Невель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Невель
лац. Nieviel
Траецкая царква
Траецкая царква
Герб Неўлю Сьцяг Неўлю
Першыя згадкі: XV стагодзьдзе
Магдэбурскае права: 3 сакавіка 1623
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Пскоўская вобласьць
Муніцыпальны раён: Невельскі
Плошча: 23 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 15 079 чал.
шчыльнасьць: 655,61 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +7 182510
Паштовы індэкс: 182500
Нумарны знак: 60
Геаграфічныя каардынаты: 56°1′0″ пн. ш. 29°56′0″ у. д. / 56.01667° пн. ш. 29.93333° у. д. / 56.01667; 29.93333Каардынаты: 56°1′0″ пн. ш. 29°56′0″ у. д. / 56.01667° пн. ш. 29.93333° у. д. / 56.01667; 29.93333
Невель на мапе Расеі
Невель
Невель
Невель
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.nevel.ru

Не́вель — места ў Расеі, пры ўтоку ракі Еменкі ў возера Невель. Адміністрацыйны цэнтар Невельскага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 079 чалавек. Знаходзіцца за 242 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, вузел чыгуначных лініяў Вялікія Лукі — Полацак і Новасакольнікі — Віцебск.

Невель — магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1], на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Прачыстай Багародзіцы, Спаскі манастыр і збудаваны ў стылі віленскага барока комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Юрыя, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Невель утварыўся ад назвы возера Невелю (Неўлю). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага nevo — 'балоцістае месца'.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Невельская бітва, 1562 г.

Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўпамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага дасьледніка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменкі, якая ўпадала ў возера Невель[2].

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб, 1623 г.

Уласна Невель ўпершыню ўпамінаецца ў XV ст. як места ў Таропецкай воласьці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI ст. паселішча мела значэньне абароннага пункту (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасьцю 4 тыс. чал. (паводле іншых зьвестак 1,5 тыс. чал.) разьбіў пад Невелем 15(25)-тысячнае маскоўскае войска, аднак таго ж году па аблозе 45-тысячным войскам места захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру 1582 году яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.

Спаская царква да перабудовы

У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводзтва. 3 сакавіка 1623 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід зь мечам»[3] (пацьвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 году). У 1633—1634 гадох Невель быў сталіцай павету Смаленскага ваяводзтва. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасьці з мірнай дамовай 1678 году места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.

Спаская царква па перабудове

У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. На 1681 год тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270[4]. У 1731 годзе ў месьце налічвалася 403 дымы[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб, 1843 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Невель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкага намесьніцтва, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. На 1780 год у месьце існавалі манастыр, царква і касьцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная царква (Маскоўскі патрыярхат), 1 мураваная і 11 драўляных цэркваў (Сьвяты Пасад), 1 мураваны і 2 драўляныя касьцёлы; у самім месьце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, 2 мураваныя, касьцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крамаў, 15 вуліцаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, беларусы складалі 84% жыхароў Невельскага павету[5].

