Пан (зваротак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пан (па-руску: панъ) — ветлівая форма звароту да мужчыны ў беларускай (нароўні са «спадаром»), польскай, славацкай, украінскай і чэскай мовах. Жаночая форма зваротку — пані або панна (да незамужняй), пры звароце да грамады — панове або панства.

Беларуская мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слова «пан» — сталы і старажытны факт жывой гутарковай і пісьмовай беларускай мовы. Шырокі сэмантычны абсяг гэтага слова, разгалінаванае кола аднакарэнных зь ім, пасьлядоўная перадача празь яго стараславянскага «Господь» у перакладах і перакладных слоўніках, пашыранасьць у фальклёрных тэкстах (у тым ліку і з даволі архаічнымі рысамі), выкарыстаньне рознымі хрысьціянскімі канфэсіямі і беларускімі мусульманамі, а таксама наяўнасьць лексэмы «пан» у тэкстах, якія сягаюць часоў, калі ня толькі не магло быць якога-колечы «польскага ўплыву», а наадварот беларуская мова актыўна ўзьдзейнічала на польскую (XIV—XV стагодзьдзі) робяць сумнеўным дапушчэньне пра запазычаньне гэтага слова з польскай мовы[1].

Паводле Яна Станкевіча слова «пан» мае клясавае значэньне і ў расейскай мове адпавядае словам «барин» (але не «господин» — бел. гаспадар), «паня» — расейскаму «барыня» (але не «госпожа» — бел. гаспадарыня), «паненка» — расейскаму «барышня»[2]. У беларускіх савецкіх слоўніках у якасьці аднаго са значэньняў слова «пан» гэтак жа давалася клясавае («у дарэвалюцыйнай Беларусі») — «абшарнік, важны ўрадовец і пад., а таксама начальнік у дачыненьні да прыслугі, гаспадар». Тым часам побач прыводзілася і іншае значэньне: «форма ветлівагага звароту ў дарэвалюцыйнай Беларусі, а таксама ў Польшчы і Чэхаславакіі»[3].

Дырэктар Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. Лукашанец паказвае на тое, што нават згодна з творамі клясыкаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа — звароты «пан» і «пані» не нясуць у сабе нейкай станавай дыфэрэнцыяцыі. Ён падкрэсьлівае хібнасьць навешваньня да зваротку «пан» цэтліку «запазычаньня з польскай мовы» і характарызуе такі ветлівы зварот як абсалютна нармальны і прымальны для сучаснага паўсядзённага ўжытку ў Беларусі[4].

Польская мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У польскай мове зваротак «пан» (па-польску: pan) ужываецца ў наступных выпадках:

  • пры звароце да асобы, надзеленай уладай: «Кароль — наш спадар» — «Król naszym panem»;
  • пры звароце да ўладальніка зямлі, абшарніка, пана;
  • у якасьці характарыстыкі бога: «Спадар Бог наш» — «Pan Bóg nasz»;
  • у якасьці формы ветлівасьці: «спадар Кавальскі» — «pan Kowalski».

У адрозьненьне ад беларускага і ўкраінскага, польскае «пан» мае таксама значэньне «Вы». Аднак у польскай мове гэты зваротак ужываецца не зь дзеясловамі II асобы множнага ліку, а зь дзеясловамі III асобы адзіночнага ліку: «Вы жывяце ў Менску?» — «Mieszka Pan w Mińsku?». Існуе магчымасьць выкарыстаньня зваротку «пан» і зь дзеясловамі II асобы адзіночнага ліку (напрыклад, «Mieszkasz pan w Mińsku?»), аднак гэтая форма носіць агрэсіўны, абразьлівы характар.

Як і ў беларускай ды ўкраінскай, у польскай мове форма ветлівага звароту да жанчыны мае дзьве формы:

  • пані (па-польску: pani) — выкарыстоўваецца ў дачыненьні да замужніх і незамужніх жанчын;
  • панна (па-польску: panna) — выкарыстоўваецца ў дачыненьні да незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка).

Адрозьніваюць таксама формы множнага ліку слова «пан»:

  • панове (па-польску: panowie) — форма множнага ліку мужчынскага роду;
  • панe (па-польску: panie) — форма множнага ліку жаночага роду;
  • панны (па-польску: panny) — форма множнага ліку жаночага роду пры звароце да незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка);
  • панства (па-польску: państwo) — форма множнага ліку пры адначасовым звароце да жанчын і мужчын (слова мае таксама значэньне «дзяржава»).

Ужываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палякі надаюць вялікае значэньне ўжываньню формаў ветлівага звароту. Выкарыстаньне той або іншай формы залежыць ад сацыяльнага, герархічнага статусу, а таксама ад ступені знаёмства або блізкасьці роднасных сувязяў паміж тымі або іншымі людзьмі.

Так, найболей ветлівым (але і афіцыйным) зьяўляецца ўжываньне слова «пан» (або «пані») разам з поўным імем суразмоўцы, напрыклад: пан Анджэй Петрашэўскі (па-польску: pan Andrzej Pietraszewski), пані Ева Шыкульска (па-польску: pani Ewa Szykulska). Варта адзначыць, што на лісьце (пры звароце да суразмоўцы) слова «пан» заўсёды пішацца зь вялікай літары (як беларускае «Вы» пры асабістым звароце).

Гэтая жа форма ўжываецца пры ўказаньні адрасата ў лістах; у такім разе слова «пан» таксама пішацца толькі зь вялікай літары. Больш ветлівай (але некалькі архаічнай формай) зьяўляецца найменаваньне адрасата з выкарыстаньнем абрэвіятур «WSz» (па-польску: Wielсe Szanowny — глыбокапаважаны) або «Sz» (па-польску: Szanowny — паважаны). Напрыклад: Глыбокапаважаны Зьбігнеў Цыбульскі (па-польску: WSz Pan Zbigniew Cybulski), Паважаная Людміла Блоцка (па-польску: Sz Pani Ludmiła Błocka).

Меней афіцыйнай формай зьяўляецца найменьне суразмоўцы «пан» і па прозьвішчы: пан Краеўскі (па-польску: pan Krajewski), пані Ляшэвіч (па-польску: pani Leszczewicz). У адрозьненьне ад беларускай мовы, у якім зварот па прозьвішчы носіць афіцыйны характар, у польскай дадзеная форма лічыцца агульнаўжывальнай паміж людзьмі, не занадта добра знаёмымі паміж сабой.

У звароце паміж калегамі, знаёмымі, пры звароце малодшых паводле ўзросту да больш старэйшых таварышаў, слова «пан» выкарыстоўваецца разам зь імем: пан Юзэф (па-польску: pan Józef), пані Ядзьвіга (па-польску: pani Jadwiga). Яшчэ меней фармальным зьяўляецца ўжываньне «пан» з памяншальнай формай імя: пан Юзэк (памяншальнае ад «Юзэф» — па-польску: pan Józek), пані Ядзя (памяншальнае ад «Ядзьвіга» — па-польску: pani Jadzia).

Найменьне суразмоўцы толькі па імі, без ужываньня слова «пан» або «пані» носіць нефармальны характар і ўжываецца толькі паміж сябрамі, роднымі і блізкімі, у моладзевым асяродзьдзі.

Варта таксама адзначыць, што пры асабістым звароце ў польскай мове выкарыстоўваецца клічны склон. Гэтае правіла датычыцца ўсіх формаў слова «пан». Напрыклад, у звароце «пане Лісоўскі» (па-польску: panie Lisowski) слова «пан» мае форму клічнага склона.

Украінская мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва ўкраінскай мове зваротак «пан» (па-ўкраінску: пан) можа ісьці перад прозьвішчам (Пане Шевченку, можна вас на хвилинку?), званьнем, назвай пасады і г. д. (Пане професоре, дякую за допомогу!), а таксама ўжывацца самастойна, калі прозьвішча, пасада ці назва прафэсіі незнаёмца невядомыя (Пане, котра година?). У афіцыйным маўленьні нельга ўжываць гэты зваротак перад імём. Пры звароце да публікі з мужчынаў, выкарыстоўваецца форма «панове» (па-ўкраінску: панове).

Зваротак «пан» меў пашырэньне за часамі УНР і звычайна выкарыстоўваўся з прыметнікамі па-ўкраінску: високоповажний, високодостойний, вельмишановний. У наш час гэты ветлівы зварот зноў мае шырокі ўжытак.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Жлутка. Пан, Госпад, Спадар?.. // «Наша вера» №1, 1995.
  2. ^ Я. Станкевіч. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с ISBN 5-343-01322-8. [1]
  3. ^ Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. — 1-е выд., перапрац. і дап. — Мн: Нар. асвета, 1990. С. 255.
  4. ^ Аляксандра Анцэлевіч. Колькі крокаў ад «девушки» да «паненкі»? // «Народная газета» №146, 25 ліпеня 2007.