Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР — вайскоўцы Ўзброеных сілаў Нямецкай дзяржавы, узятыя ў палон Чырвонай арміяй СССР падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. Выкарыстоўваліся пераважна ў якасьці будаўнікоў для аднаўленьня разбураных дарог, жытла і заводаў. Да 4 траўня 1950 г. СССР вярнуў на радзіму 1 939 163 нямецкіх ваеннапалонных[1]. 12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, зь якіх у палоне памерлі 356 678 (14,9%) чалавек і 2 032 873 (85,1%) вярнулі на радзіму да канца 1956 году. У савецкі палон здаліся 2 319 715 (97%) нямецкіх жаўнераў і малодшых афіцэраў, 69 469 афіцэраў і 376 нямецкіх генэралаў[2].

Нямецкія ваеннапалонныя ў Кіеве (Украінская ССР, 1944 г.)

Паланеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 1 студзеня 1942 г. 9147 нямецкіх вайскоўцаў патрапілі ў савецкі палон пераважна ў ходзе бітвы за Маскву(ru), што пачалася 30 верасьня 1941 году. Да 2 лютага 1943 г. 91 тыс. нямецкіх вайскоўцаў паланілі ў выніку Сталінградзкай бітвы, што пачалася 17 ліпеня 1942 году. 12 ліпеня 1943 г. у Краснагорску(ru) (Маскоўская вобласьць) Народны камісарыят унутраных справаў СССР і Галоўная палітычная ўправа Чырвонай арміі(ru) стварылі Нацыянальны камітэт «Свабодная Нямеччына»(ru) зь ліку ваеннапалонных.

12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні цягам вайны 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, у тым ліку 2 319 715 (97%) нямецкіх жаўнераў і малодшых афіцэраў, 69 469 афіцэраў і 376 нямецкіх генэралаў.

Нямецкія ваеннапалонныя ў Маскве (ліпень 1944 г.)
Нямецкія ваеннапалонныя пры ўзяцьці Караляўцу (красавік 1945 г.)
Год Квартал Палонных (тыс.)
1941 IV 26
1942 I 120
II 120
III 110
IV 100
1943 I 170
II 160
III 190
IV 200
1944 I 240
II 370
III 560
IV 560
1945 I 1100
II 2000
III 1900
IV 1400
1946 IV 1100
1947 IV 840
1948 IV 500
1949 IV 85
1950 IV 29[3]
Нямецкія ваеннапалонныя перад вызваленьнем у Франкфурце-на-Одры (красавік 1949 г.)

Вызваленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 чэрвеня 1946 г. Савет міністраў СССР зацьвердзіў пастанову № 1263—519сс «Аб адпраўцы на радзіму хворых і непрацаздольных ваеннапалонных нямецкай і іншых заходніх нацыянальнасьцяў». 24 кастрычніка 1947 г. у Маскве Нарада міністраў замежных справаў Брытаніі, ЗША, СССР і Францыі зацьвердзіла рашэньне аб вяртаньні на радзіму да 31 сьнежня 1948 г. нямецкіх ваеннапалонных, якія ня бралі ўдзелу ў ваенных злачынствах. Да 4 траўня 1950 г. СССР вярнуў на радзіму 1 939 163 такіх нямецкіх ваеннапалонных[1]. Паводле справаздачы Цэнтральнага фінансавага аддзелу Міністэрства ўнутраных справаў СССР, за 1943—1949 гг. (за 7 гадоў) нямецкія ваеннапалонныя адпрацавалі ў будаўніцтве і прамысловасьці звыш 38 млрд савецкіх рублёў ($185 млрд у цэнах 2015 г.), чым пакрылі 5,6% з 679 млрд рублёў шкоды, нанесенай СССР у вайне[4]. 29 кастрычніка 1955 г. прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР выдаў указ «Аб датэрміновым вызваленьні і рэпатрыяцыі нямецкіх ваеннапалонных, асуджаных за ваенныя злачынствы» (Адэнаўэраўская амністыя(ru)). 22 красавіка 1956 г. Галоўная ўправа лягераў (ГУЛаг) Міністэрства ўнутраных справаў СССР налічыла 2 733 739 былых ваеннапалонных з Узброеных сілаў Нямеччыны, у тым ліку 2 171 312 (79,4%) немцаў. 12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, зь якіх у палоне памерлі 356 678 (14,9%) чалавек і 2 032 873 (85,1%) вярнулі на радзіму да канца 1956 году. У палоне сканалі 85 тыс. (93%) з 91 тыс. нямецкіх вайскоўцаў, захопленых падчас Сталінградзкай бітвы[5]. Агулам большасьць гібеляў нямецкіх ваеннапалонных адбылася яшчэ да канца вайны падчас шматдзённага пешага шляху ў лягеры па прычыне пераахаладжэньня, голаду, адсутнасьці лекаваньня баявых ранаў і сыпнога тыфу (ад вошай у выніку нямытасьці).

