Нурыстанскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нурыстанская група
Народнасьць нурыстанцы
Арэал усход Аўганістану, паўночны захад Пакістану
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Склад
паўднёвакафірская,
паўночнакафірская падгрупы
Колькасьць носьбітаў каля 130 тыс.

     Арэал нурыстанцаў на мапе Аўганістану.

Нурыста́нскія мовы (таксама кафі́рскія) — адна з трох групаў моваў індаіранскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і, разам з індаарыйскай ды іранскай групамі ўтварае індаіранскую галіну моваў[1][2][3]. На нурыстанскіх мовах размаўляе каля 130 тыс чал., якія жывуць галоўным чынам на ўсходзе Аўганістану (аднайменная правінцыя Нурыстан і суседняя правінцыя Кунар) і ў некалькіх суседніх далінах паўночна-заходняга Пакістану (акруга Чытрал правінцыі Хайбэр-Пахтунхва).

Адзначаюцца запазычаньні не-індаэўрапейскага паходжаньня з геаграфічна блізкае мовы бурушаскі. Значная частка носьбітаў нурыстанскіх моваў зьяўляюцца білінгвамі або мультылінгвамі, валодаючы пушту або пушту й дары — мясцовымі лінгва-франка й дзяржаўнымі мовамі Аўганістану, якія аказваюць на нурыстанскія мовы значны адстратны ўплыў.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да нурыстанскіх моваў традыцыйна прынята залічваць ад чатырох да шасьці моваў. Усе яны, як правіла, маюць адносна невялікую колькасьць носьбітаў, кожныя зь якой жывуць у асобнай ізаляванай даліне Гіндукушу — мясцовай горнай сыстэмы. Колькасьць моваў можа хістацца ў залежнасьці ад інтэрпрэтацыі будзь-якой з моваў як дыялекту ці наадварот. Усе мовы нурыстанскай групы падзяляюцца на дзьве падгрупы:

  • Паўднёвакафірская:
    • Ашкун (або ашкуну). Распаўсюджаная ў некалькіх раёнах Нурыстану, мае колькасьць носьбітаў каля 40 тыс чал., зь якіх прыкладна 4000 аднамоўныя[4];
    • Каці (або камката-віры). Распаўсюджаная ў Аўганістане й Пакістане, распадаецца на параўнальна вялікую колькасьць дыялектаў. Колькасьць носьбітаў — каля 18 700 чалавек з 110 тыс чал. этнасу[5];
    • Трэгамі — носьбіты пражываюць у некалькіх мясцовасьцях Нурыстану, агулам налічваючы 3 500 чалавек з 3 500 этнасу, зь якіх 700 чалавек аднамоўныя[6];
    • Вайгалі (або калаша-ала) — мова, распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Нурыстану, а таксама ў правінцыі Кунар. Колькасьць носьбітаў — 11 500 чалавек з 11 500 этнасу, зь іх блізу 2 300 чалавек аднамоўныя[7];
    • Зэміякі. Часам лічыцца дыялектам вайгалі, колькасьць носьбітаў — каля пяці соцень чалавек[8].
  • Паўночнакафірская:
    • Прасун (або васі-вары). Носьбіты пражываюць у некалькіх далінах Нурыстану, колькасьць носьбітаў — 8000 чалавек з 8000 этнасу[9]. Дэманструе больш адрозныя й архаічныя рысы ў параўнаньні зь іншымі нурыстанскімі.

У літаратуры мовы ды іх дыялекты звычайна называюцца паводле назваў мясцовасьцяў, рэк або далінаў, якія часта маюцца ва ўжытку ў суседзяў нурыстанцаў — пуштунаў. Пры гэтым носьбіты нурыстанскіх моваў называюць сябе перадусім пляменнымі назвамі, якія не заўсёды супадаюць з назвамі моваў. Мовы, што распаўсюдзіліся з уласнай лякальнай даліны, распадаюцца на адпаведныя дыялекты (так, напрыклад, вылучылася мова трэгамі). Значную экспансію зьведала мова каці, якая пашырылася ў некалькіх далінах на поўначы Нурыстану і, верагодна, істотна скараціла арэал мовы прасун. За цяперашнім часам каці — вядучая нурыстанская мова, мясцовая мова міжнацыяльнае камунікацыі, выкарыстоўваецца для некаторых радыёперадачаў Нурыстану. Нягледзячы на тое, што Парун (Прасун) быў рэлігійным цэнтрам паўночнага Нурыстану ў часы язычніцтва, а па прыняцьці ісламу збольшага захоўвае гэтую ролю, прасунцы звычайна вучаць мову каці, але не наадварот.

У нурыстанскіх мовах прасочваецца значнае арэальнае падабенства з дардзкімі й усходнеіранскімі мовамі Гіндукушу, уваходзячы разам зь імі ў цэнтральнаазіяцкі моўны зьвяз (тэрмін моўны зьвяз звычайна пазначае ня мовы адной галіны ці групы, а проста геаграфічна блізкія мовы, якія гістарычна аказалі адна на адну пэўны ўплыў), гэтае падабенства ў значнай ступені падмацоўваецца агульнымі зь імі субстратам. З субстратным пытаньнем непасрэдна зьвязаная праблема клясыфікацыі мовы дамэлі, якая спалучае як нурыстанскія, так і дардзкія рысы; нурыстанскі субстрат таксама маецца ў дардзкай мове калаша.

Асноўныя рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для складу галосных характэрная наяўнасьць галосных сярэдняга шэрагу (ы, ɨ, ə). Сярод зычных адсутнічае карэляцыя паводле прыдыхальнасьці, але шырока разьвітая карэляцыя паводле рэтрафлекснасьці (рэтрафлексныя зычныя — зычныя, пры вымаўленьні якіх кончык языка ўздымаецца да цьвёрдага нёба і трохі загінаецца назад). Яна ахоплівае змычныя, афрыкаты, шыпячыя і дрыжачыя. Маюцца адна- й двуфокусныя афрыкаты: c — č, ʒ — ǰ.

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для марфалёгіі ўласьцівыя два роды (мужчынскі ды жаночы, выяўляюцца ў дапасаваньні з азначэньнямі й некаторымі дзеяслоўнымі формамі), два лікі (выражаюцца ў паказчыках ускоснага склону або зборнымі суфіксамі), асаблівая сыстэма зьлічэньня (заснаваная на лічбе 20), асаблівая склонавая сыстэма (ад двух да чатырох склонаў, дапаўняюцца пасьлялогамі), энклітычныя займеньнікі (у прасуне — у прэпазыцыі), спалучэньне флектыўных і аналітычных формаў у дзеяслове, разьвітая сыстэма прэвэрбаў ды іншых прыслоўных часьціцаў з функцыяй прасторавай арыентацыі ў горнай мясцовасьці.

Сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць нурыстанскіх моваў, як і пераважная частка індаіранскіх, маюць у сказе парадак словаў паводле схемы SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік). Апрача гэтага, сынтаксісу характэрны эргатыўны або эргатывавідны тып сказу зь пераходным дзеясловам у мінулым часе (акрамя старажытнага імпэрфэкту), і намінатыўны — у цяперашнім часе, як у непераходных ва ўсіх часох.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню нурыстанскія мовы былі апісаныя ў дасьледчай літаратуры напрыканцы ХІХ ст. Раней рэгіён распаўсюджаньня нурыстанскіх моваў быў вядомы як Кафірыстан (літаральна «краіна няверных»), што было зьвязана з прыняцьцем нурыстанцамі ісламу толькі ў канцы ХІХ ст. у адрозьненьне ад іх суседзяў пуштунаў. Дзякуючы найменьню Кафірыстан мовы, распаўсюджаныя ў рэгіёне, згадваліся ў навуковай літаратуры як кафірскія, але гэты тэрмін саступіў тэрміну нурыстанскія, паколькі па зварачэньні рэгіёну ў іслам ён атрымаў назоў Нурыстан (літаральна «краіна сьвету, веры»).

Нурыстанцы (нурыстанскія народы) здаўна ня мелі агульнае саманазвы з прычыны існаваньня ў асяродзьдзі гэтых народаў архаічнай пляменнай структуры. Агульная самасьвядомасьць засноўвалася на рэлігійных язычніцкіх хаўрусах, а па ўзрастаньні ціску суседніх ісламскіх народаў — дадаткова й на супрацьпастаўленьні сябе мусульманам як ворагам і аб’ектам набегаў.

Існуе прынамсі некалькі поглядаў адносна клясыфікацыі нурыстанскіх моваў датычна іншых моваў індаэўрапейскай сям’і. Прыкладам, нурыстанскія мовы могуць лічыцца асобнай групай у складзе індаіранскай галіны моваў, асобнай галіной у складзе індаэўрапейскай сям’і, падгрупай у складзе геаграфічна блізкай дардзкай групы або аднымі з індаіранскімі мовамі з дардзкім уплывам. У прыватнасьці, існуе пэўная тэндэнцыя ў лінгвістыцы, згодна зь якой нурыстанская група можа лічыцца асобнай ад індаіранскай галіны, у сувязі з чым індаіранскія й нурыстанскія мовы ўтвараюць арыйскую галіну.

Зьвесткі пра фармаваньне й разьвіцьцё нурыстанскай групы, што ўключае ў сябе выключна лякальныя мовы, якія ня мелі пісьмовай традыцыі і не разглядаліся старажытнымі аўтарамі з прычыны іх ізаляцыі, не захаваліся. Гісторыя нурыстанскіх моваў можа быць адноўленая толькі на падставе ўнутранага аналізу саміх моваў ды іхніх арэальных сувязяў. Найбольш адметнымі фанэтычнымі рысамі нурыстанскіх моваў зьяўляюцца:

  • Супадзеньне арыйскіх шэрагаў прыдыхальных змычных зь непрыдыхальнымі:
  • арыйск. *bh, *dh, *gh, *ǰh > нурыст. *b, *d, *g, *ǰ.
  • арыйск. *ph, *th, *kh > нурыст. *p, *t, *k.
  • Захаваньне змычнай артыкуляцыі ў агульнаарыйскіх афрыкатах *ć, *j́, *j́h (рэфлексах сатэмізацыі індаэўрапейскіх палятальных *ḱ *ǵ *ǵh) зь пераходам іх у аднафокусныя *с, *ʒ (>*z), а таксама *ḱt > *ćt > *ct > *st.
  • Адсутнасьць дзеяньня правіла RUKI пасьля *u (захаваньне s), у адрозьненьне ад уласна індаіранскіх моваў, дзе *us > *uš.

Гэтыя прыкметы сьведчаць пра супрацьпастаўленьне нурыстанскіх іншым арыйскім, а таксама пра тое, што продак нурыстанскіх моваў аддзяліўся ад арыйскае сукупнасьці яшчэ да распаду яе на праіранскую ды праіндаарыйскую.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Morgenstierne, G. Irano-Dardica. — Wiesbaden: 1973.
  2. ^ Morgenstierne, G. Die Stellung der Kafirsprachen. — Irano-Dardica. — Wiesbaden: Reichert, 1975. — С. 327-343.
  3. ^ Strand, Richard F. 93 // Notes on the Nûristânî and Dardic Languages. — Journal of the American Oriental Society, 1973. — Т. 1. — С. 297-305.
  4. ^ Ashkun | Ethnologue
  5. ^ Kati | Ethnologue
  6. ^ Tregami | Ethnologue
  7. ^ Waigali | Ethnologue
  8. ^ А. Л. Грюнберг. Земиаки язык/диалект. — Языки мира: дардские и нуристанские языки. — М.: Индрик, 1999. — С. 123-125.
  9. ^ Prasuni | Ethnologue

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Эдельман Д. И. (отв. ред.) Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М.: 1999.
  • Карл Йеттмар. Религии Гиндукуша (пер. зь ням. на рас.). — М.: Наука, 1986. — 524 с.
  • Decker, Kendall D. Languages of Chitral. — 1992.
  • Morgenstierne, Georg. Report on a Linguistic Mission to Afghanistan. Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning, Serie C I-2. — Oslo: 1926.
  • Jettmar, Karl. Religions of the Hindu Kush. — 1985. — ISBN 0-85668-163-6
  • James P. Mallory. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — Thames and Hudson, 1989.
  • James P. Mallory & Douglas Q. Adams. Indo-Iranian Languages. — Encyclopedia of Indo-European Culture. — Fitzroy Dearborn, 1997.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]