Міхалон Ліцьвін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхалон Літвін»)

Міхалон Ліцьвін (магчымае сапраўднае імя: Вянцлаў Мікалаевіч альбо Міхайла Цішкевіч) — аўтар трактату «Аб норавах татар, ліцьвінаў і масквіцянаў», які быў напісаны перад 1550 годам, а выйшаў у сьвет у 1615 годзе.

Міхалон Літвін абгрунтоўваў паходжаньне літоўскай арыстакратыі ад Юлія Цэзара, які, нібы, захапіў Літву і зрабіў яе правінцыяй Рыму (легенда пра Палямона). Як довад Міхалон Літвін прыводзіў падабенства «мовы ліцьвінаў» да лаціны. Аўтар абураўся жорсткім стаўленьнем шляхты да сялянаў і «чэлядзі нявольнай», крытыкаваў тагачасныя законы, паводле якіх сяляне і дробная шляхта ня мелі права кіраваць сваёй маёмасьцю бяз згоды пана, крытыкаваў шляхту, якая бавіла час у корчмах, замест таго, каб бараніць дзяржаву ад крымскіх татараў[1].

Як зазначае гісторык Павал Урбан, у выпадку сьцьверджаньняў, што мова ліцьвінаў была «напалову лацінскай»[a], а таксама пра іх «рымскія звычаі і абрады», Міхалон Ліцьвін проста паўтараў фантастычныя аргумэнты польскіх храністаў Яна Длугаша, Мацея Мяхоўскага і Марціна Кромэра[3].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ужо ў XVII ст. ураднік швэдзкай часткі Лівоніі храніст Тамаш Герн, які быў добра знаёмы з гэтай працай і яе крыніцамі, саркастычна пісаў, што несур'ёзна рабіць высновы пра паходжаньне народаў або плямёнаў на падставе некалькіх словаў-тэрмінаў, гучаньне або сэнс якіх чымсьці нагадваюць лаціну. У народных мовах латышоў, жамойтаў, старажытных прусаў або ліцьвінаў таксама можна адшукаць шмат сьлядоў славянскай мовы, моваў швэдаў і фінаў. Такім парадкам, паводле паходжаньня іх аднолькава можна было б залічыць да швэдаў або фінаў, русінаў або палякаў[2]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 53.
  2. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 17.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 14.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]