Павал Аляксюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Аляксюк
Сьцяг Беларусі Рада БНР
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 28 лістапада 1892
Горадня
Памёр: невядома
Партыя: БСГ, Беларуская народная партыя сацыялістаў
Адукацыя:

Павал Аляксюк (28 лістапада 1892, Горадня — ?) — беларускі палітычны дзяяч.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатка грамадзкай дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адукацыю атрымаў у Гарадзенскай мужчынскай гімназіі ў 1911 годзе і на юрыдычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту ў 1915 годзе. Быў віцэ-старшынём Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, у які ўваходзілі Людвіка Сівіцкая, Янка Чарапук, Уладзіслаў Чаржынскі ды іншыя. У 1915 стаў сузаснавальнікам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і яго паўнамоцным прадстаўніком на Гарадзеншчыне. У гэты час упершыню ён сварыцца з Антонам Луцкевічам, не жадаючы дзяліць уладу.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году зьяўляўся сябрам Цэнтральнага бюро Беларускай сацыялістычнай грамады. 25 сакавіка 1917 году быў абраны сябрам Часовага Бюро партыі БСГ. Аднак у траўні 1917 году памяняў сваю партыйнасьць і стаў сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў. У сакавіку-ліпені 1917 году — намесьнік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, пасьля быў чальцом выканаўчых камітэтаў Вялікай беларускай рады, кіраўніком яе эканамічнага загаду.

Актыўны ўдзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду, дзе дамінавалі людзі левых перакананьняў, таму ня меў шанцаў быць абраным у яго Раду.

Быў сябрам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Накіраваны ад БВР ва Ўкраіну за грашовай пазыкай дзеля стварэньня беларускага войска. Калі вярнуўся асноўныя беларускія інстытуты былі разьбітыя бальшавікамі. Першую ўкраінскую пазыку, якую ён прывёз больш ніхто ня бачыў. З-за гэта Алексюка выключылі з БВР.

21 лютага 1918 году падчас уваходу нямецкіх войск у Менск вітаў іх сумесна зь беларускім палітычным дзеячам Раманам Скірмунтам і прадстаўнікамі польскіх арганізацыяў. Стаў сябрам Менскага беларускага прадстаўніцтва. Узначальваў выдавецкае таварыства «Заранка», якое з 8 сакавіка 1918 году выдавала газэту «Беларускі шлях».

Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня ў сакавіку 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі. 12 чэрвеня яго ў ліку іншых сябраў Менскага беларускага прадстаўніцтва кааптавалі ў склад Рады БНР. З 1 траўня 1918 году ўваходзіў у сэньёрэн-канвэнт Рады ад фракцыі цэнтру. Два тыдні ён быў сябрам Ураду БНР: 9 ліпеня Рада зацьвердзіла яго на пасадзе кіраўніка справаў у кабінэце Скірмунта. У жніўні 1918 году ўвайшоў у міжнародную камісію Рады. У восень 1918 году кароткі час быў камісарам летувіскага ўраду ў Ашмянскім павеце (на час часовага кампрамісу ўраду БНР зь Летувіскай Тарыбай).

На прапольскіх пазыцыях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі кайзэраўскія войскі пакінулі Беларусь, вітаў польскія акупацыйныя ўлады, у тым ліку Юзэфа Пілсудскага.

У студзені 1919 году стаў адным зь сябраў Беларускага Гарадзенскага камітэту, які правёў Краёвы Беларускі Зьезд Гарадзеншчыны. 16 сакавіка быў прызначаны камісарам Рады Народных Міністраў БНР на Гарадзеншчыну, а 19 сакавіка ўзначаліў Цэнтральную беларускую раду Гарадзеншчыны. 25 сакавіка 1919 году пры наяўнасьці Беларускай Рады зь яго ініцыятывы ў Вільні створаны Беларускі нацыянальны камітэт.

У чэрвені разам з С. Лянкоўскім і А. Уласавым увайшоў у часовы арганізацыйны камітэт клюбу «Беларуская Рэспубліканская Сувязь», які меў на мэце аднаўленьне дзяржавы ў межах ВКЛ з апорай на Польшчу (так званая Беларуска-Літоўская Дэмакратычная Рэспубліка).

2 жніўня 1919 году ЦБРВіГ стварыла вайсковую камісію, якая са згоды польскіх уладаў была ў верасьні пераўтворана ў Беларускую Вайсковую Камісію. У лістападзе Аляксюк стаў кіраўніком БВК.

З восені 1920 году ў Варшаве ўзначальваў Беларускі палітычны камітэт. Падтрымліваў С. Булак-Балаховіча. Стаў фактычным кіраўніком Беларускага Палітычнага Камітэту — своеасаблівага ўраду пры арміі генэрала. Шмат хто лічыў, што інтрыгі Барыса Савінкава і Алексюка шмат у чым пашкодзілі Булак-Балаховічу, а М. Дзямідаў успамінаў, што сярод афіцэраў-беларусаў высьпела была думка забіць Алексюка.

Пасьля няўдачы акцыі Булак-Балаховіча пераехаў ў Вільню, якая на кароткі час стала сталіцай Сярэдняй Літвы. У красавіку 1921 году ўзначаліў «Беларускую краёвую сувязь», разам з аднадумцамі выступаў за аўтаномію Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Вітаў далучэньне Заходняй Беларусі да Польшчы. Аднак яго чаканьні на фэдэрацыю не спраўдзіліся.

На Першай Усебеларускай канфэрэнцыі у Празе ў 1921 годзе, хаця і прызнаў недахопы ў палітыцы Варшавы, усё ж настойваў на больш сур’ёзнай пагрозе, якая ішла з Усходу, а не з Захаду: «І таму Беларусь павінна шукаць сабе падтрымку і дапамогу на Захадзе, у Польшчы і Антанты», — падкрэсьліваў ён.

Па-за палітыкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1922 годзе адышоў ад палітычнага жыцьця, як ён пісаў, «з прычыны таго, што беларуская палітычная плынь была апанавана лягерам іншай ідэалёгіі». Давучваўся ва ўнівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры ў Вільні, бо ня скончыў раней Пецярбурскі ўнівэрсытэт. Атрымаўшы дыплём, стаў адвакатам і жыў у Наваградку, дзе быў віцэ-старшынём управы Таварыства беларускай школы. У 1929 годзе яго абралі ў Наваградзкую гарадзкую раду.

У 1926 годзе страціў сына. 22 верасьня 1931 году загарэўся яго дом, які Аляксюк папярэдне застрахаваў на вялікую суму грошай. Узгараньне патушыла пажарная ахова. Аднак 23 верасьня а 10-й раніцы дом ізноў загарэўся[1]. Паліцыя зацікавілася пажарамі і арыштавала на некалькі тыдняў гаспадара дому, каб той ня зьехаў. За гэты час адвакацкая арганізацыя ў Наваградку пасьпела заявіць, што «Павал Аляксюк адвакатам не зьяўляецца, да адвакацкай карпарацыі не належыць і ніколі не належаў», хаця той і працаваў адвакатам[2]. Судьдзя акруговага суду Жатнеркевіч разгледзеў справу Паўла Аляксюка, атрыманую ад пракурора, і пастанавіў выпусьціць яго з турмы[3]. Суд таксама часова забараніў яму займацца адвакацкай дзейнасьцю. 9 студзеня 1932 году акруговы суд пастанавіў зьняць з Аляксюка ўсе падазрэньні ў падпале, аднавіць яго ў правах як адваката[4].

Пасьля двух месяцаў арышту ён канчаткова пераехаў у Польшчу ды жыў жыцьцём звычайнага адваката. Апошняя зьвестка пра яго — 1956 год, недзе з навакольля Лодзі, дзе Аляксюк дапрацоўваў натарыюсам[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zagadkowy pożar na zaulku Ogrodowym // Кurjer Nowogródzki, 1931, № 6, 24 верасня.
  2. ^ P. Aleksiuk nie jest adwokatem // Кurjer Nowogródzki, № 15, 4 кастрычніка.
  3. ^ Кurjer Nowogródzki, 1931, № 22, 12 кастрычніка
  4. ^ Ol. Zakończenie sprawy p. Pawła Aleksiuka // Кurjer Nowogródzki, 1932, № 11, 15 студзеня
  5. ^ «Беларускі вырадак», у чыіх руках «знікалі» першыя пазыкі БНР, «антыгерой» беларушчыны Павел Аляксюк, Белсат, 6-9-2017

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]