацькі Мацьвея Смарчка трагічна загінулі. Бацька, Васіль Смаршчок, загінуў у Нордхаўзэне падчас апошняга налёту ангельска-амэрыканскай авіяцыі. Пайшоў купіць малака для сваёй унучкі — маленькай дачкі Мацьвея Смаршчка — і быў забіты бомбай. Маці, якая адмовілася пакідаць родную вёску Падлесьсе, загналі ў канцэнтрацыйны лягер у Лясным, які спачатку выкарыс­тоўваўся як лягер для нямецкіх ваеннапалонных. На думку Мацьвея Смаршчка, яе пакаралі, відаць, за тое, што ні сын, ні муж у Беларусі больш не паказваліся.[1]

У 1948 ці 1950 годзе зьехаў у ЗША на запрашэньне мантысэлаўскага шпіталя, які шукаў спэцыялістаў. Ва ўнівэрсытэце Мінэсоты мусіў здаць усе экзамэны, якія здаюць амэрыканскія лекары. Гэта заняло ажно тры гады. Атрымаўшы права на практыку, спачатку працаваў разам з старэйшым лекарам гораду, які ў складзе амэрыканскай арміі вызваляў Нордхаўзэн. Потым пачаў працу ва ўнівэрсытэце Мінэсоты, паралельна займаючыся Домам састарэлых у Мантысэле. Зьяўляўся прафэсарам Мінэсотаўскага ўнівэрсытэту, займаўся досьледамі хваробаў сэрца.

У Мантысэле і пражыў да скону дзён. Прымаў удзел у разбудове шпіталя (Big Lake Hospital and Nursing Home). Быў шматгадовым кіраўніком мэдычнага догляду ў доме для састарэлых. На пасадзе дырэктара Дома састарэлых працаваў ажно да 85 гадоў. Ягонае імя носіць (названы яшчэ пры жыцьці) адзін з карпусоў мэдычнага комплексу ў Мантысэле.[1]

Падтрымліваў сувязь зь Беларускім інстытутам навукі й мастацтва, Беларуска-амэрыканскім задзіночаньнем. У вольны час займаўся фатаграфаваньнем, шахматамі, электронікай.

Мацьвей Смаршчок памёр 20 чэрвеня 2008 году ў Мантысэле (штат Мінэсота, ЗША). Пахаваны на каталіцкіх могілках царквы сьвятога Гэнрыка ў Мантысэле беларускім грэка-каталіцкім сьвятаром а. Ігарам Лабацэвічам.

Меў дзьвюх дачок: малодшая Мэры і Эмілія, якая нарадзілася яшчэ ў Баранавічах. Мэры — прафэсар у каледжы ў Каліфорніі. Эмілія шмат гадоў працавала настаўніцай у Чыкага, а потым выйшла на пэнсію і пераехала на Гаваі. Яе дачка, унучка Мацьвея Смаршчка, таксама працуе ў адукацыі.

Літаратурная дзейнасьць і творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вершы пачаў пісаць, калі было каля дванаццаці гадоў. Поштай дасылаў іх у часапіс «Заранка», дзе рэдактаркай была Зоська Верас.

Падчас навучаньня ў Вільні стаўся дапаможным рэдактарам часопісу «Шляху моладзі». Калі быў створаны часопіс «Калосьсе», Янка Шутовіч, яго добры сябар, уключыў яго ў склад неафіцыйнай рэдкалегіі часопісу. Мацьвей Смаршчок пераглядаў і рыхтаваў да друку большасьць вершаў, якія прыходзілі ў часопіс «Калосьсе». У 1939 годзе газэта «Крыніца» называла яго другім пасьля Натальлі Арсеньневай «выбітнейшым беларускім літаратарам, які застаўся ў Вільні».[1]

Паводле Мацьвея Смаршчка, на эміграцыі ў яго на творчасьць амаль не было часу — мэдычная практыка адымала і час, і сілы. Таму напісаў гэтак мала.

У 1989 годзе выдаў свой зборнічак «Адзіннаццаць вершаў». У 2004 годзе ў Менску выйшла яго кніга «Бярозка Анатоль. Выбранае».

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё Аляксандар Адзінец Анатоль Бярозка. «Маё сэрца ўжо спынялася» // Дзеяслоў : літаратурна-мастацкі часопіс. — 2007. — № 2 (27). — С. 280-284.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]