Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
NAM RB - National Art Museum Ul. Lenina 20 Minsk.jpg
Месцазнаходжаньне МенскБеларусь
Тэматыка калекцыі мастацтва Беларусі, Расеі, Эўропы і краін Усходу[1]
Створаны 24 студзеня 1939
Дырэктар Уладзімер Пракапцоў
Адрас вул. Леніна, 20
Геаграфічныя каардынаты 53°53′54″ пн. ш. 27°33′38″ у. д. / 53.89833° пн. ш. 27.56056° у. д. / 53.89833; 27.56056Каардынаты: 53°53′54″ пн. ш. 27°33′38″ у. д. / 53.89833° пн. ш. 27.56056° у. д. / 53.89833; 27.56056
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь на мапе Беларусі ±
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
www.artmuseum.by

Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь — найбуйнейшы музэй мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. Знаходзіцца ў Менску на вул. Леніна, 20.

Будынак Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекта Міхаіл Бакланаў).

Час працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Музэй працуе: з 11.00 да 19.00
  • Каса працуе: з 11.00 да 18.00
  • Уваход для наведвальнікаў: з 11.00 да 18.00
  • Выхадны дзень: аўторак

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даваенны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная гісторыя музэю бярэ пачатак 24 студзеня 1939 — згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Менску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна разьмясьцілася ў пятнаццаці залях будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасьці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.

Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касьцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музэяў Менска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Трацякоўская галерэя і Расейскі музэй, Музэй выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі зьвезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзібаў і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясьвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, францускіх габэленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI-XIХ стст.

Напачатку 1941 фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, зь якіх 400 знаходзіліся ў экспазыцыі.

Згубы вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезьці не пасьпелі. Акупаваны Менск наведвалі Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэньні асабістага музэю Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, ўпаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасьцяў на ўсходніх землях. Наведалі Менск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Лепшыя прадметы прыкладнога мастацтва і палотны былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Райх і ў Кёнігсбэрг. Да верасьня 1941 збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розэнбэргу, што Менск пазбавіўся мільённых каштоўнасьцяў, бо «каштоўныя палотны, мэбля XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармура, гадзіньнікі і г. д. СС аддае на разрабаваньне вэрмахту».

Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасьць вопісаў. У «Вопісе музэйных каштоўнасьцяў, вывезеных гітлераўцамі ў Нямеччыну і ў краіны яе саўдзельнікаў і зьнішчаных у выніку разбойніцкіх дзеяньняў» 1944 году, складзенай музэйнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы расейскага жывапісу, 32 — заходнеэўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімовым палацы, 60 абразоў XVI—XVIII стагодзьдзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расейскага парцаляну, 800 — заходнеэўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага урэцкага шкла, 200 «посьцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя.

Пасьляваенны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выява музэя на купюры 1000 рублёў

Пасьля вайны у Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у Расеі (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясьвіжа). Некаторыя працы былі знойдзеныя ў Менску («Шахцёр зь лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).

Другі этап гісторыі музэю зьвязаны з самаахвярнай дзейнасьцю заслужанай дзяячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 Алены Аладавай.

Пасьля вызваленьня Менску Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музэй ім. А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнеэўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расейскі музэй — тры пэйзажы А. Куінджы, пэйзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імпэратрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Менску былі знойдзеныя цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэньне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Ўзьнясеньне» XVI стагодзьдзя.

У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазыцый не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаваньне было даручана Міхаілу Бакланаву.

Будаўніцтва Мастацкай галерэі зь дзесяцьцю прасторнымі залямі, разьмешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаўся адным зь першых музэйных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленьнем новай экспазыцыі і Ўсебеларускай выставы ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музэй БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 году). Калекцыя музэя тады ўжо дасягала трох тысяч твораў расейскага, савецкага і беларускага мастацтва.

Абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі пасьля распаду СССР зьмянілі статут музэю — з 1993 году музэй называецца Нацыянальным мастацкім музэем Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Калекцыя, Афіцыйны сайт Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000102

Commons-logo.svg  Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў