Мікола Куліш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Куліш
Микола Гурович Куліш
Мікола Куліш (каля 1915)
Мікола Куліш (каля 1915)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 18 сьнежня 1892
Сьцяг Расеі Чаплінка, Дняпроўскі павет, Таўрыйская губэрня
Памёр 3 лістапада 1937
Сьцяг РСФСР ур. Сандармох, Мядзьвежагорскі раён, Карэльская АССР
Пахаваны
Дзеці Уладзімер Куліш[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург
Кірунак мадэрнізм
Жанр п’еса
Мовы украінская, расейская
Значныя творы «Мына Мазайла»
«Патэтычная саната»
Подпіс Выява аўтографу
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Куліш.

Міко́ла Гу́равіч Кулі́ш (па-ўкраінску: Мико́ла Гу́рович Кулі́ш; 18 сьнежня [ст. ст. 5 сьнежня] 1892, Чаплінка — 3 лістапада 1937, ур. Сандармох, Карэлія) — украінскі пісьменьнік, рэжысэр, драматург, грамадзкі дзяяч, журналіст і рэдактар, асьветнік, пэдагог.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Чаплінка Дняпроўскага павету Таўрыйскай губэрні (цяпер у Хэрсонскай вобласьці).

Падчас навучаньня ў царкоўна-парафіяльнай школе выявіў неблагія здольнасьці, таму ягоныя настаўнікі параілі працягваць навучаньне і нават сабралі для яго пэўную суму.

У 1905 року Мікола паступіў у Алёшкаўскую (цяпер Алёшкі Хэрсонскай вобласьці) мескую васьміклясную вучэльню. За «арганізацыю гурткоў моладзі і непавагу да начальства», як ён пісаў у аўтабіяграфіі, Міколу Куліша некалькі разоў адлічвалі з вучэльні. Нягледзячы на гэта, у 1908 року ён паступіў у Алёшкаўскую прагімназію. Аднак яе зачынілі, калі Міколу заставалася да выпуску зусім крыху часу.

Мікола Куліш мешкаў на кватэры свайго гімназійнага сябра Ўсевалада Нэвеля, дзе й пазнаёміўся з будучай жонкай Антанінаю Нэвель.

Калі яму споўнілася 22 рокі, Мікола адаслаў дакумэнты ў Наварасійскі ўнівэрсытэт і быў залічаны на філялягічны факультэт. Аднак у жніўні 1914 року ён мабілізаваны ў сувязі з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Накіраваны ў Адэскую школу прапаршчыкаў, пасьля сканчэньня якое трапляе на фронт. У 1915—1917 роках ваяваў на перадавой, быў паранены, кантужаны. Падчас Лютаўскае рэвалюцыі прымае яе бок, зьвязваючы з гэтым свае надзеі на пабудову гуманістычнага і справядлівага грамадзтва.

З пачатку 1918 — старшыня Алёшкаўскага савету працоўных і сялянскіх дэпутатаў. У ліпені 1919 року, перабуваючы ў Хэрсоне, сфармаваў Дняпроўскі сялянскі полк у складзе Чырвонай арміі, зь якім абараняў Хэрсон і Мікалаеў ад дзянікінцаў. За гетманатам Паўла Скарападзкага ўвязьнены на 5 месяцаў. Пасьля вяртаньня Чырвонай арміі стаў начальнікам штабу групы войскаў Хэрсонскага і Дняпроўскага павятовых ваенкаматаў.

Пасьля дэмабілізацыі кіраваў органамі народнай асьветы ў Алёшкаўскім павеце, у 1922 — у губэрнскім аддзеле народнай асьветы ў Адэсе на пасадзе інспэктара школ. У Адэсе стаў сябрам пісьменьніцкае суполкі «Гарт». У Зіноўеўску (цяпер Крапіўніцкі) з канца красавіка да пачатку чэрвеня 1925 року рэдагаваў газэту «Червоний шлях».

Пасьля пераехаў у Харкаў, дзе пазнаёміўся з такімі выбітнымі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, як Мікола Хвілёвы, Лэсь Курбас, Астап Вішня, Уладзімер Сасюра, Юры Яноўскі, Паўло Тычына, Іван Дняпроўскі, Рыгор Эпік і іншыя. У гэты пэрыяд уваходзіў у літаратурную арганізацыю ВАПЛІТЭ. Вёў шматгадовую плённую супрацу з групаю тэатру «Бэразіль».

У 1926—1928 быў прэзыдэнтам ВАПЛІТЭ, уваходзіў у склад рэдкалегіі часопісу «Червоний шлях», друкаваўся ў альманаху «Літаратурны кірмаш». З канца 1929 — сябра прэзыдыюму новага літаратурнага аб’яднаньня «Пралітфронт».

Аднак з пачаткам 1930-х у жыцьці Міколы Куліша настаюць трагічныя старонкі жыцьця: большасьць ягоных твораў, што дагэтуль былі папулярныя, зазнаюць вялікую палітычную і эстэтычную крытыку. Творчасьць Куліша становіцца адною з нэгатыўных тэндэнцыяў у тагачаснай украінскай літаратуры. Сам ён, бачачы галадамор 1933 року падчас вандровак па Хэрсоншчыне, пачынае разчароўвацца ў рэвалюцыйных ідэях.

У гэты час супраць яго разварочваецца ідэалягічная кампанія, у ходзе якой зацьвярджаецца, што п’есы «Народны Малахій», «Мына Мазайла», «Патэтычная саната» маюць асноваю варожыя камуністычнаму рэжыму погляды. На першым усесаюзным зьезьдзе савецкіх пісьменьнікаў, што адбываўся 17 жніўня — 1 верасьня 1934 року, Міколу Куліша абвясьцілі буржуазна-нацыяналістычным драматургам. У сьнежні 1934 року ён арыштаваны органамі НКУС па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі ў сувязях з АУН.

На судовым працэсе па гэтак званай «справе барацьбітаў» у сакавіку 1935 Куліш асуджаны да 10 рокаў Салавецкіх лягероў. Утрымліваўся ў жорсткай ізаляцыі. 3 лістапада 1937 року пастановаю асаблівай тройкі НКУС па Ленінградзкай вобласьці ад 9 кастрычніка расстраляны ва ўрочышчы Сандармох Мядзьвежагорскага раёну (Карэлія) ў складзе г. зв. «Салавецкага этапу» ў колькасьці 1111 асобаў.

Рэабілітаваны 4 жніўня 1956 у сувязі з адсутнасьцю склада злачынства.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікола Куліш займаўся літаратурнай дзейнасьцю практычна ўсё жыцьцё — 30 гадоў з 45. Пісаў п’есы нават падчас зьняволеньня на Салаўках.

Першыя творы Мікола Куліш стварыў падчас навучаньня ў Алёшках. Гэта былі сатырычныя вершы, фэльетоны, эпіграмы, што зьяўляліся на старонках вучнёўскіх рукапісных часопісаў «Наша жизнь», «Колючка», «Стрела», «Веселое язычество», ініцыятарам якіх ён сам і быў.

У Алёшках таксама зьявіліся першыя драматычныя спробы Куліша — калярытныя малюнкі з колішняга жыцьця. У 1913 року ён напісаў першую п’есу расейскай моваю «На рыбнай лоўлі», што пазьней лягла ў аснову камэдыі «Вотак загінуў Гуска».

Падзеі пачатку 1920-х рокаў Мікола Куліш адлюстроўвае ў дакумэнтальнай аповесьці «Па вёсках і сёлах» (расейскаю мовай, апублікаваныя ў адэскім пэдагагічным часопісе «Наша школа», 1923). З выкарыстаньнем элемэнтаў мастацкага аповеду, публіцыстычных меркаваньняў, дакумэнталізаваных назіраньняў аўтар апісаў голад у Таўрыі. П’еса «97» пра голад 1921—1922 рокаў, напісаная ў наступным року, была пастаўленая ў 1925 на харкаўскай сцэне і прынесла Кулішу ўсеагульнае прызнаньне. За 1923—1924 рокі ён стварыў каля 15 п’есаў, аднак некаторыя зь іх былі страчаныя падчас арышту пісьменьніка.

Творчаю вяршыняй драматурга сталі п’есы «Народны Малахій» (1927), «Мына Мазайла» (1929). Тэма гэтых п’ес — аблуднасьць ідэалаў бальшавіцкай рэвалюцыі, нацыянальнае прыстасаванства і фальш мяшчанскага асяродзьдзя. «Патэтычная саната» (1929) паказвае барацьбу трох сілаў — камуністычнай, белагвардзейскай і нацыянальна-патрыятычнай у 1917—1918 роках. У п’есе выкарыстаныя сродкі тагачаснай экспэрымэнтальнай драмы ў злучэньні з традыцыйным украінскім тэатрам (вертэпам).

У 1930-х Куліш напісаў п’есы «Маклена Граса» (1933), «Бывай, сяло» (1933), «Вяртаньне Марка» (1934), «Вечны бунт» і інш. Творы Куліша востра крытыкавала афіцыйная крытыка.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]