Нікадзім Сілівановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нікадзім Сілівановіч
Імя пры нараджэньні Нікадзім Юр’евіч Сілівановіч
Дата нараджэньня 25 сьнежня 1834
Месца нараджэньня в. Цынцавічы
Вялейскага раёну
Дата сьмерці 1918 альбо 1919
Месца сьмерці
Адукацыя Пецярбурская акадэмія мастацтваў
Месца вучобы
Занятак партрэт,
мазаіка
Навуковая сфэра малярства
Плынь акадэмізм,
рэалізм
Працы «Партрэт габрэя»,
«Пацалунак Юды»
Узнагароды
ордэн сьвятога Станіслава III ступені

Нікадзім Сілівановіч (па-расейску: Никодим Силиванович; 25 сьнежня 1834 — 1918 ці 1919) — беларускі й расейскі мастак, акадэмік Пецярбурскай акадэміі мастацтваў.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будучы мастак нарадзіўся ў сям’і селяніна й, нягледзячы на цяжкасьці паходжаньня, атрымаў агульную адукацыю ў павятовай пяцікляснай вучэльні ў Маладэчна. Невядома асоба мастака, які падрыхтаваў Нікадзіма дзеля наступнага навучаньня, але неўзабаве ў 1859 годзе ён паступіў у Пецярбурскую Імпэратарскую акадэмію мастацтваў, дзе спэцыялізаваўся на партрэтным жывапісе. Праз чатыры гады Сілівановіч атрымаў званьне вольнага мастака, пасьля чаго вярнуўся ў родную вёску.

Адсутнасьць попыту на працы мастака прымусіла Сілівановіча зьвярнуцца да царкоўнага жывапісу. У 1864 годзе ён быў запрошаны Лідзкім павятовым праўленьнем для аздабленьня праваслаўных храмаў павету. Пэўны час пісаў абразы й партрэты царкоўнікаў. Мажліва, што ў гэты час ім быў напісаны абраз з выявай Аляксандра Неўскага — 1864 год, месца знаходжаньня невядома[1].

Увесь час Сілівановіч адчувае патрэбу ва ўдасканаленьні прафэсійнага майстэрства, і ў 1870 годзе вяртаецца ў акадэмію, дзе натхнёна пачынае вучобу ў клясе мазаікі. Неўзабаве ён атрымлівае званьне кляснага мастака II ступені й прызначаецца малодшым мастаком акадэміі, празь некаторы час яму прысуджаецца I ступень.

Таленавітага мастака заўважыў Брулоў, які й прапанаваў Сілівановічу прыняць удзел у стварэньні мазаікі «Тайная вячэра» ў галоўным іканастасе Ісакіеўскага сабору ў Пецярбургу.

25 сьнежня 2009 году ў вёсцы Цынцавічы, на радзіме мастака, была ўсталяваная мэмарыяльная дошка — яна стала своеасаблівым падарункам мастаку ў гонар 175 гадоў з дня нараджэньня[1].

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціны мастака знаходзяцца па ўсім сьвеце, большая частка ў Летуве. Адна зь іх — «Салдат з хлопчыкам» — знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Яшчэ адна — «У цямніцы» — захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Менску[2].

Карціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Салдат з хлопчыкам»
  • «Партрэт габрэя»
  • «Партрэт бацькі»
  • «Галава дзяўчынкі»
  • «Сталы пастух»
  • «Дзеці ў двары»
  • «У школу»

Мазаіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Дабравесьнік Матфей»
  • «Дабравесьнік Лука»
  • «Дабравесьнік Марк»
  • «Пацалунак Юды»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Сьвятлана Цішко. Адкрыцьцё помніка акадэміку Сілівановічу // Рэгіянальная газэта, 12 сьнежня 2009 г. Праверана 15 траўня 2013 г.
  2. ^ В темнице