Мікола Гарулёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Гарулёў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Аляксандровіч Гарулёў
Нарадзіўся 6 лістапада 1919(1919-11-06)
Памёр 7 траўня 1980(1980-05-07) (60 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт, драматург
Гады творчасьці 1938—1980
Кірунак рэалізм
Жанр Прозараман,аповесьць, апавяданьне, нарыс
Мовы беларуская, расейская
Дэбют 1938 г. (газэта «Камунар Магілёўшчыны»)
Значныя творы «Шлях рацыяналізатара» (1949 г.), «Бывайце, любімыя» (1979 г.) і «Пасьля разлукі» (1982)
Узнагароды
мэдаль «За працоўную адзнаку»
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Мікола Гарулёў (6 лістапада 1919, Баева, Баеўская воласьць, Горацкі павет, Гомельская губэрня — 7 траўня 1980, Менск) — беларускі пісьменьнік.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 9 лістапада 1919 году ў в. Баева Баеўскай воласьці Горацкага павету Гомельскай губэрні (цяпер — Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць) ў сям’і настаўніка. У 1927 годзе сям’я пераехала ў Рудабелку, а ў 1931 годзе — у Магілёў. Навучаўся ў чыгуначнай вучэльні й у 1935—1937 гадох у Магілёўскім пэдрабфаку. Летам 1938 году ўдзельнічаў у Менскай канфэрэнцыі маладых пісьменьнікаў. У 1941 годзе скончыў аддзяленьне расейскай мовы й літаратуры філялягічнага факультэту ў Магілёўскім настаўніцкім інстытуце.

На пачатку нямецка-савецкай вайны — баец першага камуністычнага зьнішчальнага батальёна, потым — шафёр, намесьнік палітрука, інструктар дывізіённай газэты, вучыўся ў Нова-Пецяргофскай вайскова-палітычнай вучэльні (з 1942 году ў Саратаве). Сябра КПСС з 1943 году.

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе — адказны сакратар рэдакцыі магілёўскай газэты «За Радзіму». У 1949 годзе пераехаў у Менск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдакцыі часопісу «Советская Отчизна», загадчыкам літаратурнай часткі Расейскага драматычнага тэатра, на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1970—1979 гадах — адказны сакратар часопісу «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».

Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1947 году[1].

Памёр 7 траўня 1980 году. Пахаваны ў Менску на Паўночных могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Яго творы: нарысы «Шлях рацыяналізатара» й «Жыльлёвы гарадок», у якім Мікола Гарулёў апісвае свой шпацыр па новазбудаваным Трактаразаводзкім пасёлку канца 1940-х; аповесьці й апавяданьні: «Сябры-таварышы», «Новы настаўнік», «Кібернетычная жонка»; рамны: «Бывайце, любімыя», «Пасьля разлукі». Таксама зборнікі вершаў: «Аднагодкі», «У дарозе», «Прызнаньне»; п’есы: «Выбух», «Другое знаёмства», «Прызваньне», «Калі любіш», «Мая дачка», якія ставіліся ў Магілёве, Віцебску й Гомелі.

Напісаў кінааповесьць «Нашчадкі Мацьвея Маркавіча» (1963) й сцэнарыі трох фільмаў: «Марат Казей», «Рацыяналізатары», «Чалавек чалавеку». Пераклаў на расейскую мову раманы Макара Пасьлядовіча «Сьвятло над Ліпскам» (1950) і Міхася Зарэцкага «Вязьмо» (1965), а таксама паасобныя творы Якуба Коласа, Эдуарда Самуйлёнка, Платона Галавача, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Антона Бялевіча, Усевалада Краўчанкі, Янкі Скрыгана, Івана Мележа й інш.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Меў двух сыноў. Юры Гарулёў (22 траўня 1944, м. Сулак, пад Тамбовам — 13 чэрвеня 2021, Менск) — кінарэжысэр-дакумэнталіст, старшыня фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» (2005—2016), ляўрэат прэміі «За духоўнае адраджэньне».

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Узнагароджаны мэдалямі.
  • Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Гарулёва
  • У 1982 годзе на магіле Гарулёва пастаўлены помнік — скульптурны партрэт на пастамэнце.[2]
  • Імем Міколы Гарулёва названа вуліца ў Дуброўне.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Прощайте, любимые : роман. — Менск: Мастацкая літаратура, 1979. — С. Глава 27. — 414 с. — 30 000 ас.
  2. ^ У. У. Бянько. Паўночныя могілкі (Даўгінаўскі тракт). № 455 Магіла Гарулёва. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў(гал. рэд.) і інш. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі : энцыкляпэдыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1988. — Т. Мінск. — С. 244.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]