Мікалай Кузьміч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мікола Кузьміч»)
Мікалай Кузьміч
Дата нараджэньня 28 лістапада 1950(1950-11-28) (73 гады)
Месца нараджэньня в. Патрыкі, Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць
Адукацыя Менская мастацкая вучэльня імя Аляксея Глебава
Месца вучобы
Занятак мастак-ювэлір
Навуковая сфэра ювелірная справа[d][1] і biographistics[d][1]
Плынь дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Працы копія Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай і стаўратэка для яго,
Узнагароды
Сайт nikolaikuzmich.by
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кузьміч.

Мікалай Пятровіч Кузьміч (нар. 28 лістапада 1950, в. Патрыкі Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці) — беларускі мастак-ювэлір, узнавіў нацыянальную сьвятыню Крыж Эўфрасіньні Полацкай, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Адрадзіў тэхніку старажытна-бізантыйскай перагародкавай эмалі XII ст.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся Мікалай Кузьміч у заходнепалескай вёсцы Патрыкі Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці у беднай сялянскай сям’і[2]). Ягоны дзед Нічыпар быў вядомым на ўсю ваколіцу кавалём, які да таго ж імкнуўся ўпрыгожваць свае вырабы. Як сьцьвярджае Мікола Кузьміч, «хутчэй за ўсё, менавіта ад дзеда ў мяне прага да прыгожага і да працы з мэталем у прыватнасьці»[3].

На пачатку 1960-х, у 11-гадовым узросьце, па ініцыятыве бацькі, які шукаў лепшай долі, сям’я Міколы Кузьміча пераехала ў Растоўскую вобласьць, дзе яны жылі нейкі час у станіцы. Пасьля заканчэньня васьмігодкі Мікола Кузьміч пайшоў вучыцца ў прафтэхвучэльню. Там за год вывучыўся на трактарыста-машыніста 3-й клясы і затым папоўніў шэрагі калгасных мэханізатараў[3].

У 1968 годзе быў прызваны ў Савецкую армію. Служыў на Паўночным флёце, у засакрэчаным тады Севераморску. Там заўважылі яго схільнасьць да маляваньня, даручылі афарміцельскія працы. Пазьней накіравалі машыністам кацельні на баявы карабель.

Пасьля завяршэньня службы на флёце вярнуўся ў данскую станіцу, аднак бацьку ўжо не застаў — ён памёр, так і ня здолеўшы зьдзейсьніць сваю мару — вярнуцца на радзіму ў Беларусь. Дзякуючы атрыманай падчас службы ў арміі рабочай спэцыяльнасьці гэтую мару зьдзейсьніў Мікола Кузьміч і разам з маці і двума сёстрамі змог вырвацца з калгасу, атрымаць пашпарты і вярнуцца на радзіму ў в. Вульку.

Жаданьне рэалізаваць сябе ў творчасьці прывяло Міколу Кузьміча ў Берасьце, дзе яго прыняла цётка. Яна дапамагла яму ўладкавацца ў драматычны тэатар памочнікам мастака. Праз год ён перайшоў працаваць мастаком-пастаноўшчыкам на Берасьцейскае абласное тэлебачаньне. Але ў хуткім часе ён пакінуў Берасьце і пераехаў Кобрынь, дзе ў гарадзкім Доме культуры была свабодная стаўка мастака. У Кобрыні адначасова з афармленьнем плякатаў ды афіш і працай у мясцовай выяўленчай студыі працягваў адукоўвацца ў вячэрняй школе[3]. Пасьля яе заканчэньня атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, які і адкрыў дарогу для атрыманьня прафэсійнай мастацкай адукацыі.

Спэцыяльную адукацыю атрымаў у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава ў 1982 годзе. З 1978-га неаднаразова спрабаваў паступіць у мастацкую вучэльню імя А. Глебава, але трапіў толькі ў 28-гадовым узросьце. Скончыў вучэльню ў 33 гады[4].

Пасьля быў разьмеркаваны на працу на Берасьцейскі мастацкі камбінат, дзе з 1984 году распачаў сваю творчую дзейнасьць. У 1987-ым стаў сябрам Саюзу мастакоў. У гэты час мастак удасканальваў сваю эмальерную тэхніку, удзельнічаў ва ўсерасейскіх і міжнародных выстаўках у Маскве і Менску, на сымпозіюмах у Юрмале (Латвія), Паланзе (Літва), Ля-Каруньі (Гішпанія), Кобургу (Нямеччына).

У 1992 распачаў шматгадовую дасьледніцкую і ювэлірна-мастацкую працу па ўзнаўленьні страчанай нацыянальнай каштоўнасьці беларусаў Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай. У 1994, на пачатку працы па ўзнаўленьні Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай, разам зь мітрапалітам Філарэтам зьдзейсьніў паломніцтва на Сьвятую Зямлю.

У 1990-ыя гады зьяўляўся сябрам БНФ «Адраджэньне». У канцы 1980-х вырабіў першы ў тагачаснай савецкай Беларусі значак «Пагоня» у выглядзе манэты-барацінкі.

Два тэрміны — з 2004 па 2010 гг. — Мікалай Кузьміч узначальваў Берасьцейскае абласное аддзяленьне Беларускага саюзу мастакоў.

У 2013 годзе берасьцейскі майстар-эмальер Мікалай Кузьміч па спэцыяльнай замове вырабіў 50 памятных бронзавых мэдалёў у гонар 450-годзьдзя Берасьцейскай Бібліі.[5]

На замову Чырвонага касьцёлу ў Менску ў 2013 годзе вырабіў таксама памятныя мэдальёны з выявай цудадзейнай іконы Будслаўскай Божай Маці на 400-ыя ўгодкі гэтай сьвятыні.[6]

Жыве і працуе ў Берасьці.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Кузьміч працуе ў галіне ювэлірнага мастацтва, у тэхніцы гарачых эмаляў. Уваходзіць у пяцёрку лепшых майстроў у сьвеце, якія працуюць у гэтай унікальнай тэхніцы. Займаецца вырабам мастацкіх твораў, аб’ектаў і ювэлірных ўпрыгожаньняў.

Мастацкім творам Мікалая Кузьміча ўласьціва арыгінальнае спалучэньне колеру і гармоніі з мэталам, выкарыстаньне старадаўніх тэхнік і сучасных тэхналёгіяў. Дзеля гэтага ягоныя творы ювэлірнага мастацтва па-сапраўднаму ўнікальныя, а сам ён зьяўляецца ляўрэатам розных міжнародных прэміяў і конкурсаў. У калекцыі яго прац — іконы, ювэлірныя ўпрыгожаньні, дэкаратыўныя эмалевыя пласьціны.

Працы Мікалая Кузьміча знайшлі пачэснае месца ў музэях, галерэях, прыватных калекцыях у шэрагу краінаў Эўропы і Амэрыкі. Галоўныя яго творчыя дасягненьні — копія Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай і стаўратэка для яго, а таксама рака для мошчаў сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Сярод іншых прац мастака вызначаюцца дэкаратыўныя кампазыцыі «Блакітныя мары», «Купальле», «Слуцкія паясы», «Памяць», «Прастора і час» і іншыя.

Пэрсанальны сайт мастака-эмальера Мікалая Кузьміча: Художник-ювелир Николай Кузьмич.

Праца над узнаўленьнем Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Кузьміч з 1992 па 1997 гг. на працягу пяці гадоў працаваў над узнаўленьнем страчанай нацыянальнай каштоўнасьці беларусаў Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай. 30 чэрвеня 1997 году мітрапаліт Філарэт уклаў ва ўзноўлены крыж-стаўратэку часьцінкі крыві Хрыстовай, дрэва Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга, каменя ад Магілы Гасподняй і каменя ад Магілы Найсьвяцейшай Багародзіцы, часьцінкі сьвятых мошчаў. У 1997 г. праца над узнаўленьнем крыжа была завершана. Крыж, створаны Міколам Кузьмічом паводле ўзору Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай, быў асьвячаны і пакладзены ў Полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры. Сёньня гэты крыж стаў нацыянальнай хрысьціянскай сьвятыняй беларускага народу.

У наступныя гады Мікола Кузьміч працаваў над стварэньнем стаўратэкі для гэтага крыжа. 23 чэрвеня 2001 году ўзноўлены мастаком Крыж Эўфрасіньні Полацкай быў дастаўлены на некалькі дзён з Полацку ў Берасьце. У праваслаўным катэдральным саборы сьв. Сімяона Стоўпніка ён быў урачыста ўкладзены ў стаўратэку, вырабленую Мікалаем Кузьмічом.

Створаная берасьцейскім майстрам-ювэлірам стаўратэка — гэта спэцыяльны каштоўны куфэрак для захоўваньня крыжа. Яна ўяўляе сабою простакутны футляр (даўжыня стаўратэкі 75 см, шырыня 60 см, вышыня 7 см), які абшыты зьверху срэбранымі з пазалотаю пласьцінкамі, усярэдзіне ніша для Крыжа выслана натуральным цёмна-зялёным аксамітам. Па пэрымэтры зьнешняга боку — літыя мэталёвыя карункі, якія выкананы паводле арнамэнтальных матываў XIII ст.: выразны акруглы рапорт, вытанчаная вязь і перапляценьне частак арнамэнту выдаюць старажытныя рэмінісцэнцыі, да якіх зьвярнуўся аўтар, каб дасягнуць больш поўнай адпаведнасьці сучаснага вырабу творам старажытнай мастацкай традыцыі. Зьверху, па баках і ўнізе арнамэнт «разрываецца» эмалевымі абразкамі з выявамі Магілы Гасподняй, прыладаў катаваньня Ісуса Хрыста, на двух эмалевых пласьцінках пасярэдзіне крыжа — выявы сьвятых імпэратара Канстанціна і яго маці Алены, пасярэдзіне ўнізе — мініяцюрныя выявы самой Эўфрасіньні Полацкай, а таксама сьвятых арханёлаў Міхаіла і Гаўрыіла. Зьверху на ражках — дзьве эмалевыя выявы шасьцікрылых хэрувімаў. Кожная выява непаўторная, зьяўляецца дасканала выкананай стылізацыяй старажытнабізантыйскай эмалі, якой уласьціва стрыманая экспрэсія.

У 2003—2007 гг. Мікола Кузьміч працаваў над стварэньнем ракі для мошчаў сьв. Эўфрасіньні Полацкай.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1997 — Ляўрэат прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне»;
  • 1997 — Ляўрэат конкурсу «Чалавек году 1997 Берасьцейская зорка» Рэспубліка Беларусь;
  • 1997 — Ордэн Сьвятога князя Ўладзімера 3 ступені;
  • 1998 — Мэдаль князя Канстанціна Астроскага, Польшча;
  • 2000 — Мэдаль Беларускага саюзу мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»;
  • 2001 — Патрыяршая грамата — за руплівую працу на славу сьвятой Царквы;
  • 2002 — Ордэн Крыжа вялебнай Эўфрасіньні Полацкай;
  • 2007 — Ордэн Вялебнай Эўфрасіньні ігуменьні Полацкай;
  • 2007 — Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь;
  • 2010 — Грамата Берасьцейскага выканаўчага камітэту;
  • 2010 — Грамата Ўпраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]