Міжнародны валютны фонд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міжнародны валютны фонд
Абрэвіятура МВФ
Дата ўтварэньня 27 сьнежня 1945 (78 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта спрыяньне пашырэньню міжнароднага гандлю
Штаб-кватэра г. Вашынгтон, ЗША
Сяброўства 185 дзяржаваў
Афіцыйныя мовы ангельская
Распараднік Крыстын Лягард
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Бюджэт 880 млн даляраў (2010 год)
Колькасьць супрацоўнікаў 2412 (30 красавіка 2010[1])
Сайт www.imf.org

Міжнаро́дны валю́тны фонд (МВФ, па-ангельску: International Monetary Fund) — міжнародная арганізацыя, заснаваная 27 сьнежня 1945 году 28 дзяржавамі дзеля пашырэньня ўзаемнага гандлю. Сядзіба месьціцца ў Вашынгтоне (ЗША). Узьнік у выніку адпаведнага Пагадненьня аб Міжнародным валютным фондзе, падпісанага 22 ліпеня 1944 году на Грашовай нарадзе Аб’яднаных Народаў у Брэтан Вудз (акруга Коўас, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША). Службоваю моваю фонда зьяўляецца ангельская.

Палітыка і рэкамэндацыі МВФ у дачыненьні да краінаў, якія разьвіваюцца, неаднаразова падвяргаліся крытыцы, сутнасьць якой складаецца ў тым, што выкананьне рэкамэндацыяў і ўмоваў у канчатковым выніку накіраваныя не на павышэньне самастойнасьці, стабільнасьці і разьвіцьця нацыянальнай эканомікі дзяржавы, а толькі прывязвалі яе да міжнародных фінансавых плыняў.

Асноўныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне

Асноўны напрамак дзейнасьці — выдзяленьне фінансавай дапамогі краінам-удзельніцам, пры ўмове правядзеньня эканамічных рэформаў і іншых дзеяньняў, якія спрыяюць стабілізацыі эканомікі.

Першыя фінансавыя апэрацыі пачаў ажыцьцяўляць у сакавіку 1947 году.

Выконвае наступныя функцыі:

  • садзейнічаньне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашовай палітыцы;
  • разьвіцьцё сусьветнага гандлю;
  • крэдытаваньне краінаў-удзельніц;
  • стабілізацыя грашовых курсаў.

У адрозьненьне ад Сусьветнага банку дзейнасьць МВФ накіраваная на адносна кароткачасовыя макраэканамічныя крызісы. Сусьветны банк выдзяляе крэдыты толькі бедным краінам, МВФ можа даваць крэдыты любой краіне-ўдзельніцы, якая мае дэфіцыт грашовых рэсурсаў для задавальненьня фінансавых абавязкаў.

Задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнай задачай МВФ зьяўляецца стымуляваньне глябальнага росту і эканамічнай стабільнасьці. Ён дае кансультацыі па пытаньнях палітыкі і фінансаваньня сваіх чальцоў, якія выпрабоўваюць эканамічныя цяжкасьці, а таксама працуе з разьвіванымі краінамі, каб дапамагчы ім у дасягненьні макраэканамічнай стабільнасьці і скарачэньня ўзроўню беднасьці[2]. Асноўнай прычынай гэтага ёсьць тое, што міжнародныя прыватныя рынкі капіталу функцыянуюць недасканала, і многія краіны маюць абмежаваны доступ да фінансавых рынкаў. МВФ можа прадаставіць іншыя крыніцы фінансаваньня краінам, аднак пры гэтым краіна павінна прытрымлівацца эканамічнай праграмы стабілізацыі пры падтрымцы фонду.

Пры першапачатковым фармаваньні МВФ, асноўнымі задачамі арганізацыі былі назіраньне фіксаванымі абменнымі курсамі паміж краінамі[3], такім чынам, дапамагаючы нацыянальным урадам кіраваць іхнымі курсамі абмену, што дазваляла гэтым урадам выпрацоўваць прыярытэты эканамічнага росту[4], і забясьпечэньне кароткатэрміновых капіталаў, каб дапамагчы трымаць плацёжны балянс[3]. Гэтая дапамога павінна была прадухіліць распаўсюджаньне міжнародных эканамічных крызаў. Фонд быў таксама закліканы ўмацаваць міжнародную эканоміку пасьля Вялікай дэпрэсіі і Другой сусьветнай вайны[4].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 12-га Артыкула Пагадненьня аб МВФ арганізацыя мае наступныя ўстановы:

  • Рада кіраўнікоў. Кожны ўрад-удзельнік прызначае ў яе склад па кіраўніку й ягонаму намесьніку, які галасуе пры адсутнасьці свайго кіраўніка. Склікаецца Выканаўчаю радаю або на запыт 15 урадаў-удзельнікаў або ўрадаў, што маюць прынамсі чвэрць ад агульнае колькасьці галасоў. Вызначае памеры заробкаў выканаўчых кіраўнікоў ды ўмовы найму распарадніка фонду. Умоваю правамоцнасьці пасяджэньняў ёсьць удзел большасьці кіраўнікоў, якія разам валодаюць прынамсі 2/3 ад агульнае колькасьці галасоў.
  • Выканаўчая рада. Узначальваецца распараднікам фонду. Складаецца з выканаўчых кіраўнікоў, 5 зь якіх прызначаюцца 5 урадамі-ўдзельнікамі з найбольшаю колькасьцю галасоў. 15 астатніх выканаўчых кіраўнікоў абіраюцца іншымі ўдзельнікамі МВФ кожныя 2 гады. Кожны выканаўчы кіраўнік мае прызначыць сабе намесьніка, упаўнаважанага дзеіць пры ягонай адсутнасьці. Кожны абраны выканаўчы кіраўнік мае права падаваць тую колькасьць галасоў, якую за яго падалі пры абраньні. Калі пасада абранага выканаўчага кіраўніка стаецца вольнаю за больш, як 90 дзён да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў, абраўшыя яго ўрады-ўдзельнікі маюць на рэшту тэрміну абраць большасьцю галасоў іншага выканаўчага кіраўніка. Умоваю правамоцнасьці пасяджэньняў ёсьць удзел большасьці выканаўчых кіраўнікоў, якія разам валодаюць прынамсі паловай ад агульнае колькасьці галасоў.
  • Распараднік. Абіраецца ды адстаўляецца Выканаўчаю радаю. Стаіць на чале службы фонду ды адказвае за наладжаньне працы, прызначэньне й звальненьне яе супрацоўнікаў[5].
Распараднікі
Імя й прозьвішча Час займаньня пасады Месца народзінаў Дата народзінаў Папярэдняя пасада
1 Каміль Гют (Гутэнстайн) 6 траўня 1946 — 5 траўня 1951 Брусэль, Бэльгія 14 лістапада 1884 міністар скарбу Бэльгіі
2 Івар Рут 3 жніўня 1951 — 3 кастрычніка 1956 Стакгольм, Швэцыя 2 лістапада 1888 старшыня прадстаўніцтва Міжнароднага банку рэканструкцыі й разьвіцьця ў Іраку
3 Пэр Якабсан 21 лістапада 1956 — 5 траўня 1963 Танум, вобласьць Бохуслян, Швэцыя 5 лютага 1894 гаспадарчы дарадца Міжнароднага банку разьлікаў
4 П'ер-Поль Швэйцэр 1 верасьня 1963 — 31 жніўня 1973 г. Страсбург, Эльзас, Нямецкая імпэрыя 29 траўня 1912 прадстаўнік ураду ў радзе Францускай нафтаперапрацоўчай кампаніі
5 Ёган Вітэвээн 1 верасьня 1973 — 16 чэрвеня 1978 г. Зіст, Утрэхцкая вобласьць, Нідэрлянды 12 чэрвеня 1921 міністар скарбу Нідэрляндаў
6 Жак Лярозьер 17 чэрвеня 1978 — 15 студзеня 1987 Парыж, Францыя 2 лістапада 1929 кіраўнік управы скарбу міністэрства гаспадаркі Францыі
7 Мішэль Камдэсю 16 студзеня 1987 — 14 лютага 2000 Баёна, павет Атлянтычныя Пірэнэі, вобл. Аквітанія, Францыя 1 траўня 1933 кіраўнік Банку Францыі
8 Горст Кёлер 1 траўня 2000 — 4 сакавіка 2004 вёска Гайдэнстайн, Люблінская акруга, Генэрал-губэрнатарства, Нямеччына 22 лютага 1943 старшыня Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця
9 Радрыга Рато 7 чэрвеня 2004 — 31 кастрычніка 2007 Мадрыд, Гішпанія 18 сакавіка 1949 міністар скарбу Гішпаніі
10 Дамінік Строс-Кан 1 лістапада 2007 — 18 траўня 2011 Нёі-сюр-Сэн, павет Вярхоўі Сены, вобл. Іль-дэ-Франс, Францыя 25 красавіка 1949 дэпутат Нацыянальнага сходу Францыі
11 Крыстын Лягард 3 5 ліпеня 2011 Парыж, Францыя 1 студзеня 1956 міністар фінансаў Францыі

Вынясеньне рашэньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

85% ад агульнае колькасьці галасоў ухваляюцца пастановы аб:

  • зьмене колькасьці галасоў чальцоў (Артыкул 3 Пагадненьня);
  • увядзеньні курсаў абмену (Артыкул 4);
  • зьмене тэрміну выкупу дзяржавай назад уласных грошай, за якія набывалася замежная валюта (Арт. 5);
  • продажы золата за валюту дзяржавы-ўдзельніцы (Арт. 5);
  • прыёме ад урадаў-удзельнікаў платы золатам (Арт. 5);
  • зьмене Радаю кіраўнікоў колькасьці выбарных выканаўчых кіраўнікоў у Выканаўчае радзе (Арт. 12);
  • зьмене правілаў ацэнкі вартасьці або ўжытку адмысловых правоў запазычаньня (Арт. 15);
  • наданьні адмысловых правоў запазычаньня (АПЗ) дзяржавам, што не бяруць удзелу ў фондзе, ды галоўным банкам, што дзеяць ад імя некалькіх урадаў (Арт. 17);
  • разьмеркаваньні й касаваньні АПЗ (Арт. 18);
  • выключэньні Радаю кіраўнікоў дзяржавы-ўдзельніцы з фонду (Арт. 26);
  • папраўцы ў Пагадненьне аб МВФ (Арт. 28).

Разьмяшчэньне ўласнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 13-га Артыкула Пагадненьня наяўныя грошы маюць захоўвацца дзяржавамі-ўдзельніцамі, зь якіх яны паходзяць. Палова золата ды іншых сродкаў мае захоўвацца ў краіне, чый урад мае найбольшую колькасьць галасоў (Злучаныя Штаты Амэрыкі) і дзе з гэтай самай прычыны месьціцца галоўная сядзіба арганізацыі. 40% золата ды іншых сродкаў фонд мае трымаць у краінах, вызначаных чатырма наступнымі ўрадамі паводле колькасьці галасоў.

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Удзельнікі Міжнароднага валютнага фонду

У якасьці дзяржаваў-заснавальніцаў у фондзе напачатку бралі ўдзел Балівія, Брытанія, Бэльгія, Гандурас, Гватэмала, Грэцыя, Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Індыя, Ірак, Іран, Ісьляндыя, Калюмбія, Канада, Кітай, Куба (да 2 красавіка 1964 г.), Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Парагвай, Паўднёвая Афрыка, Польшча (да 1950 г., аднавіла ўдзел 12 чэрвеня 1986 г.), Філіпіны, Францыя, Чэхаславаччына (да 1954 г.), Эгіпет, Эквадор ды Этыёпія. Колькасьць удзельнікаў устойліва павялічвалася і ў чэрвені 2010 году дасягнула 185 дзяржаваў.

Урад Беларусі бярэ ўдзел у МВФ з 10 ліпеня 1992 году[6]. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яго ўдзельнікамі. Урад Польшчы — ад заснаваньня фонду, Летувы — з 29 красавіка 1992 г.[7], Латвіі — з 19 траўня 1992 г.[8], Расеі — з 1 чэрвеня 1992 г.[9], Украіны — з 3 верасьня 1992 году[10].

Дачыненьні зь Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 годзе ў Менску адчынілася Прадстаўніцтва МВФ. Сталаю прадстаўніцаю фонду ў Беларусі зьяўляецца Натальля Калядзіна. Пасаду кіраўніка ад Беларусі, якая з 3 сакавіка 2011 году мае 0,19% галасоў[11], у Радзе кіраўнікоў МВФ займае старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова. Ейным намесьнікам зьяўляецца першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Уладзімер Амарын. Урад Беларусі тройчы выкарыстоўваў пазыкі фонду:

  1. у 1993 годзе — 70 мільёнаў даляраў;
  2. у 1995-м — 196 млн $;
  3. у 2009 — 3,5 мільярду $[12].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Справаздача Выканаўчае рады за 2010 грашовы год, што скончыўся 30 красавіка (анг.). Міжнародны валютны фонд (30 красавіка 2010). — Старонкі 61, 66. Праверана 14 кастрычніка 2010 г. ISBN 978-1-61635-015-4
  2. ^ About the IMF. International Monetary Fund.
  3. ^ а б Jensen, Nathan (April 2004). "Crisis, Conditions, and Capital: The Effect of the IMF on Direct Foreign Investment". Journal of Conflict Resolution 48 (48): 194.
  4. ^ а б Chorev, Nistan; Sarah Babb (June 2009). "The crisis of neoliberalism and the future of international institutions: a comparison of the IMF and the WTO". Springer Science and Business Media.
  5. ^ Пагадненьне аб Міжнародным валютным фондзе. Места Вашынгтон (анг.). Міжнародны валютны фонд. Праверана 4 студзеня 2011 г.
  6. ^ Беларусь: грашовае становішча ў Фондзе па стане на 30 верасьня 2010 г. (анг.) Дадзеныя і статыстыка. Міжнародны валютны фонд. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ Летува: грашовае становішча ў Фондзе па стане на 30 верасьня 2010 г. (анг.) Дадзеныя і статыстыка. Міжнародны валютны фонд. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  8. ^ Латвія: грашовае становішча ў Фондзе па стане на 30 верасьня 2010 г. (анг.) Дадзеныя і статыстыка. Міжнародны валютны фонд. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ Расейская Фэдэрацыя: грашовае становішча ў Фондзе па стане на 30 верасьня 2010 г. (анг.) Дадзеныя і статыстыка. Міжнародны валютны фонд. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ Украіна: грашовае становішча ў Фондзе па стане на 30 верасьня 2010 г. (анг.) Дадзеныя і статыстыка. Міжнародны валютны фонд. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  11. ^ Колькасьць галасоў чальцоў і Рада кіраўнікоў МВФ (анг.). Міжнародны валютны фонд (21 сакавіка 2011). Праверана 21 сакавіка 2011 г.
  12. ^ Міжнародны валютны фонд. Міністэрства замежных справаў Рэспублікі БеларусьПраверана 21 сакавіка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнародны валютны фондсховішча мультымэдыйных матэрыялаў