Папа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Папская эмблема

Па́па Ры́мскі (па-лацінску: papa — тата, бацька; па-грэцку: παπάς — патрыярх, сьвятар ад грэц. πατήρ — бацька) або Пантыфік — зьверхнік Каталіцкай Царквы, біскуп Рыму і кіраўнік дзяржавы Ватыкан.

У каталіцтве — намесьнік Хрыста і наступнік апостала Пятра; абіраецца з кардыналаў на канклаве.

Улада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Каталіцкай Царкве ўлада Папы Рымскага мае выключны характар. Канстытуцыя Pastor aeternus 1870 году надае папе «найвышэйшую і поўную юрысдыкцыю над Рыма-Каталіцкаю Царквою як у пытаньнях веры й маралі, так і ў пытаньнях дысцыпліны і кіраваньня», а таксама ўладаю «над кожнаю з Цэркваў, што знаходзяцца ў стасунках з папаю і над кожным без вынятку сьвятаром і вернікам, незалежна ад усялякіх правоў зямное ўлады» (канон 218, № 1-2).

Адміністратыўны корпус, што кіруе справамі папы, называецца Рымская курыя, зборная назва для курыі і папы ў сукупнасьці — Апостальскі пасад (Сьвятая сталіца).

У пытаньнях веры і маралі Папа Рымскі сочыць за чысьцінёю веравучэньня, то бок адкідае псэўдавучэньні, кіруе місіянэрскаю дзейнасьцю, склікае Сусьветныя саборы Каталіцкай Царквы, вядзе іхнія паседжаньні (асабіста або з дапамогаю ўпаўнаважаных ім асобаў), зацьвярджае іхнія рашэньні, пераносіць або распускае саборы (у выпадку сьмерці папы пад час сабору ягоныя паседжаньні прыпыняюцца да выбараў новага папы). На Першым Ватыканскім саборы 1870 году было абвешчана, што вучэньне ў справах веры або маралі, якія Папа Рымскі абвяшчае ўрачыста ex cathedra, то бок як Пастыр і Настаўнік усіх хрысьціянаў, сілаю сваёй найвышэйшай апостальскай улады, — уважаюцца беспамылковымі і абавязваюць ва ўсёй Царкве (дагмат пра беспамылковасьць Папы Рымскага).

Папа Рымскі надзелены найвышэйшаю судоваю ўладаю ў Царкве. Любая судовая справа можа быць пададзеная яму як першай інстанцыі. Толькі яму падсудныя кардыналы, нунцыі й біскупы, якіх абвінавачваюць у крымінальных злачынствах. Папа вырашае справы ў трэцяй інстанцыі па апэляцыях у царкоўных працэсах. Зварот у сьвецкія суды дзеля абскаржаньня выраку, вынесенага папаю, забараняецца.

Папе Рымскаму належыць найвышэйшая выканаўчая ўлада ў Царкве: ён засноўвае, зьмяняе й ліквідуе япархіі (дыяцэзіі); прызначае, зацьвярджае на пасадзе, пераводзіць і здымае біскупаў; запаўняе вакансіі, распараджаецца на найвышэйшым узроўні царкоўным скарбам, зьдзяйсьняе права абвяшчаць блаславёнымі і сьвятымі.

Папа Рымскі  — гарант усеагульнасьці й еднасьці Каталіцкай Царквы. Пакольку Папа Рымскі — гарант еднасьці Царквы, то й ягоная ўлада — сувэрэнная. Праз папу дзейнічаюць на поўную сілу й часткі Царквы. Адзінаўладзьдзе Папы Рымскага неабходнае для захаваньня законнасьці і падтрымкі парадку ўнутры Царквы.

Таксама Папа Рымскі зьяўляецца кіраўніком сьвецкае дзяржавы Ватыкан, што займае 44 гектары. У 756—1870 гадах папа кіраваў так званаю Папскаю вобласьцю, што займала значную частку поўначы Італіі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Папасховішча мультымэдыйных матэрыялаў