Падляскія мучанікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Падляскія мучанікі

Падляскія мучанікі, Пратулінскія мучанікі, 13 падляскіх мучанікаў — сяляне-ўніяты з некалькіх вёсак парафіі ў м. Пратулін Сядлецкае губэрні (цяпер Люблінскае ваяводзтва, Польшча), якія загінулі 14 (26) студзеня 1874 пры абароне сваёй уніяцкай царквы ад ператварэньня яе ў праваслаўную падчас ліквідацыі Берасьцейскае вуніі на ПадляшшыЦарстве Польскім). Памяць у Каталіцкай Царкве23 студзеня.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 (23) студзеня 1874 году 500 уніятаў з Пратулінскай парафіі, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусьціць туды праваслаўнага сьвятара. 14 (26) студзеня 1874 да царквы былі накіраваныя 2 роты жаўнераў, якіх сяляне сустрэлі каламі й камянямі. У адказ вайскоўцы ўжылі зброю. У выніку 9 сялянаў было забіта, 14 цяжка паранены (пазьней чатыры памерлі). Аналягічныя сутыкненьні ўніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы. У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты мэдаль з надпісам «Братом-русінам, замардаваным маскальскім царызмам, за вернасьць Царкве й Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне й Дралёве.

У 1938 распачаўся працэс бэатыфікацыі. 18 траўня 1990 была зробленая эксгумацыя, рэшткі забітых уніятаў перанесьлі ў парафіяльны рыма-каталіцкі касьцёл у Пратуліне. 6 кастрычніка 1996 году 13 падляскіх мучанікаў былі ўрачыста бэатыфікаваныя ў Рыме. Ад 1998 у Кастамлотах дзейнічае санктуарый Падляскіх мучанікаў.

Мучанікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вікенці Леванюк, 25 гадоў, з Варобліна. Лічыўся пабожным і прывязаным да Царквы чалавекам. Першым загінуў падчас абароны сьвятыні.
  • Даніла Кармаш, 48 гадоў, жанаты. Як кіраўнік брацтва падчас абароны царквы ўстаў на чале з крыжам, які да сёньня захоўваецца ў Пратуліне.
  • Лукаш Бойка, 22 гады. Быў шляхетным чалавекам, карыстаўся павагай людзей. Падчас абароны біў у звон.
  • Канстанцін Бойка, 49 гадоў, з Зачопкаў. Быў бедным селянінам і справядлівым чалавекам.
  • Канстанцін Лукашук, 45 гадоў. Разам з жонкай выхоўваў 7 дзяцей. Шанавалі за пачцівасьць.
  • Барталамей Асіпюк, 30 гадоў. Быў узорным бацькам і мужам, глыбока веруючым чалавекам. Найбольш часу ахоўваў храм. Быў сьмяротна паранены.
  • Аніцэт Грыцюк, 19 гадоў. За сваю нязвыклую пабожнасьць і ласкі параўноўваўся з Станіславам Косткам.
  • Піліп Герылюк, 44 гады, з Зачопкаў. Быў пабожным чалавекам. Заахвочваў іншых да абароны царквы.
  • Ігнат Франчук, 50 гадоў, з Дэрлі. Найбольш вызначаўся верай. Пасьля сьмерці Данілы Кармаша ўзяў крыж.
  • Анупрэй Васілюк, 21 год. Быў солтысам у Зачопках. Карыстаўся людзкой павагай.
  • Максім Гаўрылюк, 34 гады, з Дэрлі. Памёр ад раны ў жывот.
  • Ян Андраюк, 26 гадоў. Кантар у парафіі. Быў сьмяротна паранены.
  • Міхал Ваўрынюк, 21 год, з Дэрлі. Быў сьмяротна паранены.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]