Менскі электратэхнічны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Менскі электратэхнічны завод»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная жнівень 1956
Краіна
Разьмяшчэньне Менск, вул. Уральская, д. 4
Ключавыя фігуры Аляксандар Радзевіч
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя аўтазараднік, дызэльны генэратар, токаабмежавальны рэактар(en), трансфарматар, электрабагравальнік, электрападстанцыя
Абарачэньне 1356,080 млрд рублёў[1] (2015; $84,574 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак 26,853 млрд руб ($1,675 млн)
Чысты прыбытак 14,520 млрд руб ($0,906 млн)
Лік супрацоўнікаў 3270 (2016 г.)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Вітаўтаматыка» (Віцебск), «Лідзкі завод электравырабаў» (Гарадзенская вобласьць), «Ратон» (Гомель), «Спэцаўтаматыка» (Берасьце)

«Менскі электратэхнічны завод» (МЭТЗ) — прадпрыемства Беларусі па вырабе электраабсталяваньня, заснаванае ў жніўні 1956 г. як Менскі завод электрашчытоў кіраваньня. З 1967 г. носіць сучасны назоў[3]. На 2011 г. зьяўляўся адным з найбольшых вытворцаў сілавых трансфарматараў у Эўропе[4]. На 2016 г. вырабляў: сілавыя алівавыя і сухія трансфарматары; камплектныя трансфарматарныя падстанцыі(be) (КТП); антырэзанансныя, рухавіковыя, сеткавыя і токаабмежавальныя рэактары(en); устаноўкі катоднай абароны; дызэльныя электрастанцыі; аўтазараднікі акумулятараў; пусказарадныя прылады і стартавыя дроты для аўтамабіляў; зварачныя паўаўтаматы; канвэктарныя(en) электраабагравальнікі.

Холдынг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 верасьня 2014 г. Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік «Менскі электратэхнічны завод» у Дзяржаўны рэестар холдынгаў за № 86. У холдынг увайшлі 11 ААТ: «Аптычнае станкабудаваньне і вакуўмная тэхніка» (Менск, вул. Філімонава, д. 25), «Вітаўтаматыка» (Віцебск, вул. Менская, д. 16), «Завод сродкаў комплекснай аўтаматызацыі» (Менск, вул. Ляшчынскага, д. 8), «Лідзкі завод электравырабаў» (Гарадзенская вобласьць), Астравецкі завод «Радыёдэталь» (Гарадзенская вобл.), «Ратон» (Гомель, вул. Фядзюнінскага, д. 19), «Смаргонскі завод аптычнага станкабудаваньня»(ru) (Смаргонь, Гарадзенская вобл.), «Спэцаўтаматыка» (Берасьце, вул. Я.Купалы, д. 120/1), «Спэцмантажаўтаматыка» (Менск, вул. Гусоўскага, д. 6), «Спэцпрамаўтаматыка» (Гомель, вул. Хімзаводзкая, д. 8), «Спэцрадыёналадка» (Менск, вул. Магілёўская, д. 41).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1956 г. на прадпрыемстве выпусьцілі першы трансфарматар. У 1957—1965 гг. пабудавалі дапаможныя карпусы. У 1960 г. пачалі сэрыйны выраб трансфарматараў уласнай канструкцыі з алюмінавай абмоткай замест абмоткі даражэйшым медным дротам. У 1980 г. прыступілі да вырабу гермэтычных гафраваных трансфарматараў, якія абыходзіліся без замены алівы цягам усяго тэрміну службы. Замест алівапашыральнікаў ціск пры нагрэве алівы ў іх кампэнсаваўся гофрамі бака. Гафраваны бак сталі запаўняць пад вакуўмам алівай, якую папярэдне дэгазавалі для выкарыстаньня без замены цягам ўсяго тэрміну службы. Выраб гафраваных бакаў наладзілі на абсталяваньні, набытым у францускага прадпрыемства «Альстом»(be) (Сэнт-Ўэн, дэпартамэнт Сэн-Сэн-Дэні, рэгіён Іль-дэ-Франс). У 1990 г. асвоілі выраб пласьцінаў магнітаправодаў(en) з электратэхнічнай сталі на аўтаматызаванай лініі, набытай у нямецкага прадпрыемства «Гайнрых Георг»(de) (Кройцталь, Арнсбэрская акруга, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія). Разьмяшчэньне такіх магнітаправодаў у трансфарматары дазволіла істотна скараціць страты электраэнэргіі падчас працы пры халастым ходзе. Затым сумесна зь нямецкім прадпрыемствам «Сымэнс»(be) (Мюнхэн, зямля Баварыя) наладзілі вытворчасьць сухіх трансфарматараў[4].

На 1999 г. Менскі электратэхнічны завод вырабляў: 1) сілавыя алівавыя трансфарматары (да 1000 кілявольт-ампэр); 2) маламагутныя сухія трансфарматары (0,063-2,5 кілявольт-ампэр); 3) электрападстанцыі для электрастанцыяў, нафтаздабыўной прамысловасьці і цеплаапрацоўкі бэтону і грунту; 4) прылады катоднай абароны магістральных трубаправодаў і падземных мэталічных збудаваньняў; 5) побытавыя зараднікі і пусказарадныя прылады; 6) зварачныя трансфарматары; 7) алівавыя электраабагравальнікі[3]. У 2000 г. распрацавалі алівавы гермэтычны трансфарматар зь сімэтравальнай прыладай (ТАГСП), якая дазволіла значна зьмякчыць скачкі напругі ў электрасетцы пры сілкаваньні адчувальных прыбораў (аўтаматыка, кампутар, тэлевізар). Затым прыступілі да вырабу камплектных трансфарматарных падстанцыяў (КТП) у маналітнай бэтоннай абалонцы. Для гэтай патрэбы завод мае ўласную бэтонную вытворчасьць у вёсцы Калядзічы (Менскі раён). Найбольш шырока такія КТП закупаюцца жыльлёва-камунальнымі гаспадаркамі. Таксама гэтыя КТП пастаўляліся для спартовых будынкаў у Сочы (Краснадарскі край, Паўднёвая фэдэральная акруга, Расея), якія ўзводзіліся да Зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году. КТП ва ўцепленай абалонцы пазьней паставілі для дапаможных будынкаў Беларускай АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласьць)[4].

У 2011 г. выраб трансфарматараў склаў каля 80% агульнага аб’ёму вытворчасьці. Каля 80% вырабаў збылі ў Расею. Рэнтабэльнасьць продажаў склала 26,3%. На 2012 г. трансфарматары мелі магутнасьць 10—2500 кілявольт-ампэр і напругу да 35 кіляват. Выпускаліся ў 3- і 1-фазным варыянтах для працы ва ўмовах ад халоднага да трапічнага клімату. Выкарыстоўваліся ў электрасетках напругай да 35 кіляват, на чыгунцы, у нафтаздабычы і для цеплаапрацоўкі бэтону ва ўмовах холаду. Сілавыя трансфарматары вырабляліся пераважна ў алівавым, а таксама сухім выкананьні. Сярод алівавых трансфарматараў пераважалі гермэтычныя (ТАГ — трансфарматары алівавыя гермэтычныя), якія працуюць без замены алівы цягам усяго 30-гадовага тэрміну выкарыстаньня (гарантыйны тэрмін — 5 гадоў). Таксама выпускаліся: 1) камплектныя трансфарматарныя падстанцыі (КТП) для электрыфікацыі жытла і ў прамысловасьці; 2) падстанцыі ўласных патрэбаў для электрастанцыі, нафта- і газаздабычы, цеплаапрацоўкі бэтону і электрыфікацыі чыгункі; 3) станцыі катоднай абароны ад карозіі магістральных трубаправодаў; 4) маламагутныя трансфарматары для станкабудаваньня і аснашчэньня шахтаў і марскіх суднаў; 5) электразварачныя прылады; 6) рубільнікі; 7) дросэлі для вулічнага асьвятленьня; 8) зараднікі і пусказарадныя прылады для аўтамабіляў[4].

На 2011 г. «Менскі электратэхнічны завод» меў аздараўленчы дзіцячы лягер і базу адпачынку «Моладзі» (Швабскі сельсавет, Лагойскі раён, Менская вобласьць)[4].

У жніўні 2023 году завод патрапіў пад санкцыі ЭЗ[5]. У тым жа месяцы да гэтых санкцый далучыліся Швайцарыя[6], Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Украіна, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн і Нарвэгія[7].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 17 кастрычніка 2016 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 17 кастрычніка 2016 г.
  3. ^ а б Мінскі электратэхнічны завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 454. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  4. ^ а б в г д Энэргія разьвіцьця // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ ЕС увёў новыя санкцыі супраць лукашэнкаўскай Беларусі. Што і хто ў новым пакеце? (бел.) Новы час
  6. ^ Ukraine: Switzerland implements new sanctions against Belarus (анг.) Федэральная рада Швайцарыі(uk)
  7. ^ Statement by the High Representative on behalf of the EU on the alignment of certain countries concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus and the involvement of Belarus in the Russian aggression against Ukraine (анг.) Рада Эўрапейскага Зьвязу(be)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даччыныя прадпрыемствы «МЭТЗ»: