Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2004 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

17 кастрычніка 2004 году адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга скліканьня. У першым туры абралі 108 з 110 дэпутатаў. У склад Палаты прадстаўнікоў не ўвайшоў ніводны прадстаўнік апазыцыі.

Перадвыбарчае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэтыя выбары ў 110-мясцовую Палату прадстаўнікоў сталіся другімі парлямэнцкімі, што праводзіліся паводле Канстытуцыі з праўкамі 1996 году. Дэпутаты абіраліся на 4 гады на падставе мажарытарнае сыстэмы. Імі станавіліся вылучэнцы, якія атрымоўвалі больш як 50% галасоў у першым туры выбараў, калі яўка выбаршчыкаў перавышала 50%. Пры неабходнасьці другі тур праводзіўся праз два тыдні пасьля першага між двума вылучэнцамі, якія набіралі найбольшую колькасьць галасоў.

7 верасьня 2004 году Аляксандар Лукашэнка аб’явіў аб правядзеньні адначасова з парлямэнцкімі выбарамі рэфэрэндуму аб скасаваньні канстытуцыйнага абмежаваньня займаць пасаду прэзыдэнта ня больш як 2 тэрміны.

Прававыя ўмовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбары праводзіліся паводле Выбарчага кодэксу (ВК), ухваленага Нацыянальным сходам 24 студзеня 2000 году, са зьмяненьнямі ад 22 чэрвеня 2000 году. Дадзены ВК абмяжоўваў грамадзянскія правы на ўдзел у выбарах, выбарчых камісіях, а таксама на агітацыю. Палітычныя партыі мусілі мець улічаную суполку ў выбарчай акрузе, дзе вылучалі сваіх кандыдатаў. Аднак у апошні дзень рэгістрацыі, 16 верасьня 2004 году, шэраг мясцовых управаў Міністэрства юстыцыі зьнялі з уліку некалькі партыйных першасных суполак, што пазбавіла партыі права вылучаць у дадзеных акругах сваіх кандыдатаў.

Падрыхтоўка й правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбарчыя камісіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўку й правядзеньне выбараў ажыцьцяўлялі выбарчыя камісіі: цэнтральная (ЦВК), 110 акруговых (АВК — на кожную выбарчую акругу) і 6659 участковых (УВК). 40 УВК працавалі ў дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжою. ЦВК складалася з тузіну асобаў, першую палову зь якіх у студзені 2002 году прызначыў Лукашэнка, а другую — Рада Рэспублікі.

АВК і УВК прызначаліся адмыслова перад выбарамі супольнымі нарадамі Радаў дэпутатаў й іх выканаўчых камітэтаў абласнога й раённага ўзроўню адпаведна.

Сьпісы выбаршчыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не існавала зводнага сьпісу выбаршчыкаў між выбарчымі ўчасткамі. Не пазьней як за 15 дзён да выбараў УВК правяралі й абнаўлялі сьпісы выбаршчыкаў. У дзень выбараў дадаткова ўнесьлі ў сьпісы амаль 74 тысячы выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. 12 кастрычніка 2004 году ЦВК дазволіла галасаваць і пры прад’яўленьні студэнцкага білету, у якім ня згадваецца грамадзянства.

Улік вылучэнцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кандыдаты вылучаліся працоўнымі калектывамі колькасьцю ня меншаю за 300 чалавек, 17 палітычнымі партыямі, улічанымі Міністэрствам юстыцыі, або зборам подпісаў 1000 выбаршчыкаў акругі ня менш як 10 асобамі зарэгістраванай ініцыятыўнай групы. Партыям для вылучэньня свайго кандыдата ў выбарчай акрузе было неабходна мець у ёй сваю суполку. Да крайняга тэрміну, 12 жніўня, самавылучэнцы падалі 635 заяваў на ўлік у АВК сваіх ініцыятыўных групаў. АВК зарэгістравалі 555 такіх групаў, адмовілі 74 (12%). Астатнія 6 самавылучэнцаў адклікалі свае заявы. У якасьці прычынаў адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў найчасьцей прыводзіліся ўлучэньне ў іх склад непаўналетніх, замежных грамадзянаў ды прымус да ўступленьня ў групу. Таксама АВК пераважна не рэгістравалі ініцыятыўныя групы з больш як 20 чалавек. На дзень заканчэньня вылучэньня, 6 верасьня, налічвалася 692 вылучэнцы, у тым ліку 316 ад партыяў. Партыі, зьвязаныя з праўрадаваю Рэспубліканскаю каардынацыйнаю радаю кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў (РКРКППГА; аграрная, сацыяльна-спартыўная (БССП), камуністычная ды рэспубліканская), вылучылі 29 кандыдатаў. Яшчэ адна праўладная Лібэральна-дэмакратычная партыя (ЛДП) вылучыла 107 кандыдатаў. Два апазыцыйныя міжпартыйныя перадвыбарчыя блёкі, «Пяцёрка плюс» (Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ, Партыя камуністаў беларуская й ліквідаваная Беларуская партыя працы) ды кааліцыя дэмакратычных цэнтрыстаў (Парлямэнцкая група «Рэспубліка», кааліцыя «Маладая Беларусь» і Эўрапейская кааліцыя «Свабодная Беларусь»), прадстаўлялі 232 кандыдаты, зь якіх 67 вылучыліся зборам подпісаў. Пераабрацца спрабавалі 66 дэпутатаў папярэдняга скліканьня.

Улік вылучэнцаў праходзіў з 7 да 16 верасьня. АВК не рэгістравалі кандыдатаў пераважна па трох прычынах: 1) недакладнасьці ў заявах аб даходах і маёмасьці, 2) прызнаньне несапраўднымі больш як 15% сабраных подпісаў, 3) несапраўднасьць юрыдычнага адрасу партыйнае суполкі, ад якой вылучаўся кандыдат. Па апошняй прычыне Міністэрства юстыцыі зьняло з уліку 10 партыйных суполак ў апошні дзень рэгістрацыі іх кандыдатаў. З 692 вылучэнцаў АВК зарэгістравалі 359 (52%). Сярод іх быў:

  1. 151 (42%) вылучэнец ад партыяў;
  2. 137 (38%) — ад працоўных калектываў;
  3. 71 (20%) самавылучэнец.

21 прэтэндэнт адмовіўся ад удзелу ў выбарах яшчэ да прыняцьця АВК рашэньня або ўліку. З 312 вылучэнцаў, якім адмовілі ва ўліку, было каля 200 прадстаўнікоў партыяў. Улік прайшло 57 дэпутатаў папярэдняга скліканьня. З 29 вылучэнцаў ад РКРКППГА зарэгістравалі 8. З 20 вылучэнцаў ад КПБ зарэгістравалі 6, што былі зь ліку 15 афіцыйных вылучэнцаў партыі. Таксама ўлік прайшлі 3 з 7 вылучэнцаў ад Рэспубліканскае партыі. Вылучэнца ад БССП не зарэгістравалі, Аграрная партыя афіцыйна не вылучала сваіх кандыдатаў. З 107 вылучэнцаў ЛДП зарэгістравалі 38 (36%). З 232 апазыцыйных вылучэнцаў АВК зарэгістравалі 122 (53%). З 5 удзельнікаў парлямэнцкае групы «Рэспубліка» АВК зарэгістравалі 2. Пазьней Валер Фралоў пасьпяхова абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў ЦВК. 8 вылучэнцаў ад Партыі БНФ ды Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» адмовіліся ад удзелу ў выбарах яшчэ да рашэньня АВК аб уліку пад ціскам працадаўцаў ды мясцовых уладаў. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ ладзіла байкот выбараў ды рэфэрэндуму[1][2][3].

