Міхал Геранім Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Геранім Радзівіл
Міхал Геранім Радзівіл. А. Граф, 1785
Міхал Геранім Радзівіл. А. Граф, 1785

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 кастрычніка 1744
Памёр 28 сакавіка 1831
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Марцін Мікалай Радзівіл
Марта з Трамбіцкіх
Жонка Алена з Пшазьдзецкіх
Дзеці Антоні Генрых і Міхал Гедэон
Дзейнасьць паэт

Міхал Геранім Радзівіл (10 кастрычніка 1744 — 28 сакавіка 1831) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Мечнік вялікі літоўскі (1771—1775), кашталян (1775—1790) і апошні ваявода віленскі (1790—1795). Рыцар Мальтыйскага ордэну (з 1797).

Валодаў вялізнымі абшарамі ў Польшчы (Нябораў, Крулікарня, Аркадыя, Орля і інш.), Украіне, Беларусі (Цімкавічы і інш.). Ардынат клецкі (з 1823). Кавалер ордэнаў Белага Арла (1772), Сьвятога Станіслава (1773), Чорнага Арла, Чырвонага Арла і Сьвятога Губэрта.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», малодшы сын Марціна Мікалая, крайчага вялікага літоўскага, і Марты з Трамбіцкіх. Меў зводнага брата Юзэфа Мікалая, ваяводу троцкага.

Алена з Пшазьдзецкіх

Выхоўваўся ў доме апекуна — Міхала Казімера Радзівіла «Рыбанькі», дзе атрымаў грунтоўную хатнюю адукацыю, у тым ліку музычную[1]. Навучаўся ў Львове, Нясьвіжы.

У 1771 годзе атрымаў урад мечніка вялікага літоўскага. Абіраўся паслом ад Берасьцейскага ваяводзтва на сойм 1773 году. Далучыўся да соймавай дэлегацыі, створанай пад ціскам дыпляматаў Расеі, Прусіі і Аўстрыі каб зацьвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. 18 верасьня браў удзел у падпісаньні дамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай. У 1775 годзе атрымаў урад кашталяна троцкага. Быў сябрам Пастаяннай Рады ў 1780—1783 і 1793—1794 гадох, сябар Адукацыйнай камісіі з 1783 году (старшыня ў 1793 году). У 1790 годзе стаў ваяводам троцкім.

Анэля, дачка М. Радзівіла

У 1792 годзе далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі. У 1793 годзе на гарадзенскім сойме паставіў подпіс на дакумэнтах аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі знаходзіўся ў Пецярбургу, не супрацьдзейнічаў наданьню сваімі ўраднікамі дапамогі паўстанцаў, выстаўленьню рэкрутаў. Потым адышоў ад палітычнай дзейнасьці.

У 1774 годзе набыў палац у Небарове, дзе сабраў каштоўную калекцыю мэдалёў, бібліятэку (улучала прыватную бібліятэку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, гравюры[2].

26 красавіка 1771 году ажаніўся з Аленай (1753—1821), дачкой падканцлера вялікага літоўскага Антонія Тадэвуша Пшазьдецкага (1718—1772) і Кацярыны Агінскай. Алена Пшазьдзецкая атрымала вядомасьць сваім раманам з каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Людвік Мікалай (1773—1830), X ардынат на Клецку
  • Антоні Генрык (1775—1833), кампазытар-аматар, сьпявак, мэцэнат, XII ардынат на Нясьвіжы, заснавальнік бэрлінскай лініі Радзівілаў
  • Крыстына Магдалена (1776—1796)
  • Міхал Гедэон (1778—1850), брыгадны генэрал, сэнатар-кашталян і сэнатар-ваявода Каралеўства Польскага, галоўнакамандуючы польскай арміяй у 1831 годзе
  • Караль Лукаш
  • Андрэй Валенці (1780—1837 або 1838)
  • Анэля (1781—1808), жонка князя Канстантына Адама Чартарыйскага
  • Ружа Кацярына

Памёр у Варшаве ў веку 87 гадоў. Спачыў ў Небарове.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Скорабагатаў В., Собалева Н. Гётэ, Радзівіл, „Фаўст”. Kamunikat.orgПраверана 22 студзеня 2011 г.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал Геранім Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў