Павал Паўлавіч Казлоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Казлоўскі.
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Павал Казлоўскі.
Павал Казлоўскі
Міністар абароны Рэспублікі Беларусь
22 красавіка 1992 — ліпень 1994
Прэм’ер-міністар: Вячаслаў Кебіч
Папярэднік: Пётар Чавус
Наступнік: Анатоль Кастэнка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 9 сакавіка 1942 (82 гады)
Нямеччына
Партыя: Аб’яднаная грамадзянская партыя
Сужэнец: Натальля Рыгораўна
Дзеці: Алена, Андрэй, Павал
Адукацыя: Ташкенцкая агульнавайсковая камандная вучэльня (19621965)
Вайсковая акадэмія імя Фрунзэ (19711974)
Вайсковая акадэмія Генэральнага штабу (19851987)
Узнагароды:
ордэн «За службу Радзіме ва Ўзброеных сілах СССР» III ступені

Па́вал Па́ўлавіч Казло́ўскі (нарадзіўся 9 сакавіка 1942, Нямеччына) — беларускі вайсковы дзяяч, другі міністар абароны Рэспублікі Беларусь.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Нямеччыне, куды сям’я была вывезеная на прымусовыя працы[1] з роднай вёскі Ваўкаўня (або Ваўкоўня) Пружанскага раёну, у сям’і селяніна. Беларус.

Па сканчэньні школы (1961) вучыўся ў Ташкенцкай агульнавайсковай каманднай вучэльні (скончыў у 1965). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўкаскай, Паўночна-Каўкаскай ваеннай акругах на пасадах камандзіра роты, начальніка штабу палку, камандзіра палку, начальніка штабу дывізіі, камандзіра дывізіі.

Скончыў ваенныя акадэміі імя Фрунзэ (1971—1974) і Генштабу (1985—1987). З 1978 дараднік камандзіра брыгады ў Анголе. У 1987 накіраваны ў Беларускую вайсковую акругу на пасаду першага намесьніка камандуючага арміяй. З 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Гародні. 3 1991 начальнік штабу — 1-ы намесьнік камандуючага войскамі БВА.

З 22 красавіка 1992міністар абароны Рэспублікі Беларусь. Адзначыўся звальненьнямі з войска беларускіх афіцэраў, сябраў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў[2].

Сышоў у адстаўку разам з урадам пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. 5 верасьня 1994 загадам Аляксандра Лукашэнкі паніжаны ў званьні да генэрал-лейтэнанта за карыстаньне службовым становішчам у асабістых мэтах (пры сьвяткаваньні вясельля ўласнага сына і дачкі Мечыслава Грыба). Тым ня меней, праведзенае пасьля сьледзтва не ўстанавіла фактаў нанесенага ўрону і злоўжываньня паўнамоцтвамі[3].

Да 2001 року зьяўляўся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У 2001 вылучаўся ў кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь[4], аднак не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 року зьяўляўся даверанай асобай Андрэя Саньнікава[5].

Цяпер узначальвае грамадзкую арганізацыю «Міжнародная фундацыя рэабілітацыі здароўя былых вайсковых службоўцаў».

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька адразу па вызваленьні ў 1945 пайшоў на фронт і загінуў пад Кёнігзбэргам, і маці адна гадавала пяцёх дзяцей (памерла ў 1977). Браты і сёстры жывуць і працуюць у Беларусі.

Жонка Натальля Рыгораўна па спэцыяльнасьці эканаміст. Маюць трох дзяцей. Старэйшая дачка Алена нарадзілася ў Грозным. Цяпер жыве ў Маскве, з мужам гадуюць сыноў Андрэя і Станіслава. Сын Андрэй нарадзіўся ў Маскве, жыве і працуе ў Беларусі, жанаты з дачкой Мечыслава Грыба, мае сыноў Міхаіла і Аляксея. Малодшы сын Павал нарадзіўся ў Ерэване, у 2008 ажаніўся[6].

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два званьні — маёра і падпалкоўніка (1975) — атрымаў датэрмінова. Палкоўнік (1981), генэрал-лейтэнант (1989), генэрал-палкоўнік (1993), генэрал-лейтэнант (1994).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ольг Прудникова (23 лютага 2011) Павел Козловский: я отстоял праздник 23 февраля (рас.) Общество. Naviny.by. Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ Зянон Пазьняк. Дэпутаты незалежнасьці. 2. Змаганьне за беларускае войска. Naviny.by (24 жніўня 2010). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Генерал Козловский властью не злоупотреблял // Коммерсантъ. — 27 студзеня 1995. — № 14 (732).
  4. ^ Генадзь Кесьнер (23 лютага 2001) 23 лютага колішні міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі заявіў, што ўрэшце наважыўся ўзяць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі Грамадства. Радыё «Рацыя»Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  5. ^ Павал Казлоўскі: Гэтая ўлада па-сапраўднаму дастала людзей Палітыка. «Хартыя-97» (17 сьнежня 2010). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  6. ^ Павал Казлоўскі: «Масква нешта рыхтуе Беларусі». Аб’яднаная грамадзянская партыя (2 студзеня 2008). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]