Пажарэвацкі мір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пажа́рэвацкі мір або Паса́равіцкі мір (па-нямецку: Friede von Passarowitz, па-турэцку: Pasarofça Antlaşması, па-сэрбску: Пожаревачки мир) — мірная дамова, складзеная 21 ліпеня 1718 году паміж Аўстрыяй і Вэнэцыяй з аднаго боку і Асманскай імпэрыяй зь іншага боку ў горадзе Пажаравацы, якая скончыла Аўстра-турэцкую і Турэцка-вэнэцыянскую войны.

Асманская імпэрыя саступала Аўстрыі Банат, Алтэнію і паўночную Сэрбію разам зь Бялградам. Усе гэтыя ўладаньні Аўстрыя зноў вярнула Асманскай імпэрыі праз 21 год па Бялградзкім міры. Вэнэцыя саступала асманам заваяваныя ёю ў 1715 годзе часткі паўвострава Пэляпанэс, але захоўвала за сабой некаторыя крэпасьці ў Грэцыі і Альбаніі, а таксама Іянійскія астравы. Падчас мірных перамоваў былі падпісаныя і некаторыя гандлёвыя дамовы, згодна якіх падданым султана на тэрыторыі Аўстрыі надавалася свабода гандлю.