Больш як 50 вылучэнцаў зьнялі свае кандыдатуры пасьля заканчэньня рэгістрацыі, зь іх большасьць праўрадавых ад працоўных калектываў, што зрабілі гэта ў падтрымку іншых праўрадавых вылучэнцаў. АВК скасавалі рэгістрацыю 20 вылучэнцаў напярэдадні выбараў, зь якіх 10 ужо пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня 12 кастрычніка. У выніку на дзень выбараў засталося 330 кандыдатаў, або ў сярэднім па тры на кожную выбарчую акругу. У 77 акругах балятавалася па тры й менш кандыдаты, у тым ліку 10 безальтэрнатыўных выбарчых акругаў.

Скаргі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ЦВК разгледзела 166 скаргаў на адмову АВК у рэгістрацыі ды задаволіла больш як чвэрць зь іх, у тым ліку 29 скаргаў апазыцыйных вылучэнцаў. З блізу 120 адхіленых скаргаў 74 далей разглядаліся Вярхоўным судом, зь якіх той задаволіў толькі 2.

Перадвыбарная агітацыя й вяшчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агітаваньне апазыцыйных кандыдатаў абмяжоўвалася вылучанымі ўрадам грашыма. АВК скасавалі на падставе гэтага абмежаваньня рэгістрацыю 16 вылучэнцаў. Праўладныя вылучэнцы такога абмежаваньня не зазнавалі. На прэс-нарадзе 20 ліпеня 2004 году Лукашэнка заявіў, што аддаў «даручэньне», каб 30% дэпутатаў пераабралі. 6 кастрычніка ён дадаў, што праўладныя кандыдаты мусілі заняць усе 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў ужо па выніках першага туру выбараў, бо «ў нас досыць улады і тэхналёгіяў, каб зруйнавальна выйграць гэтыя выбары».

Усё агульнакраёвае электроннае вяшчаньне належала ўраду. У друку таксама дамінавалі ўрадавыя выданьні. Цягам двух месяцаў напярэдадні выбараў каля дзясятка няўрадавых выданьняў прыпынілі свой выхад, большасьць зь якіх на тры месяцы паводле пастановы Міністэрства інфармацыі з нагоды непаведамленьня імі зьменаў свайго юрыдычнага адрасу, частаты выхаду ды зьместу. 8 верасьня ЦВК ухваліла пастанову №71, якой дазволіла кандыдатам выкласьці свае перадвыбарчыя праграмы аб’ёмам у 2 машынапісныя старонкі ў газэтах, а таксама ў аднаразовых 5-хвілінных выступах па тэлебачаньні й на радыё, што ішлі ў запісе ды цэнзураваліся. Тыя выступы перадаваліся ўрадавымі тэле- й радыёкампаніямі з 20 верасьня па 11 кастрычніка. Аднак у сродках масавай інфармацыі (СМІ) не разьмяшчалася платная агітацыя, а электронныя СМІ не паказвалі дэбатаў між супернікамі. Да дадатковага ўрадавага вяшчаньня мелі доступ толькі дэпутаты, якія йшлі на перавыбраньне. Дзяржаўныя тэлеканалы «БТ» ды «Сталічнае тэлебачаньне» паказвалі шэраг перадач «Кансьпіралёгія», у якіх апазыцыйныя вылучэнцы вінаваціліся ў злачынствах ды прыхільнасьці да іх.

Назіраньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць назіральнікаў належала да праўрадавых грамадзкіх аб’яднаньняў, такіх як супольнасьці вэтэранаў, фінансуемыя ўрадам маладзёвыя аб’яднаньні й прафэсійныя саюзы. Незарэгістраваная грамадзянская ініцыятыва «Партнэрства» ажыцьцяўляла назіраньне за выбарамі ў 98 выбарчых акругах высілкамі больш як трох тысячаў назіральнікаў, кожны зь якіх атрымліваў акрэдытацыю зборам 10 подпісаў выбаршчыкаў адпаведных акругаў. Іх назіральнікі імкнуліся ахапіць назіраньнем 25% участкаў кожнае акругі.

