Мікалай Гусеў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гусеў.
Мікалай Гусеў
Дата нараджэньня 9 (21) сьнежня 1899
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 лютага 1965(1965-02-14) (65 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, графік
Месца працы
Жанры малярства і графіка[d]

Мікала́й Іва́навіч Гу́сеў (рас. Николай Иванович Гусев; 21 сьнежня 1899, Вязьнікі, Уладзімерская губэрня, Расейская імпэрыя — 14 лютага 1965) — савецкі маляр і графік. Аўтар выявы сьцяга БССР[1][2], мадыфікаваную вэрсію якога ў 1995 годзе рэжым Лукашэнкі ўсталяваў у якасьці афіцыйнага сьцяга Беларусі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расеец з паходжаньня. Навучаўся ў Мсьцёрскай іканапіснай вучэльні (1910—1016), Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1924—1926), Ленінградзкім вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (1926—1930), Маскоўскім паліграфічным інстытуце (1930—1932)[3].

Канчаткова пераехаў у Беларусь у 1932 годзе[4]. З 1936 году выкладаў у Беларускім палітэхнічным інстытуце[3]. Быў у рэдакцыйнай калегіі часопісу „Іскры Ільіча[5].

У часе нямецкай акупацыі (1941—1944) жыў у Менску з амаль паралізаванай жонкай Тамарай і дзьвюма малымі дочкамі, супрацоўнічаў зь нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй[6]. У пачатку вайны разам з Валянцінам Волкавым пачаў зарабляць напісаньнем партрэтаў афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны[7]. Паводле Вольгі Бембель, дапамагаў ваеннапалоннаму[4].

Паводле Валянціна Тараса і Яўгена Ціхановіча, па вайне 4 гады адсядзеў у вязьніцы за супрацу зь нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй[8][6]. Прытым, паводле архіўных матэрыялаў зь Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, у другой палове 1940-х гадоў працягваў ствараць новыя карціны, а ў 1948—1950 гадох навучаўся на вячэрнім унівэрсітэце марксізму-ленінізму пры менскім гаркаме КПБ. З канца 1940-х зноў выкладаў у Беларускім палітэхнічным інстытуце (з 1954 году — дацэнт).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Беларускай ССР узору 1951 году
Работы Гусева: плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму» (1940 г., налева) і партрэт Гітлера для дэманстрацыі на трыбуне ў Менску (1943 г., направа)

Сярод работ даваеннага часу тэматычная карціна «У ліцейнай майстэрні» (1929), графічныя партрэты Максіма Горкага (1934), Ізі Харыка (1930-я) і інш., савецкія прапагандысцкія плякаты.

У час вайны, апроч прыватных заказаў (партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны), стварыў партрэт Радаслава Астроўскага (1944), а таксама вялікі партрэт Гітлера (1943), які вывешвалі на сьвяты ў мескім парку Менску[4].

У паваенны пэрыяд аўтар тэматычных карцін «Будуемся!» (1947), «Янка Купала і Ян Райніс» (1959); партрэтаў Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава (канец 1940-х гадоў), Янкі Купалы (1949), Петруся Броўкі, Рыгоры Шырмы (1960), Пятра Глебкі, Ніны Глебкі і інш.

У 1951 годзе стварыў выяву новага сьцяга БССР з выкарыстаньнем арнамэнту «Ўзыходзячае сонца», вышытага ў 1917 году (год кастрычніцкага перавароту) сялянкай Матронай Маркевіч зь вёскі, якая на момант стварэньня сьцяга ўваходзіла ў склад Ульянаўскага (назва ў гонар Леніна) сельсавету[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 24.
  2. ^ Гурневіч З. Ловім прапагандыстаў на фэйках. «Калі б закон у краіне працаваў, то першымі пацярпелі б самі прапагандысты», Салідарнасьць, 22 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 544.
  4. ^ а б в Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг, TUT.BY, 8.12.2020 г.
  5. ^ Іскры Ільіча. № 4, 1941.
  6. ^ а б Ціхановіч Я. Партрэт стагоддзя. — Менск: Лімарыус, 2015. — С. 119.
  7. ^ Бембель-Дедок О. А. Воспоминания / Предисл. Е. И. Гаповой; Вступ. ст. Т. О. Бембель. — Мн.: Пропилеи, 2006. — 235 с, [12] л. ил. ISBN 985-6239-63-9.
  8. ^ Тарас В. Хлапчук са старога здымку Разьдзелы з кнігі «На высьпе ўспамінаў» // Дзеяслоў. № 2 (15), 2005.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]