Насьёнал Фуншал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Насьёнал
Поўная назва Clube Desportivo Nacional
Заснаваны 1910
Горад Фуншал, Партугалія
Стадыён Стадыён Мадэйры
Умяшчальнасьць: 5132
Чэмпіянат Ліга 2
 · 2022—2023 13 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
cdnacional.pt (парт.)

«Насьёнал» (па-партугальску: Nacional) — партугальскі футбольны клюб з гораду Фуншалу. Заснаваны ў 1910 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Насьёнал» у 1925 годзе

«Насьёнал» дасягнуў першага дывізіёну ў першы раз у гісторыі ў сярэдзіне 1990-х, аднак празь некаторы час вылецеў. Клюб вярнуўся зноўку ў Прымэйру ў сэзоне 2002—2003 гадоў. Наступны сэзон быў, магчыма, найлепшым у гісторыі клюбу, бо ён заняў чацьвертае месца ў лізе паміж лісабонскім «Спортынгам» і клюбам «Брага». У тым сэзоне сапраўднымі лідэрамі каманды былі апорны паўабаронца Паўлу Асунсан і бамбардзір Адрыяна, які забіў у той сэзон 19 галоў. Абодва гульцы пасьля перайшлі ў «Порту», у той час як трэці ключавы гулец, нападнік Мігеліту, далучыўся да «Бэнфікі» ў 2006 годзе.

«Насьёнал» таксама дасягнуў чвэрцьфіналу Кубка Партугаліі і трываў паразу ў першым супрацьстаяньні Кубка УЭФА наступнага сэзону 2004—2005 гадоў, двойчы саступіўшы «Сэвільлі». У сэзоне 2006—2007 гадоў клюб з Мадэйры саступілі бухарэсцкаму «Рапіду».

У сэзоне 2008—2009 гадоў «Насьёнал» зноўку скончыў сэзон на чацьвертым месцы, апярэдзіўшы «Брагу» на два пункты. На той час у клюбе бліскаў Нэнэ, які забіў 20 галоў і стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Партугаліі. Клюб таксама дасягнуў паўфіналу Кубка Партугаліі, аднак трываў паразу па суме двух матчаў 4:5 ад клюбу «Пасуш ды Фэрэйра».

Сэзон 2009—2010 гадоў «Насьёнал» пачаў без дапамогі Нэнэ, які быў прададзены ў «Кальяры» за рэкордныя для клюбу 4,5 млн эўра. У жніўні 2009 году, аднак, клюб сэнсацыйна перайграў былых пераможцаў Кубка УЭФА піцерскі «Зэніт» у апошнім кваліфікацыйным раўндзе да групавога этапу Лігі Эўропы. Пасьля хатняй перамогі зь лікам 4:3, «Зэніт» меў перавагу зь лікам 1:0 да самага сканчэньня матчу, аднак гулец «Насьёнала» Рубэн Мікаэл здолеў забіць гол на апошніх хвілінах, такім чынам дазволіўшы партугальцам працягнуць выступы ў эўрапейкім спаборніцтве. У групавым турніру «Насьёнал» заняў трэці радок, апярэдзіўшы клюб «Аўстрыя», аднак саступіўшы «Вэрдэру» і «Атлетыку» зь Більбао.

Дэрбі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Насьёнал» мае сталае супрацьстаяньне зь іншым клюбам з вострава «Марытыму», то бок клюбы часьцяком атаесамляюцца з рознымі вобразамі жыцьця і сацыяльнымі клясамі. Традыцыйна «Насьёнал» падтрымліваюць людзі больш вышэйшага сацыяльна-эканамічнага статусу чым заўзятары «Марытыму», якія ў асноўным паходзяць з працоўнай клясы. Непрымірымае суперніцтва паміж двума клюбамі працягваецца па сёньня.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]