Палітыка-сацыяльны лад Рэчы Паспалітай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Палітыка-сацыяльны лад Рэчы Паспалітай у 15691795 гадах характарызуецца як «шляхецкая рэспубліка». Шляхта (дваране) у гэтай краіне карысталася амаль што неабмежаванымі правамі (напрыклад, любы шляхцюк мог узьняць супраць караля «рокаш» (паўстаньне)).

Улада ў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заканадаўчую ўладу ў гаспадарстве меў двухпалатны Вальны Сойм (усеагульны), які складаўся з Сэнату (рады) й з дэпутацкай Пасольскай Ізбы.

Сэнат-рада быў вышэйшай палатай Сойму. Сюды ўваходзілі знатнейшыя элемэнты польскага шляхецтва, а собы з вышэйшымі пасадамі як цэнтральнымі, так і правінцыяльнымі. Лік сэнатараў даходзіў да 150 пэрсон. Гэтая цыфра магла павялічвацца й памяншацца. Клерыкальны кірунак улады адчуваецца адразу : першае месца ў сэнаце займае Гнезьнянскі арцыбіскуп, прымас каталіцкай царквы ў дзяржаве абодвух народаў. За ім сядзяць па парадку й чыну звычайныя біскупы, і толькі за імі ідуць сьвецкія сэнатары. У ранейшыя часы сэнат быў проста прыватнай радай пры каралі і толькі потым, з пашырэньнем праў шляхецтва, ён стаўся дзяржаўнай установай і ўвайшоў у склад Сойму як яго вышэйшая палатаЯк перажытак мілулага астаўся звычай і ў далейшыя часы, каб Сойм з Сэнату абіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Сэнатары-дарадчыкі караля дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група сядзела ў каралеўскай радзе шэсьць месяцаў.

Ніжэйшай палатай Сойму была Пасольская Ізба. Сюды ўваходзілі дэпутаты — паслы аб шляхты асобных паветаў дзяржавы; таксама ўваходзілі паслы ад мяшчанства найбуйнейшых гарадоў. Пасольская Ізба зь цягам часу робіцца галоўнай часткай Сойму, адсоўваючы назад вышэйшую палату — Сэнат. Паслы ў Ізбу абіраліся шляхтаю на павятовых сойміках, якія зьбіраліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выбарчая акруга ў гэтыя часы давала ад 1 да 8 паслоў, што было ў залежнасьці ад велічыні тэрыторыі. Пасьля таго, як адбываўся Вальны Сойм у цэнтры, паслы склікалі па паветах рэляцыйныя соймікі, на якіх яны апавядалі пра рашэньні сэсіі Вальнага Сойму і давалі справаздачу аб сваей дзейнасьці перад сваімі абірацілямі. Лік дэпутатаў Пасольскай Ізбы залежаў ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У ХVI — XVII стагодзьдзях ен даходзіў да 220 асобаў. Прадстаўніцтва ад мяшчанства ў пазьнейшыя часы мы ўжо ня бачым.

Вальны Сойм склікаецца каралём праз кожныя два гады. Два разы паседжаньні адбываюцца ў Варшаве і адзін раз у Гародні. Звычайна Сойм склікаецца «ўвосень пасьля дня сьвятога Мартына», калі ўжо скончаны пільнейшыя вяскова-гаспадарчыя работы. Гэта залежала ад таго, што сябры Сойму былі зямляўласьнікамі. Сойм доўжыўся звычайна шэсьць тыдняў. Пачынаееца Сойм, як і падабае ў клерыкальным гаспадарстве, урачыстым набажэнствам, пасьля якога йдзе абраньне маршалака Сойму. Калі Сойм адбываецца ў Польшчы, старшыней яго абіраецца паляк, калі ў Беларусі — беларус. Абраны старшыня абвяшчае пачатак працы Сойму. Найперш ад усяго, як и заўседы, ідзе праверка правільнасьці мандатаў паслоў, пасьля чаго Сэнат з Ізбою робяць злучаныя паседжаньні, на якіх урад дае адповедзь за сваю былую працу і ўносіць прапазыцыі наконт далейшага. Выслухаўшы гэтап, абодзьве палаты Сойму разыходзяцца й працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца Сойму зноў пачынаецца супольная праца. Яны знаёмяць адзін аднаго з сваімі пастановамі.