Справаздача ГУЛагу 22 красавіка 1956 г.
Народнасьць Лік ваеннапалонных Вярнуліся на радзіму Памерлі ў палоне
Немцы 2 171 312 2 031 743 297 250
Аўстрыйцы 156 681 145 790 10 891
Чэхі і славакі 69 977 65 954 4 023
Французы 23 136 21 811 1325
Югаславы 21 830 20 354 1476
Палякі 60 277 57 149 3128
Нідэрляндцы 4730 4530 200
Бэльгійцы 2014 1833 181
Люксэмбуржцы 1653 1560 93
Гішпанцы 452 382 70
Датчане 456 421 35
Нарвэжцы 101 83 18
Іншыя 3989 1062 2927
Агулам 2 733 739 2 352 671 381 067
Былы нямецкі вайсковец вярнуўся з савецкага палону (1955 г.)

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1944—1955 гг. у Беларускай ССР дзейнічалі лягеры для нямецкіх ваеннапалонных і інтэрнаваных нямецкіх грамадзянаў, празь якія прайшлі 103 тыс. чалавек. У 1945 г. Аддзел у справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР налічваў 7 спэцшпіталёў і 9 лягераў: Бабруйск (№56), Баранавічы (№410), Барысаў (№183), Берасьце (№284), Ваўкавыск (№281), Віцебск (№271), Гомель (№189), Магілёў (№311) і Масюкоўшчына (№168; цяпер Менск). У лягерах і спэцшпіталях утрымлівалі 83 159 чалавек, зь іх 3734 (4,5%) афіцэры. Паводле народнасьці ўтрымлівалася 70 020 (84,2%) немцаў, 6482 аўстрыйцы, 5384 вугорцы і 1273 прадстаўнікоў іншых народнасьцяў (румыны, італьянцы, французы, палякі, чэхі, славакі, жыды, югаславы, бэльгійцы і люксэмбуржцы)[6].

Нямецкія ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ) і Менскага трактарнага заводу (МТЗ). Пасьля вяртаньня апошніх ваеннапалоных на радзіму ў 1956 г. у БССР засталося 77 магілаў памерлых у палоне (0,1% ад ліку ваеннапалонных). Частку рэштак пахаваных перанесьлі на зборныя могілкі нямецкіх вайскоўцаў: 9 лістапада 2010 г. адчыніліся ў вёсцы Шчаткава (Бабруйскі раён)[7], 1 кастрычніка 2012 г. — у Бярозе (Берасьцейская вобласьць).

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 4 траўня 2013. — № 82 (27447). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Барыс Хаўкін. Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР і савецкія ваеннапалонныя ў Нямеччыне. Пастаноўка праблемы. Крыніцы і літаратура  (рас.) = Немецкие военнопленные в СССР и советские военнопленные в Германии. Постановка проблемы. Источники и литература // Форум найноўшай усходнеэўрапейскай гісторыі і культуры : часопіс. — 2006. — № 1.
  3. ^ Рудыгэр Овэрманс(de). Жаўнеры за калючым дротам. Нямецкія ваеннапалонныя Другой сусьветнай вайны = Soldaten hinter Stacheldraht. Deutsche Kriegsgefangene des Zweiten Weltkriege. — Бэрлін: Ульстайн(de), 2000. — С. 246. — 288 с. — (Прапілеі). — ISBN 3-549-07121-3
  4. ^ Іраіда Ружына. Нямецкія ваеннапалонныя ў аднаўленьні народнай гаспадаркі СССР. 1941–1955  (рас.) = Немецкие военнопленные в восстановлении народного хозяйства СССР. 1941–1955 // Вучоныя запіскі Цэнтральнага музэю ВАВ : часопіс. — 2015. — В. 7. — С. 70-84.
  5. ^ Вялікая Айчынная вайна: 55 год пасьля (анг.) // Сусьветная служба Бі-Бі-Сі, 12 траўня 2000 г. Праверана 20 красавіка 2016 г.
  6. ^ Вераніка Чаркасава. Закладнікі вайны // БелГазэта : газэта. — 17 верасьня 2001. — № 36 (302). — ISSN 1684-4742.
  7. ^ Кіра Аляксеева. У Бабруйскім раёне перапахаваныя астанкі 920 салдатаў і афіцэраў вэрмахта, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны // БелаПАН, 9 лістапада 2010 г. Праверана 20 красавіка 2016 г.