Нью-Ёрк (штат)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Нью-Ёрк
Сьцяг Нью-Ёрку Герб Нью-Ёрку
Сьцяг Нью-Ёрку Герб Нью-Ёрку
Штат Нью-Ёрк на мапе ЗША
Мянушка «Імпэрскі штат»
Сталіца Олбані
Найбуйнейшы горад Нью-Ёрк
Плошча
27-я па ЗША
- агулам 141 300 км²
- % вады 13,5
- шырата 40°29,7' пн. ш. па 45°0,7' пн. ш.
- даўгата 71°47' з. д. па 79°46' з. д.
Насельніцтва
3-е па ЗША
- агулам 19,465 млн
- шчыльнасьць 159/км²
Дата заснаваньня 26 ліпеня 1788 (11-ы)
Губэрнатар Эндру Куома
Часавы пас Ціхаакіянскі час: UTC-5/-4
Афіцыйная старонка

Нью-Ёрк (па-ангельску: New York) — штат на паўночным усходзе ЗША, на Атлянтычным узьбярэжжы, каля мяжы з Канадай, найбуйнейшы ў групе Сярэдне-Атлянтычных штатаў. У межах штата знаходзіцца найбуйнейшы горад, эканамічны і палітычны цэнтар краіны — Нью-Ёрк. У склад штата ўваходзіць таксама буйны востраў Лонг-Айлэнд. Плошча штата 141 тыс. км², зь іх больш 18 тыс. км² занятыя ўнутранымі водамі. Насельніцтва 18,9 млн чалавек (трэцяе месца пасьля Каліфорніі і Тэхаса) (2000), у тым ліку гарадзкога каля 85%, больш 60% жывуць у Нью-Ёрку. Адміністрацыйны цэнтар — Олбані. Буйныя гарады і асноўныя прамысловыя цэнтры: Нью-Ёрк, Бафала, Рочэстэр, Сайрэк'юз. Іншыя буйныя гарады: Ніягара-Фолз, Ютыка, Скенэктадзі, Бінгемтон, Трой.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да часу зьяўленьня эўрапейцаў у гэтых месцах жылі плямёны іракескай лігі і алганкіны, якія падчас эўрапейскай калянізацыі Паўночнай Амэрыкі падвергнуліся значнаму вынішчэньню. Засваеньне рэгіёну пачалося з дасьледаваньня ракі Хадсан. У Нью-Ёркскай бухце ў 1524 пабываў Джавані Вэрацыяна. У 1609 Генры Хадсан, які служыў у галяндцаў, дайшоў па рацэ да раёна, дзе цяпер находзіцца горад Олбані. Тут у 1614-18 існавала першае селішча форт Насаў. У 1621 гэтая тэрыторыя была ўключаная ў склад галяндзкіх каляніяльных уладаньняў у Паўночнай Амэрыцы, якія атрымалі назоў Новыя Нідэрлянды. У 1626 быў заснаваны горад Новы Амстэрдам (будучы Нью-Ёрк), які стаў цэнтрам галяндзкіх калёніяў. Гэтая тэрыторыя была аб’ектам працяглай англа-галяндзкай барацьбы. У 1664 галяндзкі губэрнатар Пэтэр Стайвэсант пад ціскам брытанскага флота здаў калёнію ангельцам. З 1664 (акрамя 1673-74) ёю валодалі ангельцы (яны надалі сваёй новай калёніі назву Нью-Ёрк). У 1664 з калёніі была вылучаная тэрыторыя, цяпер вядомая як штат Нью-Джэрзі, праз год была ўсталяваная мяжа паміж Нью-Ёркам і Канэктыкутам, якая ў далейшым не зьмянялася. У 1688 Нью-Ёрк разам зь іншымі калёніямі ўвайшоў у склад дамініёна Новая Англія. Пасьля паўстаньня пад кіраўніцтвам Я. Лізьлера ўлада ў калёніі на працягу двух гадоў была ў руках мяцежнікаў (1689-91). У 1691 пасьля аднаўленьня ўлады ангельскай кароны было прынятае рашэньне аб стварэньні заканадаўчага збору. Нью-Ёрк быў цэнтрам падзей падчас войнаў з французамі і індзейцамі і шмат разоў, да разгрому французаў у 1761, падвяргаўся спусташальным рэйдам.

