Нараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нараджэньне Багародзіцы
хрысьціянская традыцыя
Значэньне ушанаваньне памяці пра дзень народзінаў Дзевы Марыі
Дата 8 верасьня [ст. ст. 21 верасьня]

Нараджэ́ньне Прасьвято́й Багародзі́цы (Раство Багародзіцы, Прачы́стая другая, Бага́ч) — восеньскае хрысьціянскае сьвята, якое адзначаецца 8 верасьня:

Праваслаўная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раство Багародзіцы, беларуская школа, каля 1700

Нараджэньне Прасьвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі сьвяткуецца Царквою як дзень сусьветнае радасьці. Гэтая дабратворная падзея адбылася ў невялікім галілейскім горадзе Назарэце. Бацькамі Дзевы Марыі былі праведны Іаакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвяшчэньніка Аарона. Яны былі бязьдзетныя, бо Ганна была няплодная. І гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, таму Іаакім і Ганна цярпелі несправядлівыя зьдзекі ад сваіх суайчыньнікаў. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служньня ў храме дзіця, калі яго ім пашле Гасподзь. У адно са сьвятаў старац Іаакім прынёс у Ерусалімскі храм сваё ахвярнае прынашэньне, але першасьвяшчэньнік не прыняў яго, бо Іаакім быццам быў няварты гэтага па прычыне сваёй бясплоднасьці. У вялікім смутку, прыгнечаны горам, сьвяты Іаакім пайшоў у пустэльню, дзе са сьлязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Сьвятая Ганна, дазнаўшыся пра гэтае здарэньне, таксама шмат і шчыра малілася. Гасподзь выканаў іхнае прашэньне. Муж і жонка дасягнулі сталага ўзросту і падрыхтавалі сябе дабрадзейным жыцьцём да высокага званьня — быць бацькамі Прасьвятой Дзевы Марыі, будучай Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось Архангел Гаўрыіл прынёс Іаакіму і Ганьне радасную вестку: малітвы іх пачутыя Богам, і ў іх народзіцца Найблаславёная дачка Марыя, празь якую будзе дараванае выратаваньне ўсяму сьвету. Нараджэньне Багародзіцы наблізіла прышэсьце на зямлю дабратворнага Царства Нябеснага, царства ісьціны і бессьмяротнага жыцьця.

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Трапар сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 4[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева,
радасьць прынесла ўсяму сьвету,
бо зь Цябе зазьзяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш;
і зьняўшы пракляцьце, Ён даў благаславеньне,
і зьнішчыўшы сьмерць, дараваў нам жыцьцё вечнае.

Кандак сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 4[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іаакім і Анна ад зьнявагі за бязьдзетнасьць
і Адам і Ева ад пагібелі сьмяротнай
вызваліліся, Прачыстая, ў сьвятым Нараджэньні Тваім.
Яго ж сьвяткуюць і людзі Твае,
ад віны саграшэньняў пазбавіўшыся,
усклікаючы да Цябе:
няплодная нараджае Багародзіцу і Карміцельку жыцьця нашага.

Задастойнік сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Велічай, душа мая, найслаўнейшае нараджэньне Божае Маці. Чужаснае для маці дзявоцтва і не ўласьціва дзевам дзяцей нараджэньне, на Табе ж, Багародзіца, зьдзейсьнілася тое і другое. Таму мы, усе народы зямныя, несупынна Цябе велічаем.

Народная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Багач — старадаўняе земляробчае сьвята беларусаў, што спраўлялася пасьля заканчэньня жніва. З пашырэньнем хрысьціянства Багач быў прымеркаваны да Другой Прачыстай — сьвята нараджэньня Божай Маці (8 верасьня), якая лічылася заступніцай ураджаю. Сымбаль сьвята Багача — сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай сьвечкай (збожжа вымалочвалі зь першага зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народнага павер’я, Багач забясьпечваў дому багацьце і шчасьце.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцысховішча мультымэдыйных матэрыялаў