Папская Рада па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Папская Рада па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў (па-лацінску: Pontificium Consilium ad Unitatem Christianorum Fovendam) — адна з дыкастэрыяў Рымскай курыі. Ад імя Каталіцкай Царквы займаецца экумэнічнай дзейнасьцю. Выступае адным з арганізатараў штогадовага Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў.

Гісторыя стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне гэтай Папскай Рады шчыльна зьвязана з Другім Ватыканскім Саборам. Папа Ян XXIII выказаў пажаданьне, каб Каталіцкая Царква пачала актыўна ўдзельнічаць у сучасным экумэнічным руху.

У 1959 годзе мэлькіцкі патрыярх Максім IV Саех і архібіскуп Падэрборну Лорэнц Егер накіравалі Папу ліст, у якім прапаноўвалі для падрыхтоўкі парадку дня Другога Ватыканскага Сабору па пытаньнях экумэнізму стварыць спэцыяльную раду або кангрэгацыю. Вызнаючы слушнасьць гэтай прапановы, Папа Ян XXIII сярод 12 камісіяў для падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабору 5 чэрвеня 1960 году заснаваў таксама і Сакратарыят па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў. Яго першым старшынём стаў кардынал Аўгустын Бэа.

Сакратарыят падрыхтаваў і прадставіў на разгляд удзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору некалькі важных дакумэнтаў, якія на ім былі зацьверджаныя:

  • Дэкрэт аб экумэнізьме «Unitatis Redintegratio»;
  • Дэклярацыю пра рэлігійную свабоду «Dignitatis Humanae»;
  • Дэклярацыю пра адносіны Царквы да нехрысьціянскіх рэлігіяў «Nostra Aetate»
  • а таксама сумесна з дактрынальнай камісіяй — дагматычную Канстытуцыю пра Божае Аб’яўленьне «Dei Verbum» Lumen Gentium.

Па заканчэньні Сабору камісія працягнула сваю дзейнасьць. 3 студзеня 1966 году Папа Павал VI зацьвердзіў Сакратарыят па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў як сталую дыкастэрыю ў Рымскай курыі. Апостальскай канстытуцыяй «Pastor Bonus» ад 28 чэрвеня 1988 году Папа Рымскі Ян Павал II узьняў гэтую камісію ў ранг Папскай Рады.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папская Рада па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў дзейнічае пад кіраўніцтвам кардынала старшыні. Яму дапамагаюць два сакратары і намесьнік сакратара (падсакратар).

Рада складаецца зь дзьвюх сэкцыяў:

  • Сэкцыя па стасунках з Усходнімі Цэрквамі: Праваслаўнымі Цэрквамі бізантыйскай традыцыі і Арыентальнымі Праваслаўнымі Цэрквамі (Копцкай, Сырыйскай, Армянскай, Этыёпскай і Маланкарскай), а таксама Асырыйскай Царквой Усходу;
  • Сэкцыя па стасунках з Цэрквамі і царкоўнымі супольнасьцямі Захаду ды з Сусьветнай Радай Цэркваў.

Важныя кірункі працы Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў:

Старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]