Мэтрыка (літаратуразнаўства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мэ́трыка (літаратуразнаўства) (па-старажытнагрэцку: μετρική) — разьдзел вершазнаўства, які вывучае характар вершаваньня ў якой-небудзь літаратуры ці ў творчасьці нейкага паэта. Так, мэтрыка беларускага верша ўключае ў сябе ўсе віды і формы танічнага, сілабічнага, сілаба-танічнага і свабоднага вершаў, якія існавалі ці існуюць у паэзіі на беларускай мове, і ў першую чаргу — разнастайныя мэтры, якія ў сучасным вершазнаўстве часам падзяляюць на клясычныя (ямб, харэй, дактыль, анапест, амфібрахій) і неклясычныя (лягаэд, двух- і трохскладовікі зь пераменнай анакрузай, акцэнтна-складовы і акцэнтны верш, дольнік, тактавік). Сукупнасьць мэтраў і вершаваных памераў, якімі карыстаецца паэт, утварае яго мэтрычны рэпэртуар.

У XIX ст. узьнікла параўнальная мэтрыка, прадметам якой стала супастаўленьне сыстэмаў вершаваньня і асобных мэтраў у розных нацыянальных паэзіях. Навуковае вывучэньне мэтрыкі беларускага верша пачалося толькі ў другой палове ХХ ст. Статыстычныя табліцы наяўнасьці вершаваных памераў у творах некаторых беларускіх паэтаў прывёў М. Грынчык у сваім дасьледаваньні «Шляхі беларускага вершаскладаньня» (Мн., 1973). І. Ралько ўдакладніў некаторыя лічбы М. Грынчыка, а таксама склаў поўны «Мэтрычны даведнік да вершаў М. Багдановіча». Мэтрыка беларускага верша, асабліва сучаснага, яшчэ чакае сваіх зацікаўленых дасьледчыкаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]