М’юзыкал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мюзыкл»)
М’юзыкал «1000 і адна ноч» (2014) у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры

М’ю́зыкал (анг. musical — «музычны») — музычна-сцэнічны жанр, які спалучае сродкі эстраднай і побытавай музыкі, драматычнага, харэаграфічнага і опэрнага мастацтваў. Мае скразную плястычную драматургію і ўлучае сьпеўна-харэаграфічныя ансамблі. Бывае камэдыяй і драмай. Утварыўся ў 1920—1930-я гг. у ЗША. Яго вытокі ў звычаях ангельска-амэрыканскай баляднай опэры і музычнай камэдыі канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Зазнаў росквіт у 1940—1960-я гг.: Рычард Роджэрс(en) «Аклагома»(en) (1943), Коўл Портэр(en) «Цалуй мяне, Кэт»(en) (1948), Фрэдэрык Лоў(en) «Мая прыгажуня»(en) (1956), Леанард Бэрнстайн(en) «Ўэстсайдзкі расказ»(en) (1957), Джэры Бок(en) «Скрыпач на даху»(en) (1964), Джэры Герман(en) «Прывітаньне, Долі!»(en) (1964) і Міч Лі(en) «Чалавек зь Ля-Манчы»(en) (1965). З канца 1960-х гг. пашырыўся ў Эўропе. Адбыліся экранізацыі: І. Бажант, І. Маласек і В. Гала «Старыя на ўборцы хмелю» (Чэхаславаччына, 1964), Мішэль Легран «Паненкі з Рашфору»(fr) (Францыя, 1967), Джулі Стайн(en) «Сьмешная дзяўчына»(en) (ЗША, 1968), Лаянэл Барт(en) «Олівэр»(en) (Ангельшчына, 1970)[1].

Сярод беларускіх кампазытараў м’юзыклы стварылі: Алег Залётнеў «Валенсіянскія вар’яты» (1983, паводле Лопэ дэ Вэгі), «Дапытлівы слонік» (1993, паводле Рэд’ярда Кіплінга), «Драўляны рыцар» (1994) і «Сьцяпан — вялікі пан» (1995, паводле Артура Вольскага); Андрэй Мдывані «Мес Менд» (1987); Уладзімер Кандрусевіч «Нявеста для Марціна» (1988), «Джулія» (1990, паводле Ўільяма Моэма), «Шклянка вады» (1994) і «Залёты» (1992, паводле Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Віцебску), Сяргей Бельцюкоў «Сьцяпан — вялікі пан» (1989) і Аляксандар Будзько «Пітэр Пэн» (1990)[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мюзыкл // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — С. 59. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5