У пэрыяд Вайны за незалежнасьць будучы штат таксама займаў стратэгічнае месца ў плянах бакоў. У 1776-77 на яго тэрыторыі адбываўся шэраг буйных сутыкненьняў. У красавіку 1777 Нью-Ёрк ратыфікаваў Канстытуцыю ЗША і ў ліпені 1778 стаў 11-м па ліку штатам з часовай сталіцай у горадзе Кінгстан (у 1797 сталіца перанесеная ў Олбані). Да канца першай чвэрці XIX стагодзьдзя штат меў высокаразьвітую сельскую гаспадарку і мануфактурную прамысловасьць з цэнтрам у Нью-Ёрку. Хутка разьвівалася транспартная сетка, чаму спрыяла як наяўнасьць натуральных водных шляхоў, так і само месцазнаходжаньне штата. У 1825 завяршылася будаўніцтва канала Эры, у 1831 пабудаваная першая чыгунка, якая злучыла Олбані і Скенэктадзі, а яшчэ праз 25 гадоў увесь штат быў пакрыты сеткай чыгунак. У 1830-40-я ў грамадзтве адбываліся значныя перамены: разьвіваўся працэс дэмакратызацыі, актыўна дзейнічалі арганізацыі фэрмэраў, жанчын, абаліцыяністаў. Былі моцныя рэфарматарскія тэндэнцыі, якія спарадзілі пляяду бачных нью-ёркскіх палітычных дзеячаў, у тым ліку Марціна Ван Бюрэна, Ўільяма Генры Сьцюарда, Хораса Грылі.

Ужо да 1820 Нью-Ёрк займаў першае месца сярод штатаў па колькасьці насельніцтва, перад Грамадзянскай вайной ён стаў кіроўным прамысловым штатам краіны. У Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861-65 удзельнічаў на баку Поўначы. Больш 500 тыс. жыхароў штата прынялі ўдзел у вайне, 50 тыс. чалавек загінулі. Пасьля вайны эканамічнае разьвіцьцё штата працягвалася ў ранейшым тэмпе; для другой паловы XIX стагодзьдзя характэрныя рост карпарацыяў і ўзьнікненьне гіганцкіх трэстаў, наплыў імігрантаў з Эўропы. Адбывалася рэзкае расслаеньне грамадзтва, пагоршыліся ўмовы працы, у палітычным жыцьці квітнела карупцыя. Панаваньню Тамані-хола атрымалася пакласьці канец толькі ў 1930-я высілкамі шматлікіх відных палітыкаў, у тым ліку мэра Нью-Ёрку Фьёрэла Генры Лагуардыя (1934-45).

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяжуе на ўсходзе са штатамі Вэрмонт, Масачусэтс і Канэктыкут, на паўднёвым усходзе мае выхад да Атлантычнага акіяна, на поўдні мяжуе са штатамі Пэнсыльванія і Нью-Джэрзі, на захадзе мае выхад да азёр Эры і Антарыё і мяжуе з канадзкай правінцыяй Антарыё, на поўначы з правінцыяй Квэбэк.

Вялікая частка тэрыторыі штата занятая Апалачамі, якія дасягаюць на паўночным усходзе вышыні 1628 м (горы Адзірандак). На паўднёвым захадзе — частка Апалачскага плато вышынёй да 656 м (Алеганскія горы). На паўночным захадзе, ля берагоў Антарыё, а таксама на Лонг-Айлэндзе — нізіны. Клімат умераны, вільготны. На паўднёвым усходзе клімат мякчэйшы і больш вільготны, у гарах — кантынэнтальны. Сярэдне-месячныя тэмпэратуры ад 0-8 да 23 градусаў. Ападкаў 800—1000 мм штогод. Каля 13% плошчы займаюць рэкі і азёры. Галоўныя рэкі — зьвязаная з сыстэмай Вялікіх азёр рака Гудзон (па-ангельску: Hudson), Махок, Свьвятога Лаўрына, Саскуэханна. Іглічныя і зьмяшаныя лясы.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нью-Ёрк — адзін з найболей населеных і эканамічна разьвітых штатаў ЗША. Саступіўшы пасьля 1960 году Каліфорніі 1-е месца паводле колькасьці жыхароў, Нью-Ёрк займае вядучыя пазыцыі ў вобласьці банкаўскай справы, гандлю каштоўнымі паперамі, тэлекамунікацыяў. Фінансавая дзейнасьць (у тым ліку страхаваньне), гандаль нерухомасьцю даюць штату каля 80% валавога прыбытку. Да 1970-х, калі ён здаў пазыцыі Каліфорніі, Нью-Ёрк быў галоўным індустрыяльным штатам ЗША. З больш 7 млн эканамічнага актыўнага насельніцтва на прамысловасьць прыходзіцца каля 25%, на сельскую гаспадарку — 2%, на гандаль і фінансы амаль 30%. Занятых у горназдабыўной прамысловасьці (1970) 8 тыс., у апрацоўнай — 1,8 млн чалавек. Найважнейшыя віды карысных выкапняў — камень, соль, пясок. Акрамя таго, здабыча цынку (55 тыс. т), паваранай солі (каля 5 млн т), будматэрыялаў, абразіваў, вытворчасьць тытанавых канцэнтратаў. Важныя галіны апрацоўнай прамысловасьці: швейная і паліграфічная (галоўным чынам у Нью-Ёрку), электратэхнічная і радыёэлектронная, оптыка-мэханічная, суднабудаўнічая, авіяракетная прамысловасьць, вытворчасьць прамысловага абсталяваньня. Разьвітыя таксама чорная (галоўным чынам у Бафала) і каляровая мэталюргія, хімічная, нафтаперапрацоўчая, харчовая, скурна-абутковая прамысловасьць, выплаўленьне алюмінія. Буйныя ГЭС — на Ніягаре і рацэ Сьвятога Лаўрына. Усталяваная магутнасьць электрастанцый (1972) 24 Гвт. Прадукцыя сельскай гаспадаркі (прыгараднага тыпу) мае пераважна мясцовае значэньне: яблыкі, вішня, гародніна, кукуруза. Жывёлагадоўля дае звыш 75% таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі; буйнага рагатага быдла (1971) 1,8 млн галоваў, у тым ліку звыш 1 млн дойных кароваў і цёлак. У пасевах пераважаюць кармавыя. На Лонг-Айлэндзе выгадоўваюць галоўным чынам бульба і гародніна, а на ўзьбярэжжах азёр Эры і Антарыё — вінаград і пладовыя (2-е месца па зборы ў ЗША). У берагоў Лонг-Айлэнду разьвітае рыбалоўства. Высока разьвітая транспартная сетка. Важную ролю ў эканоміцы штата грае індустрыя турызму з цэнтрам у Нью-Ёрку.

Адна з найболей сур’ёзных праблем штата — забруджваньне навакольнага асяродзьдзя, барацьба зь ім адзначаная прыняцьцем дзейсных заканадаўчых актаў у 1960-я.

Вядучая роля ў жыцьці штата, ды і ўсёй краіны, традыцыйна замацавалася за горадам Нью-Ёркам. Штогадовы валавы прадукт толькі гэтага горада пераўзыходзіць ВНП большасьці краін сьвету. Нью-Ёрк — традыцыйны цэнтар тэкстыльнай прамысловасьці, паліграфіі, вытворчасьці прадуктаў сілкаваньня, буйны марскі порт.

Бафала — цэнтар цяжкай прамысловасьці (хоць шматлікія сталеліцейныя заводы зачыніліся ў 1980-х), буйны азёрны порт.

Рочэстэр — цэнтар вытворчасьці аптычных прыбораў.

Сайрэк’юз — цэнтар хімічнай, мэталюргічнай, электратэхнічнай і цэлюлозна-папяровай прамысловасьці, цяжкага машынабудаваньня.

Ютыка і Рым — цэнтры машынабудаваньня, Бінгемтон — бытавой электронікі, кампутараў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Нью-Ёрк (штат)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў