Павал Дземідовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Дземідовіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Павал Пятровіч Дземідовіч
Псэўданімы Белорусс, Данчик, Д.
Нарадзіўся 29 чэрвеня 1871
вёска Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 7 сакавіка 1931
Менск, БССР, СССР
Бацькі Пётар Дземідовіч
Жонка Алімпіяда Дземідовіч
Дзеці Павал, Барыс, Зінаіда, Яўгенія, Зоя
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці этнограф, фальклярыст, пэдагог
Гады творчасьці 1890—1931
Кірунак этнаграфія, фальклярыстыка
Мова беларуская, руская
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дземідовіч.

Па́вал Дземідо́віч (10 ліпеня 1871, Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет, Менская губэрня — 7 сакавіка 1931, Менск, БССР) — беларускі этнограф, фальклярыст, пэдагог.

Працаваў у галіне вывучэньня сямейнага быту, вераваньняў і абрадаў беларусаў, запісваў народныя гутаркі. Адной са значных працаў Паўла Дземідовіча зьяўляецца дасьледаваньне, дзе ім разглядаюцца народныя павер’і ў нячыстую сілу, аповяды пра цуды, сабраныя зь мясцовага фальклёру. Частку сваіх дасьледаваньняў перадаў Мітрафану Доўнару-Запольскаму.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету Менскай губэрні. У 1883 годзе скончыў народнае вучылішча пры Мікалаеўскай царкве. У 1890 годзе, пасьля заканчэньня Нясьвжскай настаўніцкай сэмінарыі, настаўнічаў у мястэчку Уселюб, потым скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут у 1897 годзе. Настаўнічаў у Менскім і Наваградзкім паветах. Выкладаў у Выбарскай настаўніцкай сэмінарыі і на настаўніцкіх курсах у горадзе Выбаргу і Юр’еве (цяпер Тарту). Зь 1908 году — супрацоўнік аддзяленьня этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі пры Маскоўскім унівэрсытэце. Публікаваўся ў выданьнях |«Віленскі весьнік», «Этнаграфічнае агляданьне», «Жывая даўніна». Зь 1915 настаўнічаў у Віцебску. Зь 1919 году — у Менску як арганізатар і загадчык 13-й школы, дзе ўпершыню выкладаньне вялося на беларускай мове. У 1920 годзе разам са Сьцяпанам Некрашэвічам падымаў пытаньне аб вяртаньне ў Беларусь бібліятэкі графа Храптовіча зь Кіева, аднак дамоўленасьць не была дасягнута. У ліпені 1920 — верасьні 1921 — у Наркамаце асьветы БССР, прапаноўваў стварыць Інстытут беларускай культуры. У 1921 годзе — выкладчык Менскага інстытуту народнай адукацыі. Арыштаваны ў лютым 1921 году па абвінавачаньні ў антысавецкай дзейнасьці. Зь 1922 году выкладаў у сярэдніх школах Менску. Ад 1925 году член этнаграфічнай сэкцыі Інбелкульта. У 1930 годзе зноў арыштаваны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі», аднак быў адпушчаны ў сувязі зь цяжкай хваробай. Перад сьмерцю Паўла Дземідовіча наведвалі яго сябры: Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Сянкевіч, Антон Лёсік і некаторыя землякі. Памёр 7 сакавіка 1931 году ў Менску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках[1].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вывучаў сямейны быт і абрады беларусаў, запісваў г.зв. "Гутаркі Паўлюка" — творы па матывах народных апавяданьняў у вершаванай форме. Адной з найбольш значных яго працаў стала дасьледаваньне аб старадаўніх вераваньнях і традыцыях, дзе ім разглядаюцца народныя павер’і ў нячыстую сілу, ведзьмаў і знахараў, аповяды пра розныя цуды, якія былі запісаны ў Мікалаеўшчыне і суседніх вёсках у канцы ХІХ стагодзьдзя. Некаторыя з гэтых дасьледаваньняў былі апублікаваныя ў часопісе «Этнаграфічнае агляданьне» №1-3 за 1896 год. Некаторыя зь яго працаў: — «Батлейка», 1894 год (Віленскі весьнік); «Масленіца і вялікі пост», 1895 год (Віленскі весьнік, №67); «Благавешчанне», 1895 год (Віленскі весьнік, №68); «Вялікдзень у сялян Беларусі», 1895 год (Віленскі весьнік, №73-74); «Купалле ў Беларусі», 1895 год (Віленскі весьнік, №134); «Из области верований и сказаний белорусов» (Этнографическое обозрэние за 1896 г., №1,2-3); «Гутаркі Паўлюка», 1898 год (Віленскі весьнік, №173); «Беларускія дзіцячыя гульні», 1899 год (Живая старина)[1].

Спадчына Паўла Дземідовіча выкарыстана пры падрыхтоўцы выданьняў «Легенды і паданні» (1983) і «Земляробчы каляндар» (1990) серыі «Беларуская народная творчасць».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гурскі А. І. З любоўю да народа: З жыцця і фальклорна-этнаграфічнай дзейнасці Д. Г. Булгакоўскага і П. П. Дземідовіча — Мн., 1989.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Дземідовіч Павел Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. С. 104.
  • ЭГБ, т. 3.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Демидович Павел Петрович (1871-1931)