Партыя БНФ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Партыя БНФ
па-беларуску: Партыя БНФ
Лідэр партыі в. а. Вадзім Саранчукоў[1][2][3]
Дата заснаваньня (дэ-факта) 3 кастрычніка 1999 (24 гады таму)
Распушчаная 14 жніўня 2023
Штаб-кватэра 220012, Менск, Чарнышэўскага, 3-39
Ідэалёгія нацыяналізм, кансэрватызм
Моладзевая арганізацыя Моладзь БНФ[4]
Колькасьць 1259[5]
Дэвіз «Свабода, Незалежнасьць, Адраджэньне»
Афіцыйны сайт narodny.org

Партыя БНФ — палітычная партыя Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1999 г. у выніку расколу Партыі Беларускага народнага фронту, што 26 верасьня 1999 г. на 4-ым зьезьдзе зьмяніла назоў на Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ (глядзіце разьдзел Гісторыя). Дэ-юрэ Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падае Партыю БНФ у якасьці заснаванай 30 траўня 1993 году[6].

БНФ знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму Лукашэнкі.

Знаходзілася ў стане паступовага роспуску праз суд[7]. 14 жніўня 2023 году Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ[8].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Беларускі Народны Фронт Адраджэньне

Сучасная Партыя БНФ утварылася ў якасьці самастойнага суб’екта пасьля расколу Беларускага Народнага Фронта ў другой палове 1999 г.

26 верасьня 1999 г., у нядзелю, у адпаведнасьці з рашэньнем Сойму партыі ад 19 чэрвеня адбыўся IV Зьезд Партыі Беларускага народнага фронту, які зьмяніў поўны назоў на Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ, пераабраў Пазьняка старшынём партыі, прызначыў яго новых намесьнікаў і абраў новы склад Сойму з 45 сябраў[9]. На тым зьезьдзе старшыня мандатнай камісіі Яўген Каролік абвясьціў аб прысутнасьці 141 прадстаўніка звыш дастатковага кворуму ў 137 чалавек (141/137; 103%)[10]. 3 кастрычніка ў парушэньне Статуту, паводле якога Сойм партыі склікаў старшыня, яго былыя намесьнікі на чале зь Вінцуком Вячоркам сабралі частку былога Сойму і прызначылі новы зьезд з новым вылучэньнем прадстаўнікоў, у тым ліку ня сябраў партыі. Таксама тыя непераабраныя намесьнікі прызначылі ўласную Ўправу[11]. 26 сьнежня, у нядзелю, Сойм партыі на чале зь Вячоркам ухваліў скарочаны назоў Партыя БНФ у якасьці асноўнага[12].

У выніку расколу на лістапад 2000 г. у КХП — БНФ засталося каля 3500 сябраў[13]. Тым часам, утвораная пад старым назовам Партыя БНФ на сакавік 2001 г. налічвала каля 1800 чальцоў[14] (палова ад ліку КХП — БНФ).

Пасьля расколу Партыя БНФ на чале зь Вінцуком Вячоркам збліжаецца з АГП; гэтыя дзьве партыі найбольш актыўна працуюць у Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў (КРДС). У 2001 годзе структуры ПБНФ працуюць на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша, пасьля — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка. У 2006 годзе партыя разам зь іншымі дэмакратычнымі рухамі вылучае на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

У 2000-х гадах партыя актывізуе міжнародную каапэрацыю, у 2005 г. робіцца назіральнікам пры Эўрапейскай народнай партыі, а ў 2007 годзе — асацыяваным сябрам Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу.

У сьнежні 2007 году старшынём БНФ «Адраджэньне» й Партыі БНФ быў абраны Лявон Баршчэўскі. Выбары суправадзіліся скандалам, зьвязаным з процістаяньнем паміж дзьвюма фракцыямі на чале зь Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам. Пераважная частка ўнутрыпартыйнай дыскусіі вялася вакол супрацоўніцтва з Рухам «За Свабоду».

За публічную крытыку кіраўніцтва партыі, 14 чэрвеня 2008 году Міхалевіч рашэньнем Сойма Партыі БНФ быў пазбаўлены пасады намесьніка старшыні і выключаны з Партыі БНФ.

16 траўня 2009 году на паседжаньні сойма партыі было прынята рашэньне, што 5 і 6 верасьня 2009 году пройдзе 12-ы зьезд Партыі БНФ. На гэтым зьезьдзе быў абраны новы старшыня — 33-гадовы Аляксей Янукевіч. За яго прагаласавалі 174 дэлегаты, за Баршчэўскага — 144. Зьезд Партыі БНФ зацьвердзіў намесьнікамі старшыні Аляксея Янукевіча прапанаваныя ім кандыдатуры — Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова.

27 кастрычніка 2009 году Партыя БНФ робіцца сузаснавальнікам Беларускага незалежніцкага блёка, кааліцыі права-цэнтрысцкіх партыяў і рухаў, да якой таксама далучыліся Рух «За Свабоду», Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Малады Фронт і іншыя.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Партыя БНФ вылучыла Рыгора Кастусёва сваім кандыдатам.

Вінцук Вячорка з групай аднадумацаў выйшаў з Партыі БНФ напачатку 2011 году, абвясьціўшы пра намер стварыць новую партыю з Рухам «За Свабоду».

У 2013 годзе БНФ разам з Рухам «За Свабоду» і арганізацыяй Гавары Праўду ініцыюе кампанію Народны Рэфэрэндум. У гэтым жа годзе, 11 кастрычніка, на зьезьдзе партыі, Аляксей Янукевіч паўторна абраны на пасаду старшыні. За яго прагаласавалі 113 са 133 дэлегатаў. На пасаду вылучаўся таксама актывіст Васіль Раманаў, ён атрымаў 18 галасоў[15].

У 2015 годзе БНФ падтрымаў кандыдатуру Тацяны Караткевіч, аднак, адклікаў падтрымку і спыніў удзел у яе кампаніі, заявіўшы, што насуперак папярэднім дамовам, Тацяна Караткевіч дапусьціла выказваньні адносна статусу беларускай мовы, геапалітычнага выбару, сымболікі, якія не стасуюцца з пазыцыяй БНФ[16].

Ускрыцьцё сядзібы Партыі БНФ 11 мужчынамі ў масках (14 ліпеня 2021 году)

30 верасьня 2017 году рашэньнем ХVIII справаздачна-выбарчага зьезду Партыі БНФ старшынём партыі быў абраны Рыгор Кастусёў — ён набраў 107 галасоў. У бюлетэні для галасаваньня было 6 прозьвішчаў: Ільля Дабратвор, Вольга Дамаскіна, Рыгор Кастусёў, Алесь Таўстыка, Аляксандар Страх, Васіль Астроўскі. Намесьнікамі старшыні Партыі БНФ былі абраныя Юры Лукашэвіч, Аляксей Янукевіч, Вадзім Саранчукоў, Зьміцер Салошкін, Аляксандар Стральцоў-Карвацкі. За Вольгу Дамаскіну прагаласавала 32 дэлегаты[17].

Праграма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праграма Партыі БНФ была прынятая VI-м Зьездам Партыі БНФ 1 сьнежня 2002 г.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Партыя БНФ выступае за пераўтварэньне Беларусі ў парлямэнцкую рэспубліку і за зьмешаную (мажарытарна-прапарцыйную) сыстэму выбараў у парлямэнт.
  • Пасада прэзыдэнта можа быць толькі прадстаўнічай. Кіраўніком выканаўчай улады павінен быць прэм’ер-міністар, якога прызначае парлямэнт.
  • Увядзеньне судоў прысяжных.
  • Органы мясцовага самакіраваньня й кіраўнікі мясцовай выканаўчай улады павінны непасрэдна выбірацца насельніцтвам і распараджацца рэальным бюджэтам.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя БНФ выступае за разьвіцьцё свабоднай рынкавай эканомікі і правядзеньне рэформаў з мэтаю далучэньня Беларусі да ЭЗ. Праграма партыі прадугледжвае:

  • Увядзеньне прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці й зямлю,
  • Лібэралізацыю цэнаў, зьнешнеэканамічнай і валютнай палітыкі,
  • Рэфармаваньне падатковай сыстэмы на карысьць вытворцаў і прадпрымальнікаў.
  • Увядзеньне беларускага талера з доўгатэрміновай мэтай уваходу ў зону эўра.

Сацыяльная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя БНФ за адрасную сацыяльную палітыку, скіраваную на падтрымку неабароненых катэгорыяў насельніцтва за кошт сродкаў дзяржаўнага й мясцовых бюджэтаў пры агульнай скіраванасьці рэформаў на стварэньне новых эфэктыўных працоўных месцаў для працаздольных.

  • Праграма партыі прадугледжвае пераход да сацыяльнага страхаваньня — у першую чаргу пэнсійнага, мэдычнага, на выпадак беспрацоўя.
  • Дзяржава павінна гарантаваць роўны доступ грамадзян да адукацыі. Прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў парушае правы чалавека й павінна быць адмененае ў першачарговым парадку.
  • Партыя БНФ выступае за мэдыцынскія льготы для пэнсіянэраў, падтрымку маладых сем’яў зь дзецьмі.
  • Жыльлёвая палітыка павінна быць зарыентаваная пераважна на будаўніцтва індывідуальнага жыльля. Для забясьпячэньня фінансавых магчымасьцяў такога будаўніцтва павінны быць створаныя спэцыялізаваныя гіпатэчныя банкі.
  • Праграма прадугледжвае фінансаваньне адраджэньня культуры, разьвіцьця нацыянальнае навукі, адукацыі, аховы здароўя.

Гуманітарная й культурная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Палітыка дзяржавы ў навуковай сфэры павінна абмяжоўвацца функцыямі фінансавай падтрымкі вядучых навуковых школаў і кірункаў, што разьвіваюцца на канкурэнтаздольнай аснове. Зьмест і накіраванасьць навуковай дзейнасьці вызначаецца самой навуковай супольнасьцю.
  • Партыя БНФ за вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай і заканадаўчае вызначэньне статусу моваў нацыянальных мяншыняў.

Экалягічная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя БНФ выступае за:

  • вяртаньне да разгляду й ажыцьцяўленьня праграмы кампактнага перасяленьня людзей з раёнаў, забруджаных пасьля Чарнобыльскай катастрофы;
  • вывад зь сельскагаспадарчага карыстаньня ўсіх забруджаных радыяактыўнымі рэчывамі зямель, на якіх немагчыма атрымоўваць чыстую прадукцыю;
  • хутчэйшае далучэньне Беларусі да экалягічных праграмаў Эўрапейскага Зьвязу.

Зьнешняя палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя БНФ выступае за інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO. Супраца з Расейскай Фэдэрацыяй паводле праграмы партыі павінна грунтавацца на падставе «безумоўнае павагі зь яе боку да права Беларусі быць незалежнаю эўрапейскаю дзяржаваю». «Палітыка Беларусі павінна весьці да зьмяншэньня яе манапольнай палітычнай, вайсковай, эканамічнай залежнасьці ад Расеі», гаворыцца ў праграме Партыі БНФ. Прыярытэтам на бліжэйшы час пасьля ўзнаўленьня дэмакратыі Партыя БНФ бачыць супрацу ў рэгіёне Міжмор’я з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі — Украінай, Польшчай, Летувай, Латвіяй.

Меркаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Журналіст Аляксандар Тамковіч ацаніў у верасьні 2010 году, што адной з галоўных праблемаў Партыі БНФ зьяўляецца кіраваньне ўвагі яе дзеячоў на ўнутраныя канфлікты, а не на палітычную барацьбу супраць улады. Гэта вядзе да выключэньня з радоў партыі асобаў з поглядамі рознымі за кіраўніцтва, а ў наступстве, да больш і больш глыбокай маргіналізацыі ўсёй партыі на беларускай палітычнай сцэне[18].

Глядзі таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Старшыня i намесьнiкi старшыні Партыi БНФ. Партыя БНФПраверана 20 лістапада 2022 г.
  2. ^ Вадзім Саранчукоў: Партыя БНФ працягвае працаваць. Радыё РацыяПраверана 20 лістапада 2022 г.
  3. ^ Партыя БНФ працягвае працаваць у Беларусі — Саранчукоў. Эўрарадыё. Праверана 20 лістапада 2022 г.
  4. ^ Potocki R., Vidanava I. Out With the OldTransitions Online.
  5. ^ http://library.fes.de/pdf-files/bueros/belarus/07073.pdf
  6. ^ Палітычныя партыі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь // Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, 2011 г. Праверана 20 кастрычніка 2014 г.
  7. ^ Чаму ў Беларусі не ліквідуюць апазыцыйныя партыі?. Партыя БНФ (19 лістапада 2022). Праверана 20 лістапада 2022 г.
  8. ^ Партыю БНФ ліквідавалі па іску Мінюста. НВ-онляйн (14 жніўня 2023). Праверана 14 жніўня 2023 г.
  9. ^ Юры Дракахруст. Навіны 27 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 27 верасьня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  10. ^ Міхал Пяткевіч. Чым вузейшае кола, тым даўжэйшая назва // Наша Ніва : газэта. — 27 верасьня 1999. — № 24 (145). — С. 1, 3. — ISSN 1819-1614.
  11. ^ Юрась Карпаў. Кастрычнік 1999 // Свойскае агенцтва навінаў і аргумантаў «Вітінфармбюро», 30 кастрычніка 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  12. ^ Альгерд Невяроўскі. Навіны 29 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 29 сьнежня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  13. ^ Структуры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ // Народная партыя Праверана 20 кастрычніка 2014 г.
  14. ^ Партыя Беларускага народнага фронту // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 141. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  15. ^ http://nn.by/?c=ar&i=136879
  16. ^ http://www.svaboda.org/content/article/27215479.html
  17. ^ https://www.svaboda.org/a/28766124.html
  18. ^ Аляксандр Тамковіч: Арытмія, альбо Код супраціву. Смаленск: Родіна, 2012, с. 91. ISBN 978-5887-73562-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]