Менскае ўзвышша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Менскае ўзвышшаузвышша, разьмешчанае ў цэнтральнай частцы Беларусі. Найвышэйшая частка Беларусі і Беларускай грады.

На Менскім узвышшы вылучаюць асобныя часткі, якія маюць сваю геалягічную гісторыю і сваё аблічча — Лагойскае, Івянецкае, Радашковіцкае і Плешчаніцкае ўзвышшы. Паводле новых дасьледаваньняў да Менскага ўзвышша трэба адносіць і Валожынскае ўзвышша, якое па традыцыі разглядаюць як усходняе крыло Ашмянскага ўзвышша.

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займае паўночна-заходнюю і цэнтральную часткі Менскай вобласьці. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на захадзе, Нарачанска-Вялейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на паўночным захадзе і поўначы, Аршанскім узвышшам на ўсходзе, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на паўднёвым усходзе, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на поўдні і паўднёвым захадзе. Далінай ракі Сэрвач (прыток ракі Вяльля) адасобленая ад Сьвянцянскіх градаў. Працягласьць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход больш за 180 км, з захаду на ўсход — 143 км. Плошча ўзвышша 7,3 тыс. км².

Геалягічная будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскае ўзвышша складзена з уласна ледавіковых (марэна) і водна-ледавіковых (пяскі й жвір) адкладаў, якія намножыліся за час ня менш як трох зьледзяненьняў. Паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія схілы ўзвышша месцамі ўкрытыя лёсападобнымі пародамі, што намножыліся ў час апошняга паазерскага зьледзяненьня, калі ледавік падступаў да Менскага ўзвышша.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф градавы й сільна ўзгорысты. Частка Чарнаморска-Балтыйскага вадападзелу. Скразныя даліны рэчак Ілія — Гайна, Вяльля — Поня злучаюць басэйны Балтыйскага ды Чорнага мораў.

Максымальныя вышыні: гара Сьвятая (345 м), Лысая (342 м) і Маяк (335 м) у яе цэнтральнай частцы. Адноснае перавышэньне над суседнімі раўнінамі больш за 150 м.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ўзвышшы выяўленыя радовішчы пяску, жвіру, керамічнай сыравіны, падземных, у тым ліку мінэральных водаў.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рачная сетка належыць басэйнам ракі Нёман (рака Вяльля з прытокамі Сэрвачу, Дзьвінасай, Іліяй; Заходняя Бярэзіна, Іслач, Сула, Вуса і іншыя) і рэкі Дняпро (Бярэзіна з Поней, Тайнай, Плісай, Сьвіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на рацэ Сьвіслач (Заслаўскае, Крыніца, Дразды), рацэ Вяча (Вяча), рацэ Пціч (Ваўчковіцкае вадасховішча). У межах Менскага ўзвышша праходзіць галоўны канал Вялейска-Менскай воднай сыстэмы.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад лесам 10—20 % тэрыторыі на поўдні і 40—50 % на поўначы (хваёвыя лясы). Асноўная частка балотаў асушаная. Разараныя каля 50 % тэрыторыі.

Рэкрэацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Менскім узвышшы знаходзяцца Купалаўскі і Прылуцкі заказьнікі, мэмарыял Янку Купалу ў Вязынцы, комплексы аб’ектаў зімовага адпачынку — Лагойск, Сілічы, Раўбічы і іншыя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мінскае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 62—63.
  • Минская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.