У пачатку XX ст. Невель знаходзіўся на скрыжаваньні 2 чыгунак і меў разьвітую прамысловасьць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[6]. На 1906 год у месьце было 28 вуліцаў, 10 завулкаў і 6 пляцаў, 232 мураваныя і 1222 драўляныя будынкі[7]. На 1910 год — дзейнічалі 4 царквы, 3 капліцы, касьцёл і 15 сынагог, працавалі гімназія, 3 бібліятэкі і друкарня[8].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Невель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе стала цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[9]. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 году ў Пскоўскай губэрні (з 1957 году ў Пскоўскай вобласьці). У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць места у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[10]. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 6—7 кастрычніка 1943 году Невель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1780 год — 835 мяшчанаў і 123 юдэі[3]; 1799 год — 2908 чал., зь іх мяшчанаў-хрысьціянаў 1793, юдэяў 767; купцоў-хрысьціянаў 107, юдэяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[3]
  • XIX стагодзьдзе: 1856 год — 6,7 тыс. чал.; 1886 год — 7263 чал., зь іх 3539 праваслаўных, 153 каталікі, 34 пратэстанты, 3 стараверы 3530 юдэяў[11]; 1896 год — 9062 чал., зь іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, юдэяў 4587, магамэтанаў 15, іншых 70; паводле стану: шляхты 140, духоўнага стану 85, ганаровых грамадзянаў і купцоў 248, мяшчанаў 6875, вайсковага стану 1093, сялянаў 525, іншых 96[12]; 1897 год — 9349 чал., зь іх 2411 беларусаў, 1009 расейцаў і 5831 жыдоў[13]
  • XX стагодзьдзе: 1931 год — 12,1 тыс. чал.; 1939 год — 15,6 тыс. чал.; 1959 год — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[14]; 1970 год — 17 715 чал.; 1979 год — 20 730 чал.; 1989 год — 22 368 чал.; 1993 год — 22,2 тыс. чал.[15]; 1996 год — 21,6 тыс. чал.; 1998 год — 21,2 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 20,4 тыс. чал.; 2002 год — 18 545 чал.[16]; 2005 год — 17,8 тыс. чал.; 2009 год — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 году — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 году (перапіс) — 16 324 чал.; 2011 год — 16 272 чал.; 2012 год — 15 885 чал.; 2013 год — 15 578 чал.; 2014 год — 15 417 чал.; 2015 год — 15 252 чал.; 2016 год — 15 250 чал.; 2017 год — 15 133 чал.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Беладзедава Вялікая Могілкавая вуліца
Гвардзейская вуліца Вялікая Вяліская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца Кагальная вуліца
Камсамольская вуліца Юраўская вуліца рас. Георгиевская улица
Карла Маркса плошча Рынак пляц
Красны пляц
Ламаносава вуліца Спаская вуліца Бебеля вуліца
Сталіна вуліца (1953—1961 гг.)
Леніна вуліца Шашэйная вуліца
Ленкамуны вуліца (з 1918 г.) Мікалаеўская шаша Пецярбурская шаша
Маметавай вуліца (з 1.11.1943 г.) Віцебская вуліца
Міхайлава вуліца Полацкая вуліца
Нікулічава вуліца Вялікая Могілкавая вуліца
Рашаля вуліца Прачысьценская вуліца рас. Успенская улица
Савецкая вуліца Манастырская вуліца
Сьлепянкова вуліца Красны завулак
Талстога вуліца Нізвальная вуліца
Урыцкая вуліца Мікольская вуліца
Філатава вуліца (з 1.11.1943 г.) Малая Вяліская вуліца
Хабібуліна вуліца Малая Могілкавая вуліца
Чабатарова вуліца Гуменны завулак
Чайкіна вуліца Узвальная вуліца
Энгельса вуліца Шашэйная вуліца

З урбананімічнай спадчыны Невелю гістарычныя назвы захавалі вуліцы Замкавая, Падгорная і Ўзгор'е.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Завод аўтаматычных тэлефонных станцыяў; швацкае аб’яднаньне; малочна-кансэрвавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; ільнозавод.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і зьяўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 разьмяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацак, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая станцыя

Дзейнічае Невельскі краязнаўчы музэй (у будынку колішняй паштовай станцыі).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Паштовая станцыя (1831)
  • Плябанія пры зруйнаваным касьцёле Сьвятога Юрыя
  • Царква Найсьвяцейшай Тройцы (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)
  • Царква Сьвятога Яна Багаслова

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 64.
  2. ^ Міхневіч У. Невель, Пскоўская вобласьць, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 19 студзеня 2009 г.
  3. ^ а б в г Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 205.
  4. ^ а б в Варонін В. Невель // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 353.
  5. ^ Перепись 1897 года. Невельский уезд, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  6. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 290.
  7. ^ Список населённых мест Витебской губернии. — Витебск, 1906. С. 30—31.
  8. ^ Невельская старина. — СПб., 1993. С. 83.
  9. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  10. ^ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае, Радыё Свабода, 8 сакавіка 2007 г.
  11. ^ Kuściński M. Newel // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 27.
  12. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  13. ^ Перепись 1897 года. Невель, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  14. ^ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года
  15. ^ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  16. ^ Всероссийская перепись населения 2002 года

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]