Няміга (гістарычна-архітэктурны комплекс)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Агульны выгляд, 1865—75 гг.

Няміга — гістарычна-архітэктурны комплекс адной з найстаражытнейшых вуліцаў Менску, якая ўзьнікла ў XII[1] або XIII ст.[2] абапал аднайменнай ракі. Твор архітэктуры барока і клясыцызму.

З боку Ракаўскай вуліцы, 1941 г.

Комплекс сфармаваўся на працягу XVII—XIX стагодзьдзяў, ацалеў за часамі Другой Сусьветнай вайны і быў зьнішчаны савецкімі ўладамі ў 1970-я гады. На месцы зьнішчанага гістарычнага архітэктурнага ансамблю з правага боку вуліцы ў 1975—1989 гадох збудавалі вялізны гмах жылога дома паводле праекту Сьцяпана Мусінскага, ураджэнца Валагодзкай вобласьці Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1960 годзе. Рэшту гістарычнай Нямігі — падмуркі будынкаў, што знаходзілася зь яе левага боку — зьнішчылі ў 2005—2009 гадох пры будаваньні паркінгу і двух гандлёвых цэнтраў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каплічка, 1897 г.

Традыцыйная назва вуліцы — Няміская, Нямігай яна канчаткова стала толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў[3]. Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) частка вуліцы ад царквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (з 1793 году маскоўскі тытулрас. Екатерининский собор) да вуліцы Зыбіцкай пачала афіцыйна называецца Кацярынінскай, у міжваенны час савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў гонар Калініна. У Другую сусьветную вайну нямецкія акупанты перайменавалі Няміскую ў ням. Pionierstrasse — Сапёрную вуліцу[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект камяніцы на Нямізе, 1881 г.

Вуліца Няміга пачала ўтварацца, паводле археалягічных матэрыялаў, дзесьці ў XIII ст. на старой гандлёвай дарозе на паўднёвы захад абапал невялікай, паўнаводнай у старажытнасьці рэчкі. На працягу ўсёй гісторыі існаваньня Менску, фактычна да самай Другой сусьветнай вайны, рэчка Няміга працякала сярэдзінай вуліцы. Да пачатку XX ст. Няміга моцна зьмялела і ператварылася ў ручай. Большую частку рэчкі ўзялі ў калектар да Другой сусьветнай вайны. Па вайне Няміга поўнасьцю зьнікла пад зямлёю ў трубах[2].

Агульны выгляд, да 1918 г.

Ад пачатку XVII ст. вуліца Няміга забудоўвалася 2—3-павярховымі мураванымі дамамі ў стылі барока і клясыцызму з шматлікімі аркамі, брамамі, ствараючы суцэльны вулічны калідор. Тут знаходзілася мноства невялікіх крамак і крамаў. Шырыня вуліцы складала 4—4,5 мэтры. Будынкі шчыльна туліліся адзін да аднаго. Ход у двары ажыцьцяўляўся праз аркавыя вароты — брамы. Брамы былі розныя — драўляныя, каваныя або жалезныя. Многія зь іх замыкаліся на ноч на завалы.

Няміга з боку Высокага Рынку, 1941—43 гг.

У паваенныя часы Няміга як ацалелы раён зноўку стала адным зь дзелавых цэнтраў места. Тут разьмяшчаліся крамы, установы, здымаліся кінафільмы[5].

У сярэдзіне 1970-я гадоў савецкія ўлады надумалі зруйнаваць гістарычную забудову XVII—XIX стагодзьдзяў. Многія дамы мелі таўшчэзныя муры, таму іх даводзілася ўзрываць. Тады, у час руйнаваньня комплексу, на вуліцы і ў прылеглых будынках праводзіліся здымкі фільма «Руіны страляюць ува ўпор».

Раён вуліцы Нямігі, 1944 г.

Апроч праявы афіцыйных нігілістычных адносінаў да масавай гістарычнай забудовы, недаацэнкі кіроўнымі органамі і прафэсійнай грамадзкасьцю яе культурных і патэнцыйных эстэтычных якасьцяў, памылак генэральнага пляну Менску, неразьвітасьці рэстаўрацыйнай будаўнічай базы і справы аховы помнікаў наогул, руйнаваньне Нямігі было абумоўлена эгаізмам савецкіх дойлідаў, якія жадалі на абломках сярэднявечнага места збудаваць свае архітэктурныя творы, а таксама жаданьнем забясьпечыць пэўныя сацыяльныя колы кватэрамі ў самым цэнтры Менску[6].

У наш час прафэсійныя архітэктары ацэньваюць гэты будаўнічы разьвязак як відавочную памылку[6].

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Няміская, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянэрнага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў на Беларусі і Летуве. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспэкта Пераможцаў і канцом гістарычнай Фэліцыянаўскай вуліцы[7].
  • Няміская, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Цукерман-Давідзон, збудаваная ў 1883 годзе. Вырабляла махорку, няхальны тытунь, частка вырабаў прадавалася ўва ўласнай крамцы. Разьмяшчалася прадпрыемства паміж сучаснымі праспэктам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада[8].
  • Рог Няміскай і Няміска-Ракаўскай. Шпалерная фабрыка Е. В. Хаюціна. Адкрылася ў 1892 годзе. У 1900 годзе перайшла да К. Кантаровіча. Прадпрыемства знаходзілася побач з тытунёвай фабрыкай Цукерман-Давідзон[9].

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводка на Нямізе

Паркінг, узьведзены на месцы гістарычнай Нямігі, лічыцца адной зь найбольш недарэчных пабудоваў сучаснага Менску[10].

Яшчэ ў 2000 годзе, калі навукова-мэтадычная рада Камітэту аховы гістарычна-культурнай спадчыны на чале з старшынём Дзьмітрыем Бубноўскім ухваліла праект шматузроўневай аўтастаянкі, з адкрытым лістом супраць будоўлі выступілі 54 чалавекі: гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы[11] Тэрыторыя Нямігі мае катэгорыю №1, трапляючы пад нарматывы міжнародных актаў, падпісаныя Беларусьсю. У такіх зонах катэгарычна забараняецца глябальнае будаваньне, бо каштоўнасьць уяўляе ня толькі гістарычная забудова, але і прыродны ляндшафт[12] Паводле гісторыка культуры Ўладзімера Дзянісава, будаваньне паркінгу пярэчыла закону[13]:

« Раён Нямігі — помнік гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва дзяржаўнага значэньня, гэта міжнародны помнік першай катэгорыі. Нават паводле савецкіх нарматыўных актаў забаранялася пабудова аўтастаянак на тэрыторыі помнікаў такога ўзроўню. Паркінг — гэта такі ж прамысловы аб’ект, як завод, фабрыка і г. д.! Высновы ўсіх экспэртаў (НВА «Белін-фарм-рэстаўрацыя», Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру, інстытут «Менскгорада») сыходзіліся на тым, што паркінг тут нельга ставіць. »

На думку гісторыка мастацтва, культуроляга і мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, гэты будынак ні з маральнага, ні з эстэтычнага, ні нават з практычнага пункту гледжаньня ня мае права на існаваньне. Так, новы паркінг праз спэцыфіку свайго разьмяшчэньня і невялікую колькасьць месцаў ня толькі не разьвяжа, а нават пагоршыць транспартную сытуацыю ў раёне. Што да эстэтычнага боку, то дасьледнік адзначае наступнае:

« Гэта проста пашляціна. Вельмі яскравы прыклад безгустоўнасьці сучаснай практыкі. Гэта экстрапрафанацыя — паставіць на тры бэтонныя паверхі прыблізныя копіі домоў, якія стаялі там унізе. Такой практыкі нідзе ў сьвеце няма, такое вось чыста беларускае ноў-хаў. Нішто не перашкаджае паставіць такія ж дамы, скажам, у Чыжоўцы, ці ў Малінаўцы — ім, можа, таксама хочацца нейкіх такіх прыгожых домікаў пад даўніну. Нам выдаюць за помнік тое, што помнікам не зьяўляецца. Копію выдаюць за подлінік, падробку за арыгінал. Гэта вандалізм, які пярэчыць усёй заканадаўчай міжнароднай базе ў галіне аховы помнікаў. І ўсё гэта дзеля таго, каб некалькі чалавек распараджаліся гэтым майном і зараблялі сабе грошы. »

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 547.
  2. ^ а б Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 27.
  3. ^ Зеленков В.Имена людей, города и дореволюционные названия. Минские топонимические мифы, TUT.BY, 29.01.2017.
  4. ^ Plan der Stadt Minsk. Anbefertigt im Juli 1941 durch Kommandeur der Bautruppen 9.
  5. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 32.
  6. ^ а б Чантурыя Ю. Гарады і час: Мінск // Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 294
  7. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 314.
  8. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 248.
  9. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 251.
  10. ^ Зелянкова А. Дзесяць самых недарэчных будынкаў Мінска // «Салідарнасць», 13 ліпеня 2007.
  11. ^ Акадэмік Вальмен Аладаў: «Нямігу мы ўжо страцілі…» // «Радыё Свабода», 17 студзеня 2007.
  12. ^ Нямігі больш ня будзе // «Наша Ніва», 17 студзеня 2007.
  13. ^ Шанскі А. Няміга на 400 месцаў // «Наша Ніва» №44, 2002.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]