Галасаваньне й падлік галасоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам пяці дзён датэрміновага галасаваньня скрыні для бюлетэняў не падлягалі апячатваньню на ноч. Датэрмінова змушалі галасаваць навучэнцаў ды супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў. На большасьці ўчасткаў падлік галасоў праводзіўся прыхавана ад назіральнікаў. Амаль палова УВК не вывесіла копіі пратаколаў аб выніках выбараў на сваіх участках. Замежныя назіральнікі ад АБСЭ здолелі засьведчыць фальсіфікаваньне атрыманых з УВК вынікаў выбараў АВК №101 (Ясенінская акруга, Менск). Да таго ж, УВК адмаўляліся паведаміць замежным назіральнікам колькасьць выбаршчыкаў у сьпісах сваіх участкаў.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя Колькасьць
Вылучыла кандыдатаў Абраных дэпутатаў
Ліберальна-дэмакратычная партыя 38 1
Аб’яднаная грамадзянская партыя 37 0
Партыя БНФ 30 0
Камуністычная партыя Беларусі 8 8
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» 30 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) -
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 0 0
Беларуская патрыятычная партыя 0 0
Беларуская партыя «Зялёныя» 0 0
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ 0 0
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» 11 0
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды 4 0
Рэспубліканская партыя 3 0
Беларуская аграрная партыя 3 3
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 0 0
Партыя свабоды і прагрэсу 0 0
Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 0 0
Беларуская партыя працоўных 0 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) 28 0

18 кастрычніка ЦВК абвясьціла папярэднія вынікі выбараў, а канчатковыя — 22 кастрычніка пасьля адхіленьня ўсіх скаргаў, як неістотных. Штовечар да разгону 19 кастрычніка сіламі АМАП апазыцыя праводзіла дэманстрацыі супраць вынікаў выбараў. У выніку зьбіцьця пры затрыманьні старшыня АГП Анатоль Лябедзька правёў некалькі дзён у шпіталі. Паводле ЦВК прагаласавала 6 297 600 выбаршчыкаў (90,14%). Зь іх 17,39% прагаласавалі датэрмінова з 12 па 16 кастрычніка. У Менску найвышэйшая яўка па краіне назіралася на датэрміновым галасаваньні, аднак агульная яўка была найніжэйшай па краіне (81,62%). У першым туры выбараў абралі 108 з 110 дэпутатаў. У Наваполацкай акрузе №25 27 кастрычніка адбыўся другі тур, а ў Гарадзенскай-Цэнтральнай №52 — паўторныя выбары. Першае паседжаньне новаабранай Палаты прадстаўнікоў адбылося 16 лістапада. У яе склад увайшлі 12 прадстаўнікоў праўрадавых партыяў і ніводны прадстаўнік апазыцыі. Пераабраліся 46 дэпутатаў папярэдняга скліканьня. 100 дэпутатаў вылучаліся ад працоўных калектываў і зборам подпісаў. Толькі 14 вылучэнцаў здолелі абрацца праз выкарыстаньне ўсяго аднаго шляху вылучэньня[4].

Бюлетэні:

  • дзейсных — 6 096 138;
  • нядзейсных — 201 462.

Разьмеркаваньне месцаў:

1) паводле партыі —

  • 8 ад Камуністычнай партыі Беларусі,
  • 3 ад Аграрнай,
  • 1 ад Лібэральна-дэмакратычнай,
  • 98 беспартыйных;

2) паводле роду —

  • 78 мужчын (70,91%),
  • 32 жанчыны (29,09%);

3) паводле веку —

  • 1 ад 21 да 30 гадоў,
  • 3 ад 31 да 40 гадоў,
  • 38 ад 41 да 50 гадоў,
  • 60 ад 51 да 60 гадоў,
  • 7 ад 61 да 70 гадоў;

4) паводле прафэсіі —

  • 30 настаўнікаў,
  • 26 эканамістаў,
  • 13 юрыстаў,
  • 10 мэдыкаў,
  • 31 